Вы тут

Чым цікавіўся спецыяліст у галіне старажытнагрэчаскай мовы Міхаіл Кутарга?


За некалькі дзён да смерці вядомы расійскі элініст — спецыяліст у галіне старажытнагрэчаскай мовы і філалогіі — Міхаіл Кутарга (не стала Міхаіла Сямёнавіча 7 чэрвеня 1886 года) на пытанне пляменніка, ці пісаў ён успаміны, адказаў: «Мне часу не ставала займацца падобнай справай, аўтабіяграфіі пішуць людзі, якія жадаюць сябе праславіць, а я займаўся толькі навукай». Аднак быў не да канца шчырым. Захады па высвятленні сваёй радаслоўнай рабіў. І асобныя сабраныя генеалагічныя матэрыялы пакінуў. Няхай іх няшмат, але яны дазваляюць крыху даведацца пра род, да якога належаў.


Міхаіл Кутарга.

Каб стаць прафесарам

Кутаргі прытрымліваліся аседласці і здаўна жылі ў Мсціславе і яго ваколіцах. У ХVІ стагоддзі сярод іх сустракаліся святары праваслаўнай царквы. Гэтай жа веры прытрымліваліся і яго бацькі, ды і ён сам. У пачатку ХІХ стагоддзя Кутаргі ў асноўным належалі да дробных чыноўнікаў. Службоўцам з’яўляўся і яго бацька, які з жонкай жыў у Мсціславе, дзе 24 лютага 1805 года ў сям’і нарадзіўся першынец Сцяпан. Пазней ён стаў вядомым вучоным-прыродазнаўцам, склаў геалагічную карту Пецярбургскай губерні, за што атрымаў Дзямідаўскую прэмію.

Другі сын Міхаіл нарадзіўся 18 ліпеня 1809 года. Сам Сямён Кутарга пражыў няшмат і нямногага дасягнуў. Памёр у 1817 годзе, маючы пасаду губернскага сакратара. З-за адсутнасці звестак (каб жа сюды аўтабіяграфію Міхаіла Сямёнавіча!) немагчыма сказаць, хто і як дапамог братам з маці перабрацца ў сталіцу. Але вядома, што першапачатковую адукацыю Міхаіл атрымаў у 3-й Пецярбургскай гімназіі, а ў 1827 годзе паступіў на славеснае аддзяленне Пецярбургскага ўніверсітэта. 

У гэтым жа годзе студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта стаў і Сцяпан. Вучоба братоў была нядоўгай — года ці паўтара. Правільней прытрымлівацца першага варыянта. Такі тэрмін згадваецца ва ўспамінах колішняга студэнта, пасля гісторыка літаратуры і бібліёграфа Дзмітрыя Языкава. Ён тлумачыць і прычыну, з-за чаго браты так рана развіталіся з альма-матар. 

У лістападзе 1827 года з’явіўся царскі ўказ, паводле якога Міністэрства народнай адукацыі сумесна з Акадэміяй навук мусіла выбраць са студэнтаў найбольш здольных для вучобы ў Дэрпцкім (цяпер Тартускі) універсітэце, а ў перспектыве накіраваць на замежную стажыроўку. 28 ліпеня наступнага года Міхаіл у складзе шасці шчасліўчыкаў, сярод якіх быў і брат, паехаў у Дэрпт. Пры мясцовым універсітэце ствараўся Дэрпцкі прафесарскі інстытут падрыхтоўкі выкладчыкаў для вышэйшых навучальных устаноў. 2 жніўня прайшлі ўступныя экзамены, на якіх Міхаіл атрымаў выдатныя ацэнкі.

Хто шукае — той знаходзіць

Асобныя даследчыкі мяркуюць, што яшчэ падчас вучобы ў Пецярбургскім універсітэце Кутарга плённа займаўся самападрыхтоўкай. Пасля масавага звальнення ў 1821 годзе прафесараў-лібералаў лекцыі на славесным аддзяленні чыталі выпадковыя, слаба падрыхтаваныя выкладчыкі. У новым інстытуце для яго адкрыліся вялікія магчымасці. Значная роля ў складанні навучальных праграм, падборы прафесарска-выкладчыцкага складу належала кіраўніцтву, а ўніверсітэт з 1818 года ўзначальваў найвыдатнейшы гісторык Іаган Філіп Густаў Эверс. Ён за некалькі гадоў згуртаваў вакол сябе ці не лепшы ва ўсёй Расіі педагагічны калектыў.

Аднак на лёс Міхаіла Кутаргі паўплываў прафесар-гісторык Фрыдрых Крузэ, яго непасрэдны выкладчык. Праўда, не адразу па залічэнні. Хоць і быў выбраны прафесарам гісторыі ў сакавіку 1828 года, у Дэрпт прыехаў толькі ў верасні, калі ішлі заняткі. У той час выкладчык, які спазніўся, выконваў свае абавязкі толькі з пачаткам чарговага семестра. 

Фрыдрых Крузэ не належаў да ліку выдатных гісторыкаў першай паловы ХІХ стагоддзя, але з’яўляўся добрым арганізатарам. Любіў свой прадмет, а гэта таксама было на карысць студэнтам, якія вучыліся ў яго. А яшчэ меў уласную навуковую «дзялянку». У даследаваннях не распыляўся, а рэзка звузіў кола навуковых памкненняў. Асноўную ўвагу скіраваў на працу ў галіне грэчаскай старажытнасці. Быў начытаным, глыбока эрудзіраваным чалавекам. 

Адпаведныя патрабаванні прад’яўляў да сваіх выхаванцаў. Як відаць, Кутаргу пашанцавала, бо і ехаў у Дэрпт з намерам займацца ўсур’ёз. А паколькі выкладчык меў схільнасць да даволі вузкай спецыялізацыі (у добрым сэнсе), адпаведным чынам ішло і навучанне. Гэта і дапамагло лёгка выбраць свой кірунак у гістарычнай навуцы.

Кожны са студэнтаў да чарговага семінара браўся за найбольш блізкую яму тэму. Кутарга спачатку напісаў рэферат аб Траянскім царстве. Зрабіў яго настолькі глыбока, з вялікай самастойнасцю, што можна было гаварыць аб першай навуковай працы. Рэферат Крузэ спадабаўся. Ён параіў студэнту для наступнага семестра падшукаць маладаследаваную тэму. Ведаючы, што слаба вывучана жыццё плямёнаў Старажытнай Атыкі, Міхаіл Сямёнавіч прапанаваў гэтую тэму ў якасці будучага рэферата. Наўрад ці ведалі абодва, што з глыбокага даследавання жыцця згаданых плямёнаў і будзе зроблены першы крок Кутаргі да напісання магістарскай дысертацыі.

Атыка падказала... Афіны

Выбраная тэма адкрыла шырокае поле дзейнасці. Старажытная Атыка — вобласць у цэнтры Грэцыі, заселеная яшчэ ў дагістарычныя часы. Першыя жыхары з’явіліся каля 1900 года да н. э. і дасягнулі высокай ступені гаспадарання. Да V стагоддзя да н. э. Атыка ператварылася ў самую развітую вобласць Грэцыі, а ў паўднёвай яе частцы ўзнік горад, што атрымаў назву Афіны.

У рэфераце Міхаіл Сямёнавіч паказаў такія глыбокія веды, што нават у асобных выпадках змог дапоўніць свайго настаўніка. Прынамсі, дапрацаваў карту Старажытнай Грэцыі, створаную перад гэтым Крузэ. Цалкам паверыўшы ў навуковыя магчымасці свайго падапечнага, выкладчык вырашыў падзяліцца з ім некаторымі сваімі новымі, але своечасова не выкарыстанымі распрацоўкамі. Гэта не толькі паспрыяла плённай рабоце. Яна была прадоўжана ў 1831 і 1832 гадах. З разлікам на абарону магістарскай дысертацыі і глыбокую, дэталёвую падрыхтоўку па іншых прадметах.

Магістарскі экзамен здаў у маі 1832 года. Гэты іспыт папярэднічаў непасрэднай абароне дысертацыі. Навуковаму савету яе аддаў у лістападзе, а абарона прайшла ў снежні. Крузэ быў перакананы, што даследаванне варта і доктарскай дысертацыі. Аднак іншыя члены вучонага савета не пагадзіліся. Малады навуковец слаба ведаў старажытныя мовы, найперш латынь, на якой пісаліся рэфераты. У водгуках аб гісторыі Траянскага царства рабіліся заўвагі, што трэба павысіць веды ў гэтым кірунку.

Міхаіл Сямёнавіч па-свойму паставіўся да гэтага. Падаў прашэнне аб адмаўленні ад далейшай спецыялізацыі ў старажытнай гісторыі. Захацеў падрыхтаваць доктарскую дысертацыю па рускай. Адмову не прынялі. У тым жа студзені 1833 года падаў другое прашэнне. Таксама — безвынікова. Але прапанавалі паехаць за мяжу для ўдасканалення ведаў па выбранай спецыялізацыі і адначасова паглыблення іх па класічнай філалогіі.

Навука — справа дзяржаўная

Адправіўся ў сакавіку, а летам, ужо ў Берліне, склаў для сябе камандзіровачны план. На першае месца ставіў наведванне лекцый у мясцовым універсітэце. Удакладніў: «Па меры магчымасці — усіх». Хацеў наладзіць асабістыя кантакты з прафесарамі, каб бліжэй пазнаёміцца з метадамі навучання. Трэцім пунктам значылася праца ў каралеўскай бібліятэцы: знаёмства з неабходнай літаратурай і асабліва з першакрыніцамі.

У камандзіроўцы знаходзіўся два гады. Берлінам не абмежаваўся. Як прызнаваўся, «двухгадовае знаходжанне маё дало мне найкаштоўнейшыя матэрыялы для гэтай справы, асабліва ў бібліятэках Берліна, Вены і Мюнхена...». Сабраныя матэрыялы ляглі ў аснову манаграфіі «Палітычная будова германцаў да VІ ст.» (1837), а праз год увайшлі ў дысертацыю «Пакаленні і саслоўі антычныя». Стаў доктарам філасофіі.

Яшчэ ў 1835 годзе пачаў працаваць выкладчыкам гісторыі ў Пецярбургскім універсітэце, звязаўшы з ім лёс на 34 гады. Не мог не задумвацца аб прызначэнні і ролі гісторыі ў жыцці грамадства. Асноўныя меркаванні выклаў у артыкуле «Аб навуцы і яе значэнні ў дзяржаве». На яго думку, навука немагчыма без належнага нацыянальнага вобліку: «У розных народаў яна ўбіраецца ў розныя формы і як бы накрываецца рознай апраткай». Вельмі асцярожна трэба ставіцца да чужога, прынесенага збоку. Сляпое перайманне таго, што ёсць у іншых народаў, капіраванне яго без уліку сваіх нацыянальных асаблівасцей нашкодзіць самабытнасці ўласнай культуры, уласнай навукі. 

Ён быў перакананы, што запазычанні служаць толькі «вонкавым упрыгажэннем, даюць выгаду жыцця і выклікаюць вокамгненны эфект, па сутнасці ж — бескарысныя і падманлівыя, бо прыкрываюць невуцтва; гэта пазалота, а не чыстае золата. Поспех грамадства залежыць ад самабытнай разумовай дзейнасці, непадзельнай з творчасцю». Належны вынік, жаданы поспех кантактаў з іншымі культурамі, супрацоўніцтва навукоўцаў розных краін прынясе карысць пры ўмове, калі лепшае ў іншых народаў «перапрацаваць, прымяніць да нораваў, звычаяў, рэлігіі, мовы народа (свайго народа. — А. М.), пасеяць і ўзгадаваць навуку на роднай глебе і спалучыць яе з геніем народа, адным словам, зліць з народнасцю».

Асновы, якія не абвяргаюццца

Навуковыя дасягненні, паводле Кутаргі, дадуць шмат, калі вучоны атрымае права выказваць тое, што ён думае, калі яго не будуць абмяжоўваць у такой магчымасці, не стануць яму дыктаваць, як і пра што пісаць: «Няма патрэбы даказваць, што свабода думкі ёсць першая і самая галоўная ўмова, без якой навука не толькі не распрацоўваецца і не працвітае, але наогул не зараджаецца. Навука, як і сам розум, не ведае ні аковаў, ні абмежаванняў, ні прадпісанняў».

Усё сваё жыццё Міхаіл Сямёнавіч быў упэўнены: «Свабода думкі ёсць жыццё, як кажуць, кроў і плоць навук...», а поспех грамадства залежыць ад самога грамадства. Апантана працуючы, падштурхоўваў да гэтага іншых, нагадваючы, што наперадзе некрануты пласт работы. Асабліва ў даследаванні старажытнай даўніны. Не трэба баяцца цяжкасцей, якія могуць узнікнуць. І не варта палохацца, што пра асобныя перыяды гісторыі нібыта не захавалася належных першакрыніц. Было б жаданне працаваць, а астатняе залежыць ад настойлівасці і мэтанакіраванасці.

«Мы думаем, — дзяліўся Міхаіл Кутарга сваімі развагамі, — што гісторыя старажытнага перыяду Грэцыі не ў такой ступені недаступная, як глядзяць на яе цяпер пісьменнікі, якія прысвяцілі сябе яе вывучэнню; што ў аповедах гісторыкаў утрымліваецца ісціна не на вусным паданні, а на сапраўдных гістарычных помніках; што са старажытных часоў існавала ў Грэцыі пісьменнасць, якая дала гісторыкам магчымасць атрымаць станоўчыя дадзеныя; і што разгляд старажытных падзей пацвярджае гэтыя высновы, ніколькі іх не абвяргаючы».

Аднак не з’яўляўся прыхільнікам распаўсюджанай думкі, што гісторыя дзяржавы і гісторыя народа, які жыве ў ёй, тоесныя. Каб студэнты лепш разабраліся ў гэтых стасунках, у плане лекцый прадугледзеў спецыяльную тэму «Адрозненне паміж гісторыяй народа і гісторыяй дзяржавы». Такая пастаноўка пытання — невыпадковая. З’яўляючыся праціўнікам любога прыгнёту, аналізваў яго са старажытных часоў. Першым у сусветнай гістарычнай навуцы пачаў даследаваць становішча рабоў і вольнаадпушчаных. Вынікам стала манаграфія «Гісторыя Афінскай рэспублікі ад забойства Іпарха да смерці Мільтыяда» (1848).


Міхаіл Кутарга быў заснавальнікам Пецярбургскай гістарычнай школы. Першым у Расіі распрацаваў курс усеагульнай гісторыі, напісаўшы выдатныя працы: «Персідскія войны», «Пра гістарычнае развіццё паняцця гісторыі ад старажытнай эпохі на Усходзе да нашых часоў» і інш. Ніколі не забываў пра Беларусь, разам з братам праводзіў вялікую культурна-асветніцкую работу сярод жыхароў Мсціслава і навакольных населеных пунктаў. Апошнія свае гады правёў сярод землякоў у сваім маёнтку Боркі ў Мсціслаўскім павеце.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.