Вы тут

«Паралельныя светы»: убачыць і асэнсаваць


Фотавыстава БелТА «Паралельныя светы» адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Аснову фотапраекта склалі кадры з архіва агенцтва, якія адлюстроўваюць два светы: свет дзяржавы — стваральнай працы і развіцця, і свет апазіцыі — разбурэння і дэградацыі,


«На выставе 17 плакатаў, 17 разважанняў пра два светы і нагоды задумацца. Падбіраючы фота для праекта, мы ў першую чаргу аналізавалі, што зроблена ў нашай краіне ўладай за апошнія тры дзесяцігоддзі і што стала за гэтыя гады з апазіцыяй. Па сутнасці, гэтыя кадры — нішто іншае як наша гісторыя, гісторыя Беларусі апошніх 30 гадоў, захаваных у моманце. Толькі з аднаго боку гэта шлях развіцця, стваральнай працы, захавання і прымнажэння. А з другога — разбурэння і дэградацыі», — адзначыла на адкрыцці выстаўкі генеральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч.

Яна звярнула ўвагу на лозунгі, з якімі, як відаць на фота, выходзіла беларуская апазіцыя: «Дзяржава сацыяльнай не бывае», «Няма дзяржавы — няма праблем» — гэта іх лозунгі. Яны гатовы разбураць любыя асновы. На пачатку свайго шляху яны яшчэ рабілі выгляд, што выступаюць за сацыяльную справядлівасць, але хутка перайшлі да іншых наратываў. Продаж дзяржуласнасці, булінг усіх, хто не з імі, пагрозы нават дзецям! Размахванне зброяй на акцыях пратэстаў і нават падрыхтоўка тэрарыстаў, якім унушаюць, што трэба вярнуцца ў краіну, каб забіваць сваіх жа суседзяў... Усё гэта — не нашы выдумкі, не прыдумкі, гэта фіксацыя факту. Увесь шлях так званай беларускай апазіцыі — на фота, прадстаўленых тут».

Паводле слоў члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук доктара гістарычных навук, прафесара Ігара Марзалюка, фотавыстава «Паралельныя светы» — яскравае сведчанне таго, што абсалютная большасць беларусаў настроена на стваральную працу, пазітыўныя змены ў сваёй краіне. «Мы можам убачыць чорнае і белае, вось гэтую дыхатамію, якая сведчыць аб тым, што не можа быць пазітыўнага парадку дня, калі вы ненавідзіце іншага, — адзначыў ён. — Наша найважнейшая задача — сшываць наш соцыум, умацоўваць яго, знаходзіць агульныя кропкі, а не разрываць, знішчаць».

Народны пісьменнік Беларусі, ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец звярнуў увагу на сюжэт, прысвечаны Чарнобыльскай аварыі. Калі сотні тысяч беларусаў працавалі над аднаўленнем забруджаных земляў, адраджэннем паўнавартаснага жыцця ў родным краі, іншыя стваралі хайп дзеля ўласнай выгады і ўзбагачэнні: «Варта толькі задумацца аб асацыяцыях, якія ўзнікаюць у нас пры згадванні «чарнобыльскага шляху» апазіцыі, і ў свядомасці ўзнікаюць гул пустых лозунгаў, атмасфера агрэсіі і падвойных стандартаў». Гэта адлюстроўвае і фотавыстава БелТА, дзе наглядна паказана, як пераадольваліся цяжкасці пры ліквідацыі наступстваў аварыі. «А таксама тое, як абясцэньваліся ідэі тых, хто яшчэ ў 80-х гадах спрабаваў прыцягнуць увагу да праблемы заражаных зямель», — сказаў на заканчэнне Мікалай Чаргінец.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін расказаў, што, калі БелТА і асабіста кіраўнік агенцтва звярнулася да іх з не вельмі звычайнай прапановай аб правядзенні такой выстаўкі, згода была атрымана адразу. «Гэта супадае з нашым бачаннем таго, што адбываецца, і з нашым разуменнем, як зараз павінны працаваць установы культуры. Тут вы бачыце гісторыю нашай краіны, калі частка нашага грамадства пайшла нейкім паралельным курсам, які завёў іх у тупік», — лічыць Вадзім Гігін. «Мы павінныя ўсведамляць, які шлях прайшла так званая апазіцыя ад палітычных апанентаў улады і нават людзей ва ўладзе, да адкрытых ворагаў народа, экстрэмістаў, якім вынесеныя абгрунтаваныя прысуды. І без гэтага асэнсавання не будзе работы над памылкамі. Як зрабіць так, каб не паўтарылася сітуацыя, калі частка грамадства становіцца на разбуральны для дзяржавы шлях», — падкрэсліў ён.

Фотавыстава БелТА «Паралельныя светы» будзе працаваць на 22-м паверсе (аглядная пляцоўка) Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з 17 па 21 студзеня. Уваход свабодны.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.