Вы тут

Пераможца літаратурнага конкурса: Выдатна, што «Звязда» дае магчымасць заявіць пра сябе


У Мемарыяльнай зале Дома літаратара адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу апавяданняў «Звязды» за 2023 год.


У літаратурным спаборніцтве, якое ладзіць газета, удзельнічаюць сталічныя аўтары і творцы з рэгіёнаў, вядомыя майстры прозы і пачаткоўцы. Нагадаем, сёлета ў тройку лідараў увайшлі Алена Руцкая («Вечар успамінаў», 1-е месца), Алесь Бычкоўскі («Адарка», 2-е месца), Ніна Рыбік («Вясельны ручнік», 3-е месца). Шчыра віншуем пераможцаў! Усім удзельнікам конкурсу дзякуем за праяўлены інтарэс, за любоў да слова. 

Дыпломы і падарункі лідарам творчага спаборніцтва ўручыў намеснік дырэктара РВУ «Звязда» — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Чарота. 

«Не адзін год "Звязда" вядзе гэты конкурс, — адзначыў Аляксей Іванавіч. — Хацеў бы падкрэсліць заўважны рост узроўню апавяданняў, якія перамагаюць. Усе лідары гэтага сезона — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прыемна, што лепшыя празаікі знаходзяцца ў нашай творчай арганізацыі».

А наколькі важная перамога для саміх літаратараў? У чым, на іх думку, запатрабаванасць творчага спаборніцтва?

«Перамога ў конкурсе апавяданняў "Звязды" — гэта прэстыжна, — лічыць Алесь Бычкоўскі. — Для мяне было прыемнай нечаканасцю тое, што мой твор пра сямейную драму выйшаў у лідары, бо пішу я ў асноўным фантастыку. Гэта натхняе і надалей спрабаваць сябе ў рэалістычнай прозе. Мабыць, буду зноў удзельнічаць у конкурсе».

«Перамога для мяне не першая, у гэтым творчым спаборніцтве выходзіла ў лідары і раней, — расказала Ніна Рыбік. — Заўсёды стараюся сачыць за публікацыямі, за новымі імёнамі, якія з’яўляюцца дзякуючы выданню. Выдатна, што газета дае магчымасць літаратарам, маладым і сталым, заявіць пра сябе, бо любая падтрымка для нас істотная. Для пісьменніка важна быць ацэненым, адзначаным».

Тым часам конкурс апавяданняў — 2024 ужо ўзяў старт!

Запрашаем прыняць удзел у нашым творчым марафоне. Апавяданні могуць быць розныя па стылю і тэматыцы, галоўнае — арыгінальнасць і мастацкі ўзровень. Дасылайце вашы творы на электронную пошту іnfо@zvіаzdа.bу альбо на адрас: газета «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10А, Мінск, 220013. Пазначце ў тэме пісьма «На літаратурны конкурс» і дадайце звесткі пра сябе: сапраўдныя прозвішча і імя, дакладны паштовы адрас, адрас электроннай пошты, кантактны тэлефон, пашпартныя даныя. Просьба да тых, хто толькі спрабуе свае сілы ў прыгожым пісьменстве, — раскажыце крыху пра сябе. Абавязковае абмежаванне для ўсіх — аб’ём твора, ён не павінен перавышаць 10-12 тысяч знакаў з прабеламі. 

Найлепшыя з дасланых мастацкіх тэкстаў убачаць свет на старонках «Звязды» на працягу года. З ліку апублікаваных будуць вызначаны пераможцы. Падвядзенне вынікаў — пачатак 2025 года. Так што часу яшчэ багата, але чакаць снежня ўсё ж не варта — рэдакцыі складана за адзін-два месяцы апублікаваць вялікую колькасць тэкстаў, дасланых адначасова.
Творчага плёну, шаноўныя! Чакаем цікавых і разнастайных апавяданняў! 
Алена БРАВА
Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.