Вы тут

Сустрэчы з пісьменнікамі паўвека назад


Заўжды ў асяроддзі паэтаў, празаікаў важнае месца займаюць размовы пра выступленні перад чытачамі. Калі гаварыць сур’ёзна, то гэты клопат — частка літаратурнага выхавання грамадства. А пасля ўжо ў спадарожнікі можна дадаць і іншыя тэмы — рэакцыя розных аўдыторый на гэтыя выступленні, характар падрыхтаванасці і чытачоў і, чаго грэх хаваць, саміх пісьменнікаў, абмеркаванне таго, што важней — траціць час на размовы пра літаратуру і адпаведна пра сваю ўласную творчасць ці працаваць за пісьмовым сталом... А яшчэ ж, асабліва сёння, калі папяровая кніга не карыстаецца ранейшым аўтарытэтам, ранейшай папулярнасцю, існуе прамая залежнасць распаўсюджвання кніжных навінак ад таго, наколькі часта пісьменніка бачыць чытач ўжывую... Словам, пытанні выступленняў, сустрэч пісьменніка з чытачамі — сур’ёзны клопат. 


Фота pexels.com

А вось якая карціна складвалася на гэтым абсягу творчага жыцця, напрыклад, у сярэдзіне 1960-х гадоў? Пра гэта мы зможам даведацца са спаваздачы дырэктара Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР Міхася Чаускага ў аддзел культуры ЦК Кампартыі Беларусі. Дакумент датаваны 30 лістапада 1965 года і знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. 

Міхась Чаускі (1904 — 1984) — беларускі празаік, драматург. Нарадзіўся ў вёсцы Шапілава Жлобінскага раёна, Гомельская вобласць. Празаік, драматург. З 1917 года — наборшчык друкарні ў Жлобіне. Служыў у пагранічных войсках (1926 — 1928). Рэдагаваў газету Плешчаніцкай МТС, газету Мінскага сельскага раёна. Працаваў інструктарам ЦК КПБ, галоўным рэдактарам БелТА. У 1934 — 1937 гг. завочна вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Ленінградзе. У час Вялікай Айчыннай вайны — адказны сакратар газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941 — 1943). У 1943-м — рэдактар сатырычнай газеты Віцебскага падпольнага абкама КП(б) Б «Партызанскае слова». У пасляваенныя гады Міхась Чаускі — намеснік старшыні Камітэта па радыёвяшчанні пры Саўнаркаме БССР (1944 — 1947), затым — галоўны рэдактар, потым загадчык аддзела фельетонаў часопіса «Вожык» (1947 — 1961). У 1964 — 1970 гг. — дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Друкавацца ў рэспубліканскім друку пачаў у 1937 г. Выдаў зборнікі апавяданняў «Крытычны момант» (1954), «Індык на курорце» (1960), «Рука руку мые» (1964), «Чаму ж не смяяцца?» (1969), «Стрэляны Вераб’ёў» (1976), дакументальную аповесць «Фарбамі гневу» (1975, дапоўненае выданне ў 1978). 

З дакладной запіскі ў ЦК КПБ: «Вопыт працы Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР за 1965 год паказаў, што пісьменніцкія выступленні — літаратурныя вечары і сустрэчы ўзмацняюць творчыя сувязі з шырокімі коламі цяперашніх і будучых чытачоў мастацкай літаратуры, пашыраюць непасрэдныя зносіны пісьменнікаў з народам, духоўна ўзбагачаюць і выступаючага пісьменніка і яго аўдыторыю, дапамагаюць ў выхаванні новага чалавека — будаўніка камунізма.» І далей: «З дапамогай партыйных, прафсаюзных і камсамольскіх арганізацый былі падабраны пазаштатныя і грамадскія карэспандэнты-арганізатары. Гэта, у асноўным, людзі, якія маюць непасрэдныя адносіны да літаратуры — пісьменнікі, журналісты — аматары беларускай літаратуры. Апіраючыся на актыў з ліку кнігалюбаў і членаў літаратурных аб’яднанняў, Бюро правяло значную работу па прапагандзе мастацкай літаратуры...»

Якімі ж лічбамі характарызавалася пісьменніцкая праца ў частцы выступленняў..? «Ужо сёлета па пуцёўках Бюро адбылося каля 2000 выступленняў, а іх каля 700 шэфскіх. Адбылося за гэты перыяд не меньш 200 бясплатных выступленняў пісьменнікаў (без пуцёвак Бюро) на канферэнцыях чытачоў, у бібліятэках, кніжных магазінах, школах, тэхнікумах, вышэйшых навучальтных установах, вайсковых часцях...» Міхась Чаускі падкрэслівае, што «выступаўшыя пісьменнікі толькі па пуцёўках Бюро мелі за гэты перыяд па меньшай меры 200-тысячную аўдыторыю. Гэта творчая справаздача вялікай групы пісьменнікаў перад самым строгім і аб’ектыўным калектыўным крытыкам». Атрмыліваецца, што, калі мець на ўвазе папярэднюю інфармацыю пра лічбу ў «2000 выступленняў...», што кожны раз аўдыторыя складала 100 ці каля 100 чалавек... Што таксама з’яўляецца ў пэўнай ступені характарыстыкай арганізацыйнай работы. Сабраць 100 чалавек на сустрэчу дзе-небудзь у вясковай школе ці ў сельскім клубе ў далёкай глыбінцы — гэта не так і проста. 

З запіскі М. Чаускага: «Ёсць нямала сведчанняў добрага кантакту выступаючых пісьменнікаў з аўдыторыяй, нямала добрых водгукаў рабочых чыгуначнікаў, гродзенскіх тэкстыльшчыкаў, Мінскіх аўта- і трактарабудаўнікоў, Гомсельмаша, Полацкіх нафтавікоў, будаўнікоў, раотнікаў лёгкай і мясцовай прамысловасці, бытавых прадпрыемстваў, рабочых саўгасаў, і другіх катэгорый працоўных.»

Дырэктар Бюро прапаганды адзначае, што цікава праходзяць літаратурныя сустрэчы старэйшага паэта-песенніка Адама Русака, што пакідаюць добрыя ўражанні выступленні ў рабочых інтэрнатах паэтаў Артура Вольскага і Святланы Яўсеевай, іх размовы з моладдзю, што добрыя водгукі ідуць аб выступленнях Сяргея Грахоўскага, Уладзіміра Корбана, Русецкага, Бажко, Міколы Аўрамчыка, Спрынчана, Еўдакіі Лось, Карпава, Кулакоўскага, Махнача, Прокшы, Ткачова, Лазнявога, Міхася Скрыпкі, Астрэйкі, Зарыцкага, Калесніка, Міронава, Алеся Савіцкага, Прыходзькі... Па пуцёўках Бюро выступала ў сярэднім 70 пісьменнікаў. Яны ж, падкрэслівае аўтар справадачы аддзелу культуры ЦК КПБ, актыўна выступалі і ў час бясплатных сустрэч і на вечарах. «Пісьменнікі, — піша М. Чаускі, — генерад Аляксееў, Пятрусь Броўка, Іван Шамякін, Максім Танк, Іван Новікаў, Іван Мележ, Алесь Асіпенка, Янка Брыль, Янка Скрыган і шмат якія іншыя пісьменнікі часта выступалі (без пуцёвак Бюро) у бібліятэках, школах і іншых арганізацыях па запрашэнню іх чытачоў. Паспяхова праходзяць сустрэчы з чытачамі Івана Новікава і Рунца, разам з героямі іх кніг». 

Бюро прапаганды разам з клубам Саюза пісьменнікаў арганізоўвае яшчэ і літаратурныя сустрэчы ў клубе пісьменнікаў. Яны ў некаторай ступені носяць «профільны» характар... Чытаем у М. Чаускага: «Добра прайшла сустрэча з выкладчыкамі літаратуры рускай і беларускай мовы, асабліва добра прайшоў вечар сустрэчы з кіраўнікамі мастацкай самадзейнасці. Вялікі інтарэс грамадскасці рэспублікі выклікала Усесаюзная нарада пісьменнікаў-перакладчыкаў, якая адбылася ў сталіцы рэспублікі. Удзельнікі нарады выступілі ў літаратурных вечарах — сустрэчах ва Універсітэце, палацах культуры прафсаюзаў, трактарнага завода, камвольнага камбіната. Гэта былі сапраўдныя інтэрнацыянальныя вечары супрацоўніцтва брацкіх літаратур». 

Безумоўна, у ранейшыя часіны былі пэўныя практыкі, калі праводзіліся Дні нацыянальных літаратур у Беларусі і адпаведна Дні беларускай літаратуры ў розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі, у розных кутках былога Савецкага Саюза. Менавіта вопыт такіх мерапрыемстваў спрыяў і арганізацыі выступленняў пісьменнікаў з іншых рэспублік у Беларусі ў межах самых розных мерапрыемстваў. Варта да інфармацыі М. Чаускага дадаць і тое, што пісьменнікі літаральна з усяго Савецкага Саюза, нават з недалёкіх і далёкіх (В’етнам, Манголія і г.д.) краін былі гасцямі пісьменніцкіх з’ездаў, юбілейных урачыстасцяў, звязаных з ушанаваннем таго ці ці іншага класіка ці нават яркага беларускага пісьменніка-сучасніка. 

М. Чаускі адзначае: «Прапаганда мастацкай літаратуры, як правіла, увязваецца з грамадска-палітычным жыццё нашай рэспублікі і ў прыватнасці з тымі гістарычнымі датамі, якія адзначае наш народ. 

20-годдзю Перамогі над гітлераўскай Германіяй была прысвечана дэкада сустрэч беларускіх пісьменнікаў з працоўнымі Віцебска, Полацка, Оршы. У Віцебскай жа вобласці ў чэрвені месяцы быў праведзены тыдзень літаратурных сустрэч з працаўнікамі сельскай гаспадаркі. На фабрыках, заводах, будоўлях Мінска, Гомеля, Магілёва, Гродна, Брэста прайшлі тэматычныя літаратурныя вечары: “Гэтых дзён не змоўкне слава”, “Вялік подзвіг беларускага народа”, “Пісьменнікі-франтавікі і партызаны і героі іх кніг”. Дні літаратуры праходзілі ў гарадскіх парках культуры і адпачынку. Актыўны ўдзел у тыдні дзіцячай літаратуры прынялі амаль усе дзіцячыя пісьменнікі. Праведзены вечары паэзіі і ў Мінску, Магілёве, Бабруйску, Гродна і інш». Пагадзіцеся, цікавы вопыт і для сённяшніх дзён, хаця і прайшло з таго часу болей паўвека. 

Адно толькі Бюро, канешне ж, не ў стане было б арганізаваць такі шырокі спектр прапагандысцкіх мерапрыемстваў, звязаных з пашырэннем ведання пра сучасны працэс у беларускай літаратуры. Чытаем у дакладной запісцы: «У правядзенні літаратурных сустрэч і вечароў, у прапагандзе мастацкай літаратуры дапамагаюць нам партыйныя, камсамольскія і прафсаюзныя органы. 

Прыклад актыўнага ўдзелу ў нашай рабоце, прыклад для ўсіх органаў кнігагандлю, спажыўкааперацыі і саюздруку паказаў, асабліва ў першы перыяд дзейнасці бюро, Віцебскі аблкнігагандаль і ў прыватнасці яго кіраўнік т. Батурын. Вось што пісаў ён у Саюз пісьменнікаў пасля праведзенай дэкады літаратурных сустрэч: “Выступленні беларускіх пісьменнікаў у цэхах і клубах прадпрыемстваў перад рабочымі, а таксама перад студэнтамі і моладдзю Віцебска, Полацка, Новаполацка, Оршы прайшлі арганізавана і вельмі цікава. У час сустрэчы ўсюды быў наладжаны гандаль кнігай. Усе выданні пісьменнікаў Янкі Брыля, Янкі Скрыгана, Сяргея Грахоўскага, Міколы Аўрамчыка, Ніла Гілевіча, Алеся Савіцкага, Пятра Прыходзькі і іншых разам з аўтографамі набыты ўдзельнікамі вечароў... Вечары паказалі, што такая форма прапаганды кнігі з’яўляецца найбольш удалай, і яе трэба практыкаваць рэгулярна...” І яшчэ — дадае М. Чаўскі: “... Прафсаюз чыгуначнага транспарта — Дорпрафсож Беларускай чыгункі, які аб’ядноўвае трохсоттысячную армію членаў прафсаюза, а таксама кіраўніцтва чыгункі прыдалі вялікае значэнне прапагандзе мастацкай літаратуры. Калі раней перад чыгуначнікамі нашы пісьменнікі амаль не выступалі, цяпер яны частыя госці не толькі ў клубах, але і цэхах дэпо, на ўсіх службах”. 

А якія ж крытычныя стрэлы, недахопы..? Варта зазначыць, што як вопытны чыноўнік Міхась Чаўскі не абмінае праблем, не імкнецца зарэтушаваць рэчаіснасць. »... Ёсць у нас і сур’ёзныя недахопы. Пэўная група пісьменнікаў яшчэ не ўдзельнічае ў нашай рабоце. Не заўсёды мы дабіваемся, каб літаратурны вечар з’явіўся важнай падзеяй і для аўдыторыі і для выступаючых пісьменнікаў. Гэты недахоп у рабоце бюро можна лічыць найбольш сур’ёзным. 

І яшчэ:

Арганізацыі, якія з намі звязаны, жадаюць слухаць выступленні пісьменнікаў не толькі са сваімі творамі. Іх цікавяць і тэматычная накіраванасць літаратурных сустрэч. 

Група пісьменнікаў ужо адгукнулася на нашы прапановы і разам з імі мы падрыхтавалі ўжо тэматычныя выступленні. Вось некаторыя з іх: «Ленін у драматургіі, прозе і паэзіі», «Паэзія барацьбы і працы», «Яго Вялікасць — Савецкі чалавек», «Мая Беларусь», «Пра тых, хто на чужыне», «Пісьменнік і героі яго твораў», «П’еса, рэжысёр, акцёр — спектакль...», «Аўтары новых кніг», «Горад Мінск у творах беларускіхь пісьменнікаў» і г.д. Па некаторых тэмах выпушчаны афішы і адбыліся ўжо выступленні. 

Бюро ставіць перад сабой задачу у будучым годзе мець у кожным раёне грамадскага карэспандэнтіа-арганізатара па прапагандзе мастацкай літаратуры. У бліжэйшы час мы абгаворым на Савеце бюро пытанне аб стварэнні грашовага фонда для прэміравання лепшых грамадскіх карэспандэнтаў-арганізатараў, бібліятэчкамі, складзенымі з лепшых твораў беларускіх пісьменнікаў. 

Работа над тэматычным планам прапаганды мастацкай літаратуры, які супадае з падрыхтоўкай да 50-годдзя Савецкай дзяржавы, 50-годдзя стварэння нашай рэспублікі і стагоддзя з дня нараджэння Леніна падказвае шэраг новых прапаноў, каторыя ў бліжэйшы час будуць абгавораны на Савеце бюро». 

Канешне ж, і аўтара запіскі, і ўвесь склад тых таварышаў, хто ў Саюзе пісьменнікаў быў задзейнічаны на прапаганду мастацкага слова, прапаганду здабыткаў пісьменнікай працы, на арганізацыю выступленняў, хвалявала пытанне якасці сустрэч... З дакладной запіскі: «... нам трэба сур’ёзна падумаць аб тым, каб павелічэнне колькасці выступленняў не адбівалася на якасці і дабіцца такога становішча, каб у далейшым запрашэнне пісьменнікаў арганізацыямі рабілася не для галачкі. Кожны выезд пісьменніка павінен быць апраўданы і мэтазгодным ва ўсіх адноіснах. Зрэшты нельга не лічыцца з тым, што гэта звязана з фінасавымі выдаткамі і затратамі дарагога пісьменніцкага часу. Напрыклад, загадчык Тураўскай бібліятэкі т. Альберсон просіць камандзіраваць цэлую групу пісьменнікаў (пералічваецца 7 пісьменнікаў і др. ...)для ўдзелу ў вечары беларускай паэзіі. У т. Альберсона мабыць і не ўзнікла пытання — навошта такая вялікая група пісьменнікаў дя аднаго вечара і ці не Ефім Макеевіч узяў бы на сябе камандзіровачныя выдаткі, якія складалі б не меньш 300 рублёў нават без “і др.”.

У гэтым напрамку трэба весці настойлівую растлумачальную работу, каб арганізацыі і арганізатары сутрэч разумелі, што ў пісьменнікаў ёсць свае творчыя планы, што трэба шанаваць іх час, а патрабаваць пісьменніка можна толькі тады, калі гэта выклікаецца безумоўнай неабходнасцю...» 

Запіска дырэктара Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР М. Чавускага, складзеная на самым пачатку арганізацыі такой працы, арганізацыі Бюро, — у некаторай ступені і напамін для дзён сённяшніх, для сённяшніх актыўнасцяў пісьменніцкага супольніцтва і тых, хто заклапочаны прапагандай мастацкага слвоа, мастацкай літаратуры. 

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.