Вы тут

«Найлепшае, што можна зрабіць для мамы, — проста прыняць яе такой, якая ёсць»


«Людзі часта звяртаюцца ў газету са сваімі пытаннямі, шукаюць парады. Патрэбна яна і мне, — піша Алена М. з Барысаўскага раёна. — Праблема ў тым, што летась памёр наш тата, мама (ёй 75 гадоў) засталася адна і амаль адразу стала збірацца следам... Яна збыла ўсю гаспадарку (апроч курэй і ката), пастаянна скардзіцца на здароўе, абрывае ўсім тэлефоны і развітваецца... Мы баяліся, што на гэта ёсць нейкія прычыны. Адна з унучак забрала яе ў Мінск, правяла па ўсіх дактарах. Ніякіх хвароб, дзякуй богу, не знайшлі, але... Пераязджаць да некага з дзяцей мама не хоча, заставацца адной — таксама. З ранняй вясны і да позняй восені я (бо жыву найбліжэй) амаль кожны дзень езджу да яе на ровары, цяпер, зімой, хаджу пехатой. Сорамна скардзіцца, але пяць кіламетраў туды і назад — гэта многа... А самае крыўднае, што мы не ведаем, як сябе паводзіць. Спрабавалі, здаецца, усё: суцяшалі і шкадавалі — яна яшчэ болей раскісае і кволіцца, сварыліся — крыўдзіцца, што не разумеем, жартуем — плача... І мы разам з ёй. Парайце, як быць?»


— З падобным пытаннем да мяне звяртаюцца многія кліенты і ўсе, як адзін, жанчыны, — зазначыла сямейны псіхолаг Таццяна Шаранда. — Гэта звязана з нашай, жаночай, ахвярнасцю. З узростам — хочам мы таго ці не, — але нашы бацькі мяняюцца, прычым не толькі знешне: вельмі часта (і не ў лепшы бок) мяняюцца характары. З боку кліентаў шмат скаргаў, што састарэлыя мамы ці таты (а часта абое) сталі без меры патрабавальныя, капрызныя, крыўдлівыя, плаксівыя... Пры гэтым яны, бацькі, нават не заўважаюць, як «выядаюць» сваіх уласных дзяцей. Адна з маіх кліентак расказвала, што мама тэлефануе ёй на работу па дзесяць разоў на дзень: то ціск падняўся, то акуляры згубіла, то ў баку закалола... Дачка ахвяравала сваім асабістым жыццём: кожную вольную хвіліну бегала да мамы. Пакуль сама сур’ёзна не захварэла... І толькі тады маці апомнілася: што ж яна робіць?

Я заўсёды казала і яшчэ раз паўтару: хочаце клапаціцца, падаўжаць жыццё сваім бацькам — спачатку падумайце пра сябе. Гэта не эгаізм, а разумны, правільны падыход у дадзенай сітуацыі. Не паддавайцеся пачуццю віны, якое часта навешваюць састарэлыя, не адкладвайце на нейкае потым клопаты пра сябе, сваіх дзяцей, мужа, не сыходзьце (па магчымасці) з работы, каб цалкам аддавацца догляду. Гэта, як правіла, шлях у нікуды. Прааналізуйце рэальна, што вы зможаце рабіць, а што — не, размяркуйце клопат паміж усімі сямейнікамі, сваякамі і жывіце сваім жыццём, адпачывайце, бо, калі засяродзіцца толькі на ролі выратавальніка, можна выгарэць раней часу ці захварэць. Вядома нямала выпадкаў, калі пажылы чалавек на гады перажываў таго, хто яго даглядаў…

Я цудоўна разумею жанчыну, якая звярнулася ў рэдакцыю. Гэта вельмі цяжка — штодня дабірацца да мамы ў іншую вёску. У мяне самой паралізаваны брат, і мне даводзіцца ездзіць да яго за 20 кіламетраў. Адна я ніколі не справілася б. Мы чаргуемся са сваякамі і карыстаемся паслугамі сацыяльнага работніка. Таму я вельмі раіла б вашай чытачцы заручыцца падтрымкай сацыяльнай службы. Для таго, каб заключыць дагавор, трэба звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання па месцы жыхарства мамы. Прэтэндаваць на клопат сацработніка можа кожны непрацуючы пенсіянер пачынаючы з 60 гадоў. Пры вырашэнні пытання ўлічваюцца медыцынскія паказанні і адсутнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў (яны прапісаны Міністэрствам аховы здароўя). Акрамя таго, такія паслугі аказваюцца людзям з інваліднасцю першай і другой групы незалежна ад узросту.

Што яшчэ можна зрабіць?

Пачну з галоўнага. У пажылых людзей знікае жаданне жыць, яны вельмі часта захворваюць, калі адчуваюць адзіноту, калі разумеюць, што яны нікому не патрэбны.

Таму завядзіце звычку сістэматычна, кожны вечар тэлефанаваць маме і расказваць ёй аб тым, як прайшоў ваш дзень, якія поспехі ва ўнукаў і праўнукаў. Райцеся з ёй па пытаннях работы, выхавання дзяцей, выбары для іх гурткоў і секцый, пытайцеся пра рэцэпты страў і г. д. Можна дамовіцца са сваякамі і па чарзе ладзіць вечаровыя відэасеансы па скайпе. Прасіце маму час ад часу прыглядзець за праўнукамі. Калі яна не супраць, можна прывозіць іх на канікулы.

Яшчэ адной традыцыяй могуць стаць святы, якія добра адзначаць менавіта ў мамы. Не забывайцеся пры гэтым дапамагчы ёй падрыхтавацца, прывезці з сабой прадукты, разам заняцца прыборкай і г. д. Запрашайце пагасціць у сябе, дзякуйце за карысныя яечкі, якія нясуць яе куркі, за вырашчаныя ёй агуркі-памідоры, за закаткі, за вазоны, за перададзеныя рэчы з шафы ці куфра…

Важна, каб маці адчувала сваю незаменнасць, свой аўтарытэт. Ну як жа — у яе пытаюцца, з ёй раяцца, ад яе шмат што залежыць.
Калі мама ўмее вязаць, купіце ёй нітак, папрасіце звязаць унукам ды праўнукам шалікі і шкарпэткі, бо крамныя халодныя, хутка рвуцца і выходзяць з моды. Пры жаданні сярод знаёмых можна знаходзіць кліентаў, каб вязала штосьці на продаж: зробленае рукамі ў гарадах цяпер вельмі цэніцца. Можна дапамагчы асвоіць любое іншае рукадзелле (ручная праца мае тэрапеўтычны эфект, бо калі рукі занятыя, дык і думкі дрэнныя ў галаву не лезуць). Цяпер у інтэрнэце шмат майстар-класаў па пляценні дыванкоў з джуту, дэкупажу з сурвэтак і г. д.

Важна заняць «пустату», якая ўтварылася ў душы і ў доме пасля смерці гаспадара, — змясціць фокус увагі на нешта іншае, паспрабаваць дапамагчы знайсці новы сэнс жыцця. На ўсё гэта патрэбен час, але ж ён і сапраўды лечыць.

Выратаваць ад дэпрэсіі ў такой сітуацыі можа і вера ў Бога. Звычайна пажылыя вяскоўцы з павагай ставяцца да рэлігіі. Было б добра, калі б матуля стала наведваць царкву ці касцёл, альбо каб да яе наведаліся ксёндз ці бацюшка. Яны звычайна вельмі добрыя псіхолагі: умеюць разважыць, супакоіць, настроіць, матываваць на працяг жыцця.

Выпісвайце маці газеты і часопісы, прывозьце цікавыя кнігі (цяпер, дарэчы, у продажы вельмі шмат якасных, матывацыйных па псіхалогіі), падарыце ёй добры вітамінны комплекс. Прыём вітамінаў падтрымае яе фізічна. Можна знайсці ёй добрага псіхолага ці псіхатэрапеўта.

Акрамя таго, ёсць, магчыма, сэнс звазіць маму да спецыяліста, які б патлумачыў, што дэпрэсія і стрэс могуць прывесці да таго, што пачнецца імклівае развіццё дэменцыі, хваробы Альцгеймера, якіх трэба вельмі асцерагацца, асабліва — у пажылым узросце.

Я разумею, што чалавеку немаладому і ў вёсцы, напэўна, цяжка знайсці сапраўдную сяброўку, аднак вельмі важна, каб яна была побач, каб з ёй можна было пагаварыць па душах. Падарыце жанчынам палкі для скандынаўскай хады, каб яны разам гулялі, размаўлялі і дыхалі свежым паветрам. Паспрабуйце арганізаваць пуцёўку ў санаторый: калі ёсць магчымасць адправіць туды з сяброўкай-суседкай, дык і наогул цудоўна!

Дапамажыце маме пашырыць кола зносінаў. Калі яна не супраць дамашніх жывёл, падарыце ёй невялічкага сабачку: з’явіцца клопат пра новага гадаванца.

Калі мама не знаёма з інтэрнэтам, знайдзіце час, дапамажыце ёй разабрацца. Паспрабуйце прапанаваць новае хобі: маляванне, вырошчванне гарбузоў, развядзенне фіялак…

А наогул, найлепшае, што можна зрабіць для мамы, — проста прыняць яе такой, якая ёсць, і дзейнічаць згодна з любоўю. Калі не ведаеце, як сябе з ёй паводзіць, — проста абдымайце, кажыце, што любіце, што яна ў вас самая дарагая…

Дарэчы, абдымайце маму часцей. Гэта выдатны спосаб падтрымкі: калі мы абдымаемся, зніжаецца ўзровень стрэсу, у целе выпрацоўваецца гармон аксітацын, які дапамагае адчуваць больш глыбокую сувязь адно з адным.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Загаловак у газеце: «Абдымайце маму часцей...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.