Вы тут

Беларусь лічбавая


Галіна сувязі і інфарматызацыі ў нашы дні — пастаўшчык самых, мабыць, запатрабаваных паслуг: без іх немагчыма ўявіць сучасны свет. Не будзе перабольшаннем сцвярджэнне, што тым ці іншым наборам паслуг, якія прадастаўляюць прадпрыемствы сувязі краіны, карыстаецца кожны жыхар Беларусі.


Гэта падкрэсліў у ходзе медыя-брыфінгу, прысвечанага вынікам работы галіны ў 2023 годзе і перспектывам развіцця сферы ІКТ нашай краіны, міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шульган.

— Міністэрствам фактычна завершана фарміраванне стымулюючага заканадаўства па лічбавым развіцці, — адзначыў ён. — Гэта ўказы кіраўніка дзяржавы N 136 («Аб органе дзяржаўнага кіравання ў сферы лічбавага развіцця і пытаннях інфарматызацыі») і N 381, а таксама шэраг іншых пастаноў, якія сістэматызавалі падыходы па экспертызе, паказчыках ацэнкі, закупках, іншых пытаннях, якія рэгулююць работу на унутраным лічбавым рынку дзяржавы. Нарматыўная база дае магчымасць укаранення лічбавых праектаў ва ўсіх галінах.

Інструмент яе практычнай рэалізацыі — Праграма лічбавага развіцця на 2021-25 гады.

— З 86 праектаў, якія ўключае дзяржпраграма, 20 ужо завершаны, і астатнія за 2024-25 гады будуць рэалізаваныя, — распавёў Канстанцін Шульган. — У 2023 годзе Міністэрствам выбудавана сістэма прапрацоўкі такіх праектаў праз калегіяльны орган — Савет па праектах у сферы лічбавага развіцця.

—  За мінулы год адбыліся пасяджэнні Савета больш як па 70 пытаннях, якія датычыліся разгляду ініцыятыў, стратэгічных праектаў па лічбавым развіцці, уключаючы пытанні лічбавага суверэнітэту, расказаў кіраўнік галіны. Саветам разгледжана каля 60 лічбавых ініцыятыў, і больш за палову з іх падтрыманы і пачата іх рэалізацыя. У краіне створана і актыўна працуе сістэма з Цэнтра лічбавага развіцця і офісаў цыфравізацыі (гэта прадпрыемствы і падраздзяленні, якія знаходзяцца непасрэдна ў галінах).

У ідэях недахопу няма

Рэгіёны сёння — найбольш актыўныя ўдзельнікі пасяджэнняў Савета, яны даюць усё новыя і новыя ідэі, забяспечваючы наш IT-рынак тымі праектамі, якія неабходны для вырашэння задач па лічбавай трансфармацыі эканомікі ў маштабах усёй краіны, падкрэсліў міністр. Праекты гэтыя цікавыя і сацыяльна значныя, дадаў ён.

Напрыклад, праект «Культурны Мінск» прадугледжвае стварэнне сэрвісаў для аблічбоўкі культурнага жыцця сталіцы. І Мінскам справа не абмяжуецца — праект ахопіць і іншыя гарады. Гэтак жа, як напрыклад, пачаты тры гады таму праект «Мой горад»: першым быў Полацак, а сёння рэсурсам карыстаецца насельніцтва 45 гарадоў Беларусі, уключаючы два абласныя цэнтры, Магілёў і Віцебск, яшчэ 18 гарадоў рыхтуюцца да запуску. Мабільны рэсурс стаў інструментам узаемадзеяння жыхароў з гарадскімі службамі і сервісамі.

Сярод найбліжэйшых перспектыў лічбавага развіцця краіны — улік пасажырапатоку і развіццё сэрвісаў аплаты працы, пабудова маршрутаў і развіццё медыцынскай сістэмы, алічбоўка вытворчых працэсаў і аснашчэнне аграрыяў тэхналогіямі дакладнага земляробства.

"Ажыўшая" марка

— Адзін з найважнейшых напрамкаў — перавод у электронную форму адміністрацыйных працэдур. Гэта дазволіць затрачваць на іх мінімальны час, — распавёў міністр сувязі. — Як прыклад, рэгістрацыя па месцы жыхарства грамадзян Рэспублікі Беларусь і замежных грамадзян, замена страчанага вадзіцельскага пасведчання, улік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама прадастаўленне арэнднага жылля.

Усё — анлайн!

Сярод найбольш значных дасягненняў галіны ў 2023 годзе міністр назваў укараненне Дзяржаўнай адзінай рэспубліканскай сістэмы ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, якая дае магчымасць ажыццяўляць цэнтралізаваны ўлік, захоўванне электронных і пісьмовых зваротаў і адказаў на іх, а таксама кантроль за іх разглядам. Для карыстальніка гэты сэрвіс просты і інтуітыўна зразумелы, але яго распрацоўка патрабавала мноства высокапрафесійных рашэнняў.

— Прастата сэрвісу — толькі знешняя. Карыстальнікамі сістэмы з’яўляюцца ўсе (акруглім лічбу) 10 мільёнаў нашых грамадзян. Уявіце інфармацыйную сістэму, у якой такая колькасць карыстальнікаў! Гэта складаная сыстэма, і яна ўжо працуе. І мы дапрацоўваем яе, улічваючы пажаданні людзей, — падкрэсліў Канстанцін Шульган.

Праект беларускіх «айцішнікаў» на бліжэйшую будучыню — «Разумныя гарады Беларусі». Ужо папулярны сэрвіс «Мой горад» стане адной з яго складовых частак.

— Праца ідзе, ствараецца ядро праекта. Гэта тыпавая рэгіянальная лічбавая платформа, якая будзе маштабавацца па ўсёй краіне, — сказаў міністр. — Сістэма прызначана для таго, каб усе адміністрацыйныя пытанні, і ў цэлым усе пытанні функцыянавання ў дзяржаве вырашаліся праз яе.

Платформа «Разумны горад» будзе ўкаранёна спачатку ў 17 гарадах, а пасля — у маштабах усёй краіны.

«Хваля» і «Мабільны паштальён»

Лічбавая сфера, як ніякая іншая, патрабуе працаваць у сувязі са ўсім мірам. Наша краіна — частка сусветнай лічбавай сістэмы. Таму настолькі важны ўдзел беларускіх спецыялістаў у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў рамках Міжнароднага саюза электрасувязі, дзе вызначаюцца асноўныя моманты развіцця сотавай сувязі і любых інфармацыйных узаемадзеянняў, падкрэслівалі спікеры падчас брыфінгу. У канцы мінулага года беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у Сусветнай канферэнцыі па радыёсувязі ў Дубаі, і інтарэсы нашай краіны былі ўлічаны яе рашэннямі, расказалі на брыфінгу.

Беларусь заслужана знаходзіцца ў ліку краін з развітой лічбавай інфраструктурай. Сёння «Белтэлекамам» эксплуатуецца каля 200 000 км сучасных валаконна-аптычных ліній сувязі (іх працягласці хапіла б, каб 5 разоў апярэзаць па экватары зямны шар). Абанентаў шырокапалоснага доступу ў сетку інтэрнэт у краіне — 12,66 млн. Абаненцкая база сотавай сувязі ў рэспубліцы складае 11,75 млн. Заўважым, што абедзве лічбы — большыя за колькасць жыхароў нашай краіны.

Што да сотавай сувязі, перад галіной стаяць задачы па развіцці тэхналогій і паляпшэнні якасці яе паслуг.

— Сістэма кантролю якасці паслуг рэалізавана на інфармацыйнай платформе хваля.бел, — распавёў Канстанцін Шульган. — Такой сістэмы няма ні ў адной краіне СНД.

З дапамогай мабільнага дадатку «Хваля» абанент можа самастойна ацаніць якасць паслуг свайго сотавага аператара ў пункце прыёму сігналу. Кожны жыхар краіны атрымаў магчымасць паказаць, дзе ёсць праблемы з сотавай сувяззю і мабільным інтэрнетам, каб аператары маглі комплексна вырашаць гэтыя пытанні.

Вынікі 2023 года падводзіць міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шульган

Ну, а праект «Мабільны паштальён» разлічаны ў першую чаргу на больш узроставую катэгорыю карыстальнікаў, каб можна было дайсці да кожнага кліента, і чалавек мог дома атрымаць такія ж паслугі, як у паштовым аддзяленні.

Бліжэйшыя перспектывы

Спецыялісты сферы інфарматызацыі актыўна ўключыліся ў працэс лічбавай трансфармацыі прадпрыемстваў краіны. Ужо ёсць прыклады, якія пацвярджаюць: тыя працэсы, якія раней выконваліся «па-старому», перайшоўшы ў лічбавы фармат, сталі залогам станоўчых вынікаў як у аптымізацыі выдаткаў, так і ў пытаннях якасці. Першая на чарзе — прамысловасць: плануецца пераход прадпрыемстваў краіны на перадавую тэхналогію Індустрыя 4.0. У бліжэйшых планах таксама — прадпрыемствы аграрнага сектара і лічбавае земляробства.

Яшчэ адзін перспектыўны кірунак працы — пераход да тэхналогіі 5G. Паслугамі 4G сёння ахоплена 98,4 працэнта насельніцтва нашай краіны. Падрыхтоўчыя работы па пераходзе на 5G ужо завершаны. У бліжэйшы час усе мы станем відавочцамі таго, як будзе ўкараняцца ў жыццё краіны гэтая тэхналогія.

Не спыняецца і праца па пераводзе ў электронны фармат адміністрацыйных працэдур. Працэс спланаваны, мерапрыемствы ўключаны ў дзяржпраграму, і неўзабаве больш за 400 адміністрацыйных працэдур будуць «алічбаваныя».

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.