Вы тут

Жыццяпісныя эпізоды і творчая спадчына Ядзвігіна Ш


Памятныя даты заахвочваюць больш пільна прыгледзецца да жыццяпісных эпізодаў і творчай спадчыны прызнаных майстроў пяра. 155-годдзе Ядвігіна Ш. (1869–1922) стала добрай падставай прайсціся архіўнымі шляхамі, актуалізаваць ранейшыя дакументальныя здабыткі.


маверны здымак сям’і Лявіцкіх (пісьменніка Ядвігіна Ш.). Пачатак ХХ ст.

Факталагічна спраўджаная біяграфія аўтара першага беларускага рамана фіксавалася не адразу. Працяглы час годам яго нараджэння лічыўся 1868-ы. Не выпадкова ў 1978 г. — да меркаванага юбілею — у гарадскім пасёлку Радашковічы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці быў устаноўлены валун з памятнай шыльдай: «У Радашковічах у 1891 — 1897 г. г. жыў і працаваў памочнікам аптэкара вядомы беларускі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі 1868–1922 гг.)».

На ўрачыстасці прысутнічалі Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс, Яўген Каршукоў, Генадзь Каханоўскі, а таксама Іван Чыгрын, укладальнік кнігі «Ядвігін Ш. Выбраныя творы» (Мінск, 1976), першага найбольш поўнага выдання творчай спадчыны пісьменніка. Пра гэтую падзею ёсць некаторыя зацемкі літаратуразнаўца ў яго персанальным фондзе, што захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі).

У акадэмічнай кніжніцы зберагаецца некалькі лістоў Ванды Лёсік (Лявіцкай) 1962 — 1964 гг., адрасаваных Юльяну Пшыркову, загадчыку сектара рукапісаў і выданняў Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы. Адрасантка з пасёлка Татарка Стаўрапольскага краю адказвала на пытанні мінскага даследчыка, у тым ліку датычныя жыццяпісу яе бацькі — Ядвігіна Ш.

Слядамі знічак

У адной з карэспандэнцый Ванда Антонаўна наракала на тое, што ніякіх дакументаў, рукапісаў пісьменніка не захавалася: «Занадта шмат пературбацый выпала на долю сям’і Лявіцкага, каб можна было гэта захаваць». Пры гэтым падказвала кірунак пошуку, для яе асабіста адкрыты падчас візіту ў Мінск: «У 1959 г. Вл. Фр. Луцэвіч сказала, што ў яе ёсць фатаграфія майго бацькі, але яна недзе заложана дома. Звярніцеся да таго, хто разбіраў пасля яе смерці паперы і фатаграфіі дома. Сёстры Купалы — Марыя і Леакадзія — зналі майго бацьку, пазнаюць і па картачцы».

Чаму гаворка зайшла менавіта пра класіка беларускай літаратуры і яго блізкіх? Ядвігін Ш. адыграў не апошнюю ролю ў творчым лёсе Янкі Купалы, быў адным з першых рэцэнзентаў зборніка «Жалейка» (Пецярбург, 1908). Знакаміты паэт — хросны бацька дзяцей Ванды і Язэпа Лёсікаў...

Запыт у пошуках названага рарытэта ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы станоўчых вынікаў не даў. Але пры гэтым выветлілася, што ў фондах Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва захоўваецца здымак, які працяглы час зберагаўся ў нашчадкаў Максіма Гарэцкага ў Ленінградзе. Ліст Галіны Гарэцкай з Санкт-Пецярбурга ад 5 лістапада 1998 г., адрасаваны ў Аб’яднанне дзяржаўных літаратурных музеяў Рэспублікі Беларусь на імя Зінаіды Кучар, да якога ён быў прыкладзены, сітуацыі не праясніў. На адвароце ёсць подпіс: «Семья Левицких. Ал-др (Ядвигин Ш. — псевдоним)».

Меркаванні архівістаў адносна праўдзівасці ідэнтыфікацыі разыходзяцца, патрэбна дадатковая экспертыза. Сама наяўнасць гэтага здымка ў сямейным зборы пісьменніка, яго захаванасць насуперак неспрыяльным умовам гавораць на карысць значнасці дакумента. Магчыма, знаёмста з ім шырокай аўдыторыі падкажа новыя шляхі праўдзівага ўзнаўлення аднаго з эпізодаў беларускай гісторыі.

Архіўны напрамак

Фарміраванне фонда № 7 «Гарэцкі Максім Іванавіч» пачалося ў 1972 годзе, калі нашчадкі пісьменніка перадалі частку сямейнага збору ў Фундаментальную бібліятэку імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР (53 адзінкі захоўвання за 1905–1935 гг.). Сярод асноўных груп дакументаў былі і матэрыялы біяграфічнага, асабістага характару, у іх ліку адзін здымак М. Гарэцкага з жонкай і дзецьмі (1923 год).

Новае паступленне ў сфарміраваны фонд адбылося ў 1977 г. (66 адзінак). Нешматлікая калекцыя візуальных матэрыялаў папоўнілася фотакопіямі з арыгіналаў 1911–1935 гг.: М. Гарэцкі з маці і братамі, педагогі і навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі, сям’я С. Рак-Міхайлоўскага і інш. У 2009 г. персанальны фонд пісьменніка ў ЦНБ НАН Беларусі павялічыўся на 31 адзінку за кошт фотакопій творчых дакументаў 1913–1930 гг. У пачатку 2000-х сфарміраваўся фонд № 426 «Гарэцкі Максім Іванавіч» у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Пры наяўнасці асобных гарэцказнаўчых калекцый у некалькіх установах краіны сёння можна весці гаворку пра ўключанасць архіўных дакументаў монааўтарскай тэматыкі ў практыку захавання і экспанавання розных культурных праектаў па зберажэнні нацыянальнай спадчыны.

Такім чынам, здымак з фондаў БДАМЛМ з імавернай сям’ёй Ядвігіна Ш. патрапляе ва ўжо існуючую сістэму архіўных збораў. Яго публікацыя заклікана актывізаваць даследчыцкую працу, падключыць да яе эўрыстычны чытацкі пошук.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Фота з фондаў БДАМЛМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.