Вы тут

Загадка «ўпоўненай рукі», альбо Фельетон Вялюгіна


На што толькі не натрапіш, перабіраючы архіўныя дакументы! Вось і я, калі знаёмілася з фондам газеты «Літаратура і мастацтва» ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, напаткала шмат цікавінак. Сярод іх — рукапіс артыкула паэта Анатоля Вялюгіна, надрукаванага ў газеце 9 сакавіка 1957 года. Нядаўні франтавік, малады яшчэ паэт Вялюгін, супрацоўнік «ЛіМа», настроены ваяўніча, бо — «адліга», бо хочацца выказвацца смела, нешта змяняць да лепшага... Жанрава артыкул вызначаўся аўтарам «Замест фельетона», а называўся «Новыя жарты ў эфіры».


Пачатак адразу пераносіць нас у атмасферу тых гадоў:

«У дні першага Усесаюзнага з’езду мастакоў беларускае радыё знаёміць слухача з творчасцю найлепшых магістраў жывапісу і скульптуры Беларусі. Кожную раніцу ў час літаратурнай перадачы мы слухаем нарысы Барыса Усцінава з цыклу „Хараство побач з намі“, надрукаваным у першым нумары часопіса „Полымя“ за гэты год».

Як вы разумееце, жанр фельетона прадугледжвае, што будуць выкрывацца нейкія недахопы... Аднак сарказм аўтара датычыцца не зместу нарысаў Барыса Усцінава, а работы дыктараў, якія іх агучваюць.

«У панядзелак 4 сакавіка а дзевятай гадзіне пачалася перадача нарыса «Шлях мастака» — аб творчасці Валянціна Віктаравіча Волкава. На пачатку апавядаецца, як выглядаў Пецярбург у 1965 годзе, калі там у Акадэміі мастацтваў вучыўся мастак.

Дыктар Іосіф Цвярской, як заўсёды, чытае з пафасам — «Па вуліцах імчаліся рысакі і аўтамабілі, якія толькі што ўвайшлі ў моду, развозячы яснавяльможную дрэў з балёў і абедаў...»

«Штосьці наблытана ў перадачы», толькі падумаў я, як усе жыхары маёй кватэры запыталі:

«— Якая гэта «яснавяльможная дрэў»?

Я падышоў да кніжнай шафы, і пачаў лістаць першы нумар «Полымя». Старонка 129. Вось: «Па вуліцах імчаліся рысакі і аўтамабілі, якія толькі што ўвайшлі ў моду, развозячы яснавяльможную дрэнь з балёў і абедаў...»

Што ж, і сёння ў нас пільная ўвага скіраваная на чысціню абедзвюх дзяржаўных моў, але ці слухаюць усе дзеячы культуры тэматычныя перадачы беларускага радыё? Ці ў эпоху «сеціваратуры», дзе дазволеныя любыя вольнасці з мовай, адсочваюць памылкі, спрабуюць звярнуць на іх увагу, як ваяўніча зрабіў Анатоль Вялюгін у далёкім 1957-м? Чытаем далей…

«А дыктар усё жартаваў:

„Відаць было, што карціна зроблена таленавіта, што напісана „ўпоўненай рукой“...??

Але ў мяне цяпер пад рукою быў арыгінал, і я адразу тлумачыў сваім дамачадцам:

— Не „ўпоўненай рукой“, а „ўпэўненай“?

На працягу трыццаці хвілін я знаходзіўся ў ролі радыётлумача. Часам „жарты“ Іосіфа Цвярскога цяжка было зразумець не толькі з пункту гледжання філалогіі, але і палітыкі, тады мне даводзілася тлумачыць толькі дакладна і сур’ёзна. Дыктар гаварыў аб надыходзячай рэволюцыі. „У народных глыбінях выспявала ідэя вялікага шуму“. Якаясць лухта. Ідэя вялікага шуму? Зноў дапамог часопіс, дзе ўсё зразумела: „У народных глыбінях выспявала ідэя вялікага штурму“.

У дзверы пастукаў абураны сусед:

— Што яны там гародзяць у эфіры“?

— Жах…

— Гэты Цвярской яшчэ так сабе, нішто, сёння толькі дужа блытае. А вось дыктар Асмолава... Я заўсёды выключаю радыё: так калечыць, так калечыць беларускую мову...»

Дарэчы, «палітычная» заўвага Вялюгіна наконт паблытаных «шуму» і «штурму» некалькімі гадамі раней магла мець фатальныя наступствы для дыктара Цвярскога. Памятаеце фільм Андрэя Таркоўскага «Люстэрка», дзе гераіня-карэктарка з шалёнымі вачыма сярод ночы бяжыць у друкарню праверыць рукапіс, бо ёй падалося, што прапусціла памылку? Прыпісалі б Цвярскому шкодніцтва і антысавецкую прапаганду, і ўсё... Але часы змяніліся, у модзе былі вострыя дыскусіі, пасля якіх не ляцелі галовы…

«У друку неаднаразова гаварылася ўжо аб „дзівосах“ і „жартах“ у эфіры, якія часта і шчодра „адпускае“ беларускае радыё. Я занатоўваў новыя, апошнія „жарты“. Хочацца верыць, што яны сапраўды былі ў апошні раз».

Гэтак заканчвае Анатоль Вялюгін свой артыкул.

На жаль, звестак пра дыктараў, якіх паэт згадвае ў сваім фельетоне, у энцыклапедыях няма. Вось пра Валянціна Волкава, народнага мастака Беларусі і заснавальніка цэлай дынастыі беларускіх мастакоў, звестак хапае. Бо хто не ведае ягоную знакамітую карціну «Мінск 3 ліпеня 1944 года», якая адлюстроўвае вызваленне беларускай сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў? Карціну Волкаў скончыў у 1955-м, незадоўга да таго як на беларускім радыё прагучала згаданая Вялюгіным перадача, а ў 1957-м адбылася яшчэ адна важная для Волкава падзея (акрамя таго, што ён удзельнічаў ва Усесаюзным з’ездзе мастакоў і атрымаў званне прафесара) — на Беларусь быў вернуты напісаны ім у 1927 годзе партрэт Максіма Багдановіча, вывезены нацыстамі ў Германію.

Цікава было і пашукаць, хто ж такі згаданы Вялюгіным Барыс Усцінаў, аўтар грунтоўнага нарыса пра Валянціна Волкава? Няма такога мастацтвазнаўцы... Затое ёсць беларускі гісторык мастацтваў, арт-крытык Ізраіль Барысавіч Элентух, які ў 1956 годзе напісаў работу «Валянцін Волкаў». Так што з вялікай верагоднасцю ён і хаваецца пад псеўданімам «Барыс Усцінаў».

Ва ўсім знаходзіш сляды часу…

Але гэта яшчэ не ўсе дзівосы знойдзенага рукапісу. Справа ў тым, што на зваротным баку іншы перакрэслены рукапіс, як можна зразумець, чарнавік перакладу верша, дакладней, часткі паэмы. Почырк відавочна Анатоля Вялюгіна.

«Ай, то не сокал-дальнезор,

Зляцеў з гары ў даліну,

То прыляцеў юнак Раберт

У родную краіну.

На вараным кані сваім

Крыляе ён па краі,

У астатні раз шатландскі люд

Да бою ён склікае.

„Да зброі ўсе! Ці не жыве

Яшчэ адвага ваша?

Кляліся ўмерці ўсе за край,

А дзе ж прысяга наша?

Хто не зарокся вольным стаць,

Няхай ідзе да бою,

Хто помніць славу вольных дзён —

Да зброі! Хто за мною?“

Не згас, не згас шатландскі дух,

Шатландыя паўстане!

У сёмы раз, як першы раз,

Сабраліся сяляне».

Калі зверыць з біябібліяграфічным даведнікам, дзе пералічаныя пераклады Вялюгіна, робіцца зразумелым, што гэта яго пераклад паэмы Лесі Украінкі «Роберт Брус, кароль шатландскі». Рукапіс перакладу з праўкамі, так што можна прасачыць, як паэт шукаў дакладныя словы. Напрыклад, фраза «Кляліся згінуць у баі» ім замененая на «Кляліся ўмерці ўсе за край» — і гэта сэнсава больш трапна і ёміста. Не проста «згінуць» — а за радзіму! Так што і ў сваёй уласнай творчасці Анатоль Вялюгін пільна сачыў за культурай слова. Чаго і нам з вамі, чытачы, застаецца пажадаць.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.