Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» завітала на ўчасткі для галасавання


Адзін з іх пад нумарам 56 знаходзіцца ў сценах магілёўскай гімназіі № 3 па вуліцы Ленінскай, гістарычнае мінулае якой звязана з вядомым вучоным, даследчыкам Поўначы і Паміра, энцыклапедыстам Ота Юльевічам Шмідтам. На ўваходных дзвярах спіс вуліц і дамоў, жыхароў якіх тут чакаюць. Асаблівасць участка ў тым, што за ім замацавана шмат студэнтаў. А яны, як вядома, маюць звычку галасаваць загадзя.


Старшыня выбарчага ўчастка № 56, дырэктар гімназіі Міхаіл Якубук запрашае паглядзець залу для датэрміновага галасавання, дзе можна будзе аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата з 20 да 24 лютага. Яна ўжо цалкам гатовая да прыёму выбаршчыкаў. У асноўны дзень выбараў народ запросяць у больш прасторнае памяшканне. Яно таксама гатовае, напярэдадні яго даабсталююць усім неабходным.

Старшыня камісіі ўдакладняе, што для членаў каманды, якая задзейнічана ў рабоце выбарчай кампаніі, абавязкі не новыя. У гімназіі і ў ранейшыя часы размяшчаўся ўчастак для галасавання, так што алгарытм дзеянняў у цэлым вядомы і зразумелы.

Але кожны ведае, наколькі важнае гэта мерапрыемства, і адрэпеціраваць свае абавязкі яшчэ раз лішнім не будзе. У сувязі з гэтым у гімназіі праводзяцца трэнінгі, на нядаўнім з якіх пабывалі акрэдытаваныя ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам назіральнікі. Яны таксама пажадалі ацаніць ступень гатоўнасці ўчастка да значнай палітычнай падзеі. Члены камісіі правялі ў іх прысутнасці працэс апячатвання урны, абмяркоўвалі, як будзе ажыццяўляцца датэрміновае галасаванне, а таксама працэдура падлікаў галасоў і нявыкарыстаных бюлетэняў.

— Мы аформілі залу ў адпаведнасці з усімі рэкамендацыямі акруговай выбарчай камісіі, — удакладняе старшыня ўчастковай камісіі. — Забяспечана безбар’ернае асяроддзе, устаноўлены пандусы. На бачным месцы знаходзіцца інфармацыя пра тое, што гэта адзіны дзень галасавання і ўпершыню кандыдаты ў дэпутаты абіраюцца адразу па трох узроўнях — у Палату прадстаўнікоў, абласны і гарадскі Саветы дэпутатаў.

На стале пры ўваходзе ў пакой — дэзсродкі і аднаразовыя маскі. Меры бяспекі ў складаны эпідперыяд ніхто не адмаўляў. Па ходзе руху — стэнды з біяграфічнымі данымі кандыдатаў, у зоне дасягальнасці падрыхтаваныя для азнаямлення Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь на трох мовах, Выбарчы кодэкс і памяткі.

— Усім выбаршчыкам, якія сёлета ўпершыню прымаюць удзел у такім адказным мерапрыемстве, будзем уручаць Асноўны Закон Беларусі ў падарунак, — каментуе Міхаіл Якубук. — А такіх у нас 336 чалавек.

Для галасавання прадугледжаны тры кабінкі. Адна з іх — для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Яна шырэйшыя па памерах, каб было дзе развярнуцца на калясцы, а стол для зручнасці зроблены крыху ніжэй.

— Кабінкі адпавядаюць нормам па шырыні і вышыні, — заўважае Міхаіл Якубук. — У кожнай на стале памятка па запаўненні бюлетэня і папераджальная інфармацыя, што відэа- і фотаздымка забаронены. За гэта прадугледжана адказнасць.

Участак забяспечаны камп’ютарам, аргтэхнікай, сейфам, стацыянарным тэлефонам, счытвальнікам для ІD-карт. Выбаршчыкаў з біяметрычнымі пашпартамі становіцца ўсё больш. Да паслуг грамадзян са слабым зрокам — лупы і трафарэты.

Магчыма, хтосьці пажадае азнаёміцца з падрабязнасцямі асвятлення электаральнай кампаніі ў краіне і захоча пагартаць мясцовыя або рэспубліканскія перыядычныя выданні. Калі ласка! Яны ляжаць на палічках у шафе. Побач з карыснай літаратурай.

— Прынцыпова новага нічога не з’явілася, — рэзюмуе Міхаіл Якубук. — Існуе цалкам адпрацаваная схема, і мы яе прытрымліваемся. Адзінае, што памянялася, гэта падыход у афармленні кабінак для галасавання. Пажадана, каб сценкі ў іх былі белага або малочнага колеру, а шторы — чырвонага.

Да датэрміновага галасавання ўжо падрыхтавана празрыстая урна для бюлетэняў. У асноўны дзень іх для зручнасці і большай праходнасці на ўчастку будзе дзве. Для грамадзян сталага ўзросту і тых, хто ў сувязі з захворваннем не зможа наведаць участак, прадугледжаны дзве пераносныя скрыні.

— На 15 лютага трое жыхароў ужо выказалі жаданне прагаласаваць дома, — інфармуе суразмоўнік. — Калі пачнецца датэрміновае галасаванне, народ яшчэ больш актывізуецца.

А 25 лютага, непасрэдна ў Дзень выбараў, на ўчастку будзе не толькі ўрачыста, але і весела. Для выбаршчыкаў тут рыхтуюць змястоўную культурна-забаўляльную праграму і ўмовы для работы выязнога гандлю. Сваёй смачнай прадукцыяй народ будзе частаваць Магілёўскі мясакамбінат. Асноўная пляцоўка для галасавання размесціцца якраз паблізу ад актавай залы і гімназічнай сталовай. Дарэчы, чакаецца, што праз участак № 56 за час выбараў, у тым ліку і ў дні датэрміновага галасавання, пройдзе болей чым 1700 чалавек.

Толькі лічбы

  • Усяго ў Магілёўскай вобласці створана 693 участкі для галасавання.
  • У склад выбарчых камісій увайшлі 7280 чалавек. Гэта грамадзяне, якія добра ўжо знаёмыя з Выбарчым кодэксам і былі вылучаны шляхам падачы заяў, ад грамадскіх або палітычных арганізацый, працоўных калектываў.
  • На адзін дэпутацкі мандат у мясцовыя Саветы дэпутатаў Магілёўскай вобласці практычна па ўсіх акругах прэтэндуе па два кандыдаты ў дэпутаты. Гэта 3602 чалавекі на 1804 дэпутацкія месцы.
  • За ходам выбараў у Магілёўскай вобласці будуць назіраць болей чым 5300 чалавек, акрэдытаваныя пры выбарчых камісіях усіх узроўняў. Акрамя іх, будуць працаваць яшчэ і міжнародныя назіральнікі.

Важна!

Грамадзяне, якія зарэгістраваны па адным адрасе, а збіраюцца галасаваць па іншым, павінны да 24 лютага падысці на найбліжэйшыя ўчастковыя камісіі з пашпартам і дакументам, што пацвярджаюць факт пражывання на дадзеным выбарчым участку — гэта можа быць дакумент куплі-продажу або арэнды жыллёвага памяшкання, камандзіровачнае пасведчанне і гэтак далей — і іх унясуць у спіскі.

Старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Яўген Алекса:

— Пры фарміраванні ўчасткаў для галасавання мясцовыя органы выканаўчай улады зыходзілі з таго, каб яны былі традыцыйныя і ў тых месцах, дзе ўжо існавалі. Каб людзі ведалі, як іх знайсці. Раней кандыдатаў у дэпутаты абіралі паасобна і краіна перманентна знаходзілася ў стане выбараў. Цяпер, у адпаведнасці з папраўкамі ў Канстытуцыю, адзіны дзень выбараў кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя прадстаўнічыя органы будзе праходзіць у апошнюю нядзелю лютага. Асаблівасць у тым, што выбаршчык у Магілёве і Бабруйску атрымае тры віды бюлетэняў, каб прагаласаваць за кандыдата ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў, аблсавет і гарсавет, а ў сельскай мясцовасці — чатыры, каб выбраць яшчэ і дэпутата ў сельсавет.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.