Традыцыйныя погляды на ваенныя канфлікты перажываюць якасныя змены. Спецыяльная ваенная аперацыя, якая праводзіцца Узброенымі Сіламі Расійскай Федэрацыі, працягвае мяняць аблічча сучасных баявых дзеянняў. Новыя тактычныя рашэнні ў спалучэнні з развіццём тэхналогій вайны даюць і нівеліруюць перавагі як тых, хто наступае, так і тых, хто абараняецца. Ва Узброеных Сілах нашай краіны пастаянна аналізуюць тое, што адбываецца на полі бою. У выніку — расстаўляюцца акцэнты на неабходных для Беларусі кампанентах забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Адзін з іх — стварэнне ўмацаваных раёнаў.
У кастрычніку мінулага года Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць наведаў навучальны аб’ект Міністэрства абароны «Вузел супраціўлення». Тады Прэзідэнт азнаёміўся з варыянтам інжынернага абсталявання вузла супраціўлення Кобрынскага ўмацаванага раёна і яго магчымасцямі.
«Загадзя будзем рыхтавацца да абароны сваёй Радзімы на кірунках верагодных нападаў на нашу дзяржаву. Такіх вось цэнтраў будзе некалькі па перыметры нашай мяжы, — заявіў беларускі лідар. — Вопыт сучаснай вайны цалкам намі засвоены».
Сапраўды, падзеі ва Украіне паказваюць, што на напрамках, дзе загадзя абсталяваны вузлы супраціўлення, абарона найбольш устойлівая і наступальныя групоўкі войскаў адчуваюць найбольшыя цяжкасці ў пераадоленні абароны суперніка. Прыклад — украінская Аўдзееўка. Гэты населены пункт вельмі доўга быў наймагутнейшым умацаваным раёнам.
Будаўніцтва вузлоў супраціўлення актыўна набірае тэмпы. Кожны з аб’ектаў абсталёўваецца па апошнім слове ваеннай інжынерыі. Тут і некалькі ліній акопаў з «лісінымі нормамі», і ўтоеныя пазіцыі для баявой тэхнікі з антыдронавымі сеткамі, якія забяспечваюць надзейную абарону ад непажаданых паветраных аб’ектаў. Вакол — добра зарэкамендавалыя сябе перашкоды для цяжкай тэхнікі.
На адным з такіх аб’ектаў у Брэсцкай вобласці актыўна праводзяцца заняткі з падраздзяленнямі механізаваных злучэнняў. Мотастралкі працуюць у фармаце двухбаковага супрацьстаяння. Адно падраздзяленне трымае абарону, задача другога — знайсці выгаднае рашэнне для захопу пазіцый. Такім чынам, камандзіры вучацца думаць і дзейнічаць нестандартна. У манеўрах задзейнічаны танкі, баявыя машыны пяхоты, мінамёты і артылерыя. Ваеннаслужачыя вучацца адбіваць атаку ўмоўнага суперніка, супрацьдзейнічаць ударам беспілотнікаў, весці актыўную абарону.
У сённяшніх, мірных рэаліях, кожны падобны вузел — у першую чаргу навучальны аб’ект. Падраздзяленні з некалькіх брыгад жывуць і рыхтуюцца тут, змяняючы адзін аднаго.
Як расказаў начальнік штаба механізаванага батальёна адной з механізаваных брыгад Заходняга аператыўнага камандавання, траншэі выкапаны такім чынам, каб максімальна аблегчыць задачу абаронцам. Недасведчанаму чалавеку лёгка заблытацца, а на шматлікіх участках штурмавікоў чакаюць непрыемныя сюрпрызы.
— Першапачаткова вузел супраціўлення спраектаваны ў такім месцы, што ўсё ўсюды праглядаецца, таму войскам, якія наступаюць, падысці да гэтага вузла проста ў лоб не атрымаецца — неабходна выкарыстоўваць нейкія меры, каб увесці суперніка ў зман, — рэзюмаваў афіцэр. — Вузел падрыхтаваны да кругавой абароны. Прыблізная даўжыня адкрытых агнявых пазіцый складае ў раёне кіламетра, таксама ёсць закрытыя агнявыя пазіцыі для пяхоты, актыўна выкарыстоўваюцца беспілотныя лятальныя апараты, для карэкціроўкі агню артылерыі.
Асабліва старанна выбраны месцы для гранатамётчыкаў і аператараў установак супрацьтанкавых кіруемых ракет. Знішчэнне варожай тэхнікі, асабліва танкаў, з’яўляецца адной з ключавых задач у баявых дзеяннях, і гэтая новая тактыка надае ёй адмысловую эфектыўнасць. Галоўная ідэя заключаецца ў тым, што пасля кожнага паспяховага знішчэння танка, гранатамётчыкі і аператары ўстановак змяняюць сваю пазіцыю, каб не толькі захаваць уласную бяспеку, але і стварыць дадатковыя непрыемнасці для суперніка. Такі падыход дае магчымасць ваеннаслужачым быць максімальна рухомымі і аператыўна адаптавацца да сітуацыі, якая змяняецца на полі бою.
На найбольш небяспечных кірунках створаны доўгачасовыя агнявыя кропкі з бетону, накрытыя ў некалькі пластоў бярвёнамі і пяском. Унутры ёсць усё неабходнае для таго, каб два кулямётчыкі маглі працяглы час весці абарону, прадугледжана і месца для захоўвання боепрыпасаў.
— Падчас заняткаў на вузле супраціўлення маё падраздзяленне мела няпростую задачу — абараніць апорны пункт ад умоўнага суперніка, — падзяліўся камандзір узвода мотастралковай роты. — Наша мэта была ў тым, каб прадухіліць любое пранікненне суперніка. Наша ўзаемадзеянне з мінамётнай батарэяй дазволіла нам эфектыўна атакаваць ворага і не дапусціць яго да нашых пазіцый.
Адзін з галоўных прынцыпаў пры будаўніцтве такіх збудаванняў — аўтаномнасць. Падраздзяленне, якое размяшчаецца ў раёне, павінна быць забяспечана боепрыпасамі і правізіяй на некалькі месяцаў. Таму на такіх аб’ектах, ёсць і месцы размяшчэння асабовага складу. Байцы жывуць у закапаным вагоне, дзе ёсць плацкартныя месцы. Тут можна адпачываць, прыгатаваць ежу, ёсць для ўласных патрэб і гарачая вада.
... Беларусь не трымае вялікія групоўкі войскаў каля граніц, палохаючы суседзяў. Але нашы Узброеныя Сілы ў выпадку чаго гатовы сустрэць ворага. Менавіта для абароны нашай краіны штодзень трэніруецца армія. І гэтыя намаганні апраўданы, бо створаныя аб’екты абароны адыгрываюць важную ролю ў супрацьстаянні патэнцыйным пагрозам.
Алег НЯКАЛА
Фота аўтара
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».