Вы тут

З якімі пытаннямі грамадзяне звярталіся да Наталлі Качанавай падчас прамой тэлефоннай лініі


У пятніцу, 23 лютага, Старшыня Савета Рэспублікі адказвала на званкі жыхароў многіх рэгіёнаў краіны. Людзі заўважалі, што, прайшоўшы многія інстанцыі і не знайшоўшы дапамогі, вырашылі звязацца са спікерам верхняй палаты парламента. Наталля Іванаўна ўважліва выслухала кожнага, удакладніла, якая канкрэтная дапамога патрабуецца, і дала шэраг даручэнняў кампетэнтным асобам.


Фота: БелТА

Патрэба ў квадратных метрах, нядобрасумленны забудоўшчык і падман

Жыллёвае пытанне на працягу многіх гадоў знаходзіцца ў топе зваротаў насельніцтва да вышэйшых службовых асоб. Не выключэннем стала і прамая тэлефонная лінія, якую праводзіла спікер верхняaй палаты парламента. Дзве сям’і мінчан паскардзіліся на тое, што ніяк не могуць атрымаць ад забудоўшчыка дакументы, якія ўстанаўліваюць правы на ўласнасць. Пенсіянеры з Чашніцкага раёна і з Кобрына пацікавіліся магчымасцю прыватызацыі арэнднага жылля.

Жыллёвае пытанне ніяк не вырашаецца і ў сям’і ваеннаслужачых, якая пераехала ў сталіцу сем гадоў таму. Сужэнцы і іх трое дзяцей вымушаны туліцца ў здымнай малагабарытнай двухпакаёўцы. «А дзеці растуць, становіцца ўсё складаней», — падзялілася Вольга Валер’еўна.

Старшыня Савета Рэпублікі заўважыла, што апошнім часам для ваеннаслужачых будуецца шмат жылля, таму яна не разумее, у чым праблема, што дадзенай сям’і не прапануюць кватэру. З сітуацыяй, як запэўніла спікер, разбяруцца найбліжэйшым часам.

Дапамогі ў паляпшэнні жыллёвых умоў папрасіла і жыхарка Касцюковіч Магілёўскай вобласці. Таццяна Мікалаеўна паведаміла, што разам з мужам і трыма дзецьмі яна жыве ў інтэрнаце. Старэйшае дзіця — інвалід першай групы. Паколькі інвалід дзяцінства стаў паўналетнім, сям’ю знялі з чаргі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Са сваім пытаннем яна ўжо звярталася ў мясцовыя органы ўлады, але атрымала адмоўны адказ. Пры гэтым, як падкрэсліла Таццяна Мікалаеўна, яе сям’я будзе рада і арэнднаму жыллю. Наталля Качанава паабяцала, што кампетэнтным асобам будзе даручана разабрацца, як можна дапамагчы сям’і ў рамках дзеючага заканадаўства.

Святлана Іванаўна з Баранавіч расказала, што яна, як шматдзетная маці, стаяла на чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У 2022 годзе сям’я атрымала ўчастак пад будаўніцтва жылога дома, якое ім пракрэдытавалі. Аднак сталічны забудоўшчык, з якім жанчына заключыла дагавор, не выканаў свае абавязацельствы ў поўнай меры і ўвогуле, са слоў Святланы Іванаўны, павёў сябе нядобрасумленна. У выніку сям’я не мае магчымасці працягваць будаўніцтва.

«Трэба ўважліва вывучыць дагавор, які вы падпісалі, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Паспрабуем выйсці на забудоўшчыка, каб з ім пагутарыць». Пытанне ўзята на кантроль.

Сваёй жыллёвай праблемай са спікерам падзялілася і Таццяна Мікалаеўна. Жанчына разам з сям’ёй жыве ў Мінску. Не так даўно сужэнцы набылі закінутую хату ў Слуцку. «У мяне бацька там пахаваны, таму купілі хату, каб часцей наведваць яго магілу», — патлумачыла жанчына. Аднак з-за гэтай уласнасці, якую ў выніку прызналі жылой, хоць жыць там, па яе словах, увогуле немагчыма, сям’ю знялі з чаргі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Акрамя таго, не могуць яны разлічваць і на дзяржаўную дапамогу ў выглядзе субсідыі.

«Атрымліваецца, я набыла закінутую хату за тысячу беларускіх рублёў, а мяне пазбавілі 65 тысяч беларускіх рублёў субсідыі, — патлумачыла Таццяна Мікалаеўна. — Мяне проста падманулі, бо сказалі, што закінутае жыллё не паўплывае на будаўніцтва. А цяпер мы гэтую хату прадаць не можам, бо ў такім стане яна нікому не патрэбная».

Наталля Качанава паабяцала разабрацца ў гэтым пытанні «Галоўнае — не хвалюйцеся», — дадала яна.

Прага парадку на зямлі і паважлівага стаўлення да дзіцяці

Людміла Іосіфаўна з аграгарадка Крэва Смаргонскага раёна падзялілася сваёй безвыходнай сітуацыяй, як жанчына лічыць. «На працягу пяці гадоў займаюся гэтым пытаннем, магчыма, вы дапаможаце яго вырашыць», — з надзеяй звярнулася яна да Старшыні Савета Рэспублікі.

Жанчына расказала, што побач з яе зямельным участкам знаходзіцца суседскі — закінуты. Грамадзянка паведаміла, што яе сям’я хоча прывесці гэты ўчастак у парадак, тым больш ён не патрэбны яго гаспадыні. Апошняя не супраць прадаць сваю зямлю, але зрабіць гэтага не можа, бо па дакументах уласнікам участка з’яўляецца яе муж, які, па словах заяўніцы, жыве не ў Беларусі.

«Дайце свае каардынаты, мы разбяромся», — папрасіла Наталля Качанава. Яна вітае ініцыятыву Людмілы Іосіфаўны, якая хоча навесці парадак на зямлі. «Вы маеце рацыю: нельга, каб гэты ўчастак быў закінуты», — пацвердзіла спікер.

Надзея Уладзіміраўна з Мазыра паведаміла, што яе дачка была на прыёме ў Наталлі Іванаўны ў верасні.

«Я яе памятаю, — заўважыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Пытанне датычылася здароўя хлопчыка?»

«Так», — пацвердзіла жанчына.

«Калі праблема застаецца, на вас выйдзе асабіста міністр аховы здароўя», — паабяцала спікер і ўдакладніла, ці ёсць да яе яшчэ пытанні.

Надзея Уладзіміраўна паведаміла, што ў сувязі з дыягназам яе ўнука адчуваецца негатыўнае стаўленне да хлопчыка з боку выхавацеляў дзіцячага садка. Наталля Качанава сказала, што дасць даручэнне — і па гэтым пытанні ў райцэнтр выедуць спецыялісты, дзе комплексна разбяруцца ў сітуацыі.

З клопатам аб жывёлах і справядліва да людзей

На прамую тэлефонную лінію звярнулася і жыхарка Брэста Ірына Мікалаеўна, якая прадставілася дырэктарам зоаабарончай арганізацыі. Жанчына з’яўляецца членам рабочай групы па распрацоўцы законапраекта «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», які ўжо ў першым чытанні разгледжаны ў Палаце прадстаўнікоў і абмеркаваны на экспертным савеце пры Савеце Рэспублікі. Заяўніцу хвалюе пытанне з рэгістрацыяй жывёл. Па яе меркаванні, гэты момант вельмі важны ў пытанні прафілактыкі шаленства. Акрамя таго, рэгістрацыя жывёл, як заўважыла Ірына Мікалаеўна, станоўча паўплывала б на сітуацыю жорсткага абыходжання з гадаванцамі.

Наталля Іванаўна ўважліва выслухала заяўніцу і, нягледзячы на тое, што абмеркаванне законапраекта на экспертным савеце ўжо адбылося, паабяцала яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання.

Мінчанка паскардзілася на функцыянаванне пастановы Савета Міністраў № 22 «Аб прызнанні дзяцей тымі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы». Па меркаванні Анастасіі Станіславаўны, гэты дакумент стаў не толькі сродкам уплыву на нядобрасумленных бацькоў, а ў пэўных выпадках — сродкам ціску. Жанчына расказала, што яе з мужам без падстаў абвінавачваюць у неналежным выхаванні дзяцей. 

У сувязі з гэтым супрацоўнікі органаў унутраных спраў і сферы адукацыі праводзяць сацыяльнае расследаванне. Заяўніца прывяла канкрэтныя прыклады, якія абурылі Старшыню Савета Рэспублікі.

Спікер дапускае, што пэўныя перагібы могуць быць, але яна нагадала і іншыя выпадкі, калі з-за недастатковай увагі кампетэнтных органаў да канкрэтных сем’яў здараюцца трагедыі. Адна з апошніх адбылася ў Оршы, калі, па папярэдняй версіі следства, маці забіла сваіх чатырох дзяцей.

Адразу пасля прамой тэлефоннай лініі Наталля Качанава сустрэлася з начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама Міхаілам Грыбам і старшынёй камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэем Стрыгельскім, якім даручана комплексна разабрацца ў гэтым пытанні.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.