Вы тут

Дзень праваслаўнай кнігі ўрачыста адкрылі ў Нацыянальнай бібліятэцы


Па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна ў нашай краіне з 1 па 10 сакавіка пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя Дню праваслаўнай кнігі. Так, 1 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё Дня праваслаўнай кнігі і тэматычны круглы стол. Яшчэ ў сценах галоўнай кніжнай скарбніцы разгарнулася экспазіцыя навінак кнігавыдання Беларускай праваслаўнай царквы за 2023 год і кніг па гісторыі і духоўным жыцці краіны, выпушчаных за апошняе дзесяцігоддзе.


Урачыстыя мерапрыемствы да Дня праваслаўнай кнігі ў Беларускай праваслаўнай царкве праводзяцца з 2011 года і прыменкаваныя да згадвання выдання ў 1517-1519 гадах Францыскам Скарынам першай на усходнеславянскіх землях друкаванай Бібліі і выдання ў 1564 годзе выхадцамі з беларускіх земляў дыяканам Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам кнігі «Апостал», якая стала першай друкаванай кнігай у Маскоўскім царстве. 

Мерапрыемствы з нагоды Дня праваслаўнай кнігі праходзяць у сакавіку ва ўсіх епархіях Беларускага Экзархата, у публічных і царкоўных бібліятэках, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах краіны, а таксама ў духоўных школах Беларускай праваслаўнай царквы. Галоўная мэта святкавання Дня праваслаўнай кнігі — развіццё інтарэсу да духоўнай літаратуры, прывіванне любові да чытання падрастаючаму пакаленню, абазначэнне асаблівай ролі праваслаўных выданняў у жыцці кожнага чалавека. Дзень беларускай кнігі знамянуе прызнанне вялікага значэння духоўнай літаратуры ў маральным выхаванні людзей, у далучэнні іх да тысячагадовай хрысціянскай традыцыі.

Тэмай круглага стала стала супрацоўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы і дзяржавы ў сферы духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі праз праваслаўную кнігу. Прысутныя абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння і выбудоўвання работы, якая будзе накіравана на захаванне, прасоўванне кнігі, на фарміраванне з яе дапамогай каштоўнасцяў, ідэалаў у падрастаючага пакалення. 

Мерапрыемства ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі. Сярод высокіх гасцей — Мітрапаліт Калужскі і Бароўскі Клімент, старшыня Выдавецкага савета Рускай праваслаўнай царквы, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Таксама ўдзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, прадстаўнікі міністэрстваў культуры, інфармацыі, адукацыі, святары, прадстаўнікі дзяржаўных і царкоўных выдавецтваў, рэспубліканскіх, публічных бібліятэк. Далей святкаванне перамесціцца ў Духоўна-асветніцкі цэнтр «Каўчэг» Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску, дзе 2 сакавіка адкрываецца міжнародная выстаўка-форум «Чытаючы горад». Увазе наведвальнікаў прапануюць калекцыю старадрукаваных кніг і рэдкіх выданняў з архіва манастыра, а таксама экспазіцыю «Кніга на Русі» і кніжную кавярню. Госцем праекта «Чытаючы горад» стане выстаўка-форум «Радасць слова» Выдавецкага савета Рускай праваслаўнай царквы, дзе прадставяць асветніцкія ініцыятывы, накіраваныя на развіццё кніжнай культуры і кнігі Выдавецтва Маскоўскага Патрыярхату. 

Акрамя гэтага там будуць праводзіцца майстар-класы па гістарычнай каліграфіі, скрапбукінгу, стварэнню аплікацый і квілінгу. Запланаваны сустрэчы з пісьменнікамі, святарамі і кніжная ярмарка. А пры жаданні можна пазмагацца ў традыцыйным літаратурным квэсце і інтэлектуальным турніры «Царква і руская літаратура ХХ стагоддзя».

Алена ДРАПКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.