Вы тут

Афіцэр жаночага роду


У нашай краіне, напэўна, няма нежаночых прафесій. Нават у справе абароны Айчыны жанчыны даўно зарэкамендавалі сябе як высокакласныя спецыялісты, якім па плячах, нягледзячы на іх далікатнасць, — любыя задачы. Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва служаць у розных падраздзяленнях Узброеных Сіл: нясуць баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне, рыхтуюць для патрульнай, мінна-вышуковай, пошукава-ратавальнай і вышуковай дзейнасці сабак, рэалізуюць сябе ў ваеннай медыцыне, журналістыцы, дасягаюць вяршынь у дыпламатычнай службе, радуюць сваімі поспехамі на спартыўных пляцоўках і надзейна трымаюць абарону ў радыёэфіры. Вялікую работу жанчыны праводзяць і з асабовым складам. Яны не толькі дапамагаюць асвойваць воінскую спецыяльнасць, а і адказваюць за маральны дух калектыву.


Сярод іх — і старшы лейтэнант Наталля Болбас, за плячыма якой 19 гадоў воінскай службы. Апошнія пяць ваеннаслужачая з’яўляецца псіхолагам 483-га асобнага батальёна аховы і абслугоўвання камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Калі Наталля ўпершыню пераступіла парог КПП камандавання, то адразу зразумела — трапіла дадому.

На адаптацыю — два-тры месяцы

У псіхолага батальёна шмат абавязкаў. Асноўны — сачыць за тым, каб салдаты тэрміновай службы як мага хутчэй адаптаваліся да воінскіх умоў. Наталля Болбас дапамагае знайсці пункты судакранання з саслужыўцамі, военачальнікамі, стаць часткай вялікай ваеннай сям’і.

— Ёсць хлопцы, якія ўжо на трэці дзень службы адчуваюць сябе тут як рыба ў вадзе, — кажа старшы лейтэнант. — Іншым, каб прызвычаіцца да новай абстаноўкі, абавязкаў, калектыву, патрабуецца каля паўгода. У сярэднім адаптацыя займае два-тры месяцы. Аднак сустракаюцца і тыя хлопцы, хто ўвогуле не адаптуецца. Такіх вельмі мала: за чатыры з паловай гады маёй службы ў батальёне быў толькі адзін такі салдат.

Сакрэт лёгкай адаптацыі — у індывідуальным падыходзе да кожнага. «Усё залежыць ад таго, што малады чалавек прынёс з сям’і, — заўважае Наталля. — Камусьці не хапае мужчынскіх якасцяў — развіваем. Камусьці — упэўненасці ў сабе, спрабуем прывіць і гэта. Аднак самы вялікі біч у наш час — гэта недахоп камунікацыі. Большасць маладых людзей проста не ўмее размаўляць з навакольнымі. Яны прызвычаіліся ўвесь час сядзець у тэлефонах і камп’ютарах, камунікаваць з дапамогай перапіскі, таму, калі прыходзяць ў армію, ім вельмі цяжка знаходзіць агульную мову адно з адным. Ва ўсіх адна і тая ж просьба: “Дайце мне тэлефон, мне трэба паглядзець, што мне напісалі”. Даводзіцца нанова вучыцца кантактаваць».

Працуе псіхолаг і з пастаянным саставам. У ваеннаслужачых кантрактнай службы — свае запыты. «Іх больш цікавяць праблемы сямейнага характару, — удакладняе афіцэр. — Кагосьці не слухаюцца дзеці, таму просяць парады. Іншыя канфліктуюць з жонкай, шукаюць шлях прымірыцца. Бывае, што вайскоўцы звяртаюцца са службовымі пытаннямі: цікавяцца, як правільна паводзіць сябе ў канкрэтнай сітуацыі з асабовым складам, як дапамагчы хутчэй адаптавацца салдатам».

Калі ў батальён прыходзіць новы афіцэр, псіхолагу неабходна дапамагчы яму знайсці агульную мову як з салдатамі тэрміновай службы, так і з саслужыўцамі, стаць часткай воінскага калектыву. Адным словам, вывучэнне клімату ў падраздзяленні — найважнейшая задача, ад вырашэння якой залежыць многае.

На шляху да мары

З самага дзяцінства Наталля Болбас марыла аб афіцэрскіх пагонах. І гэта не дзіва — расла ў ваенным гарадку. Бацькі хоць і не былі ваеннаслужачымі, але ўсё жыццё працавалі на грамадзянскіх пасадах у воінскай часці, якая размяшчалася ў Стаўбцоўскім раёне. Усюды атачалі людзі ў прыгожай ваеннай форме, і гэта вельмі падабалася дзяўчынцы.

Пасля заканчэння школы яна паступіла ў Мінскі гарадскі педагагічны каледж імя М. Танка, затым скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, дзе асвойвала спецыльнасць «Практычная псіхалогія». Пасля заканчэння навучальнай установы набіралася вопыту ў дзіцячым садку, але лёс усё-такі закінуў туды, куды Наталлі вельмі хацелася.

— Аднойчы ехалі на электрычцы дахаты разам з аднакласніцай, якая служыла ў 15-й зенітнай ракетнай брыгадзе ў Фаніпалі, — узгадвае Наталля Болбас. — Яна паведаміла, што ў воінскай часці ёсць вакансія, і прапанавала прыходзіць на службу. Прыйшла. Узялі. Спачатку была планшэтысткай, хадзіла на баявыя дзяжурствы, затым тэлефаністкай.

Наталля хутка ўцягнулася ў службу. Нават не заўважыла, як у 15-й зенітнай ракетнай брыгадзе праляцелі 15 гадоў. Тут, дарэчы, сустрэла мужа. У сям’і ўжо ваеннаслужачых выхоўваюцца сын і дачка. Менавіта блізкія і падтрымалі Наталлю, калі ёй паступіла прапанова аб службе ў камандаванні Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Тут здзейснілася яе даўняя мара — жанчына атрымала першае афіцэрскае званне.

Па параду да старшага лейтэнанта

Да новага месца службы доўга прызвычайвацца не давялося. Разуменне пастаўленых задач, добрыя адносіны з боку новага калектыву, важнасць даручанай ёй справы паўплывалі на тое, што Наталля гатовая была жыць на службе.

— Калі прыходзіць новае папаўненне, я і цяпер фактычна з імі жыву, — расказвае старшы лейтэнант. — Прыязджаю ў падраздзяленне ў сем раніцы, з’язджаю ўжо пасля адбою. Кожнага трэба вывучыць, прадыягнаставаць.

Ваеннаслужачая прызнаецца, што вопыт, які яна ў свой час атрымала ў дзіцячым садку, ёй спатрэбіўся і ў арміі. «Маленькія дзеці хочуць, каб іх лішні раз абнялі, пацалавалі, пашкадавалі, — кажа псіхолаг. — У арміі дзеці старэйшыя, але часам і іх шкадаваць даводзіцца, дзесьці ўгаворваць. Усе праблемы закладваюцца ў дзіцячым узросце. Гледзячы на салдат, разумееш, як іх выхоўвалі. Думаеш, што з гэтым рабіць, і шукаеш спосаб ім дапамагчы».

На першым этапе салдаты тэрміновай службы недаверліва глядзяць у бок псіхолага. Потым разумеюць, што са старшым лейтэнантам можна падзяліцца набалелым, параіцца. Прычым, як высвятляецца, звяртаюцца не толькі з пытаннямі, якія ўзнікаюць у воінскім калектыве, а і з праблемамі, што ёсць у іх дома. Бывае, што па кансультацыю да псіхолага прыходзяць мамы, сёстры, жонкі і дзяўчаты маладых людзей. Яна не адмаўляе нікому.

Калі мама — ваеннаслужачая

Наталля не хавае: служыць ва Узброеных Сілах жанчыне няпроста. І не па той прычыне, што гэтая прафесія больш мужчынская. «Справа ў тым, што ў жанчыны — шырокае кола абавязкаў дома, — тлумачыць яна. — Як правіла, менавіта на жанчыне — і выхаванне дзяцей, і хатнія абавязкі. Пры гэтым жанчыны-ваеннаслужачыя разумеюць, што ў любую секунду іх могуць выклікаць на службу».

Раптоўныя выклікі мамы на службу або познія яе вяртанні дамоў родныя Наталлі ўспрымаюць з разуменнем. Яе муж да нядаўняга часу сам жыў у такім рэжыме. Сын і дачка з самага дзяцінства прызвычаіліся, што мама і тата — ваеннаслужачыя, а таму працуюць шмат і дома бываюць позна. Калі ведаюць, што бацькі затрымліваюцца, і дома прыбяруць, і вячэру прыгатуюць. Адным словам, растуць добрымі памочнікамі. У выхаванні ўнукаў дапамагае і бабуля.

Наталля Болбас прызнаецца: тая акалічнасць, што муж і жонка працуюць у адной сферы, толькі станоўча ўплывае на іх адносіны. Наталля ўзгадвае гады, праведзеныя ў дэкрэтных адпачынках, калі яна амаль заўсёды была з дзецьмі адна. Здаралася, на службе муж быў і днём, і ноччу. Часта яго не было дома і ў выхадныя, і ў святочныя дні. «Іншая жанчына, магчыма, не вытрымала б такога сямейнага жыцця, — кажа яна. — Але я добра ведала, што такое служба, таму з разуменнем ставілася да таго, што мужа часта не было дома».

Муж Наталлі — афіцэр запасу. Аднак без справы Алег Анатольевіч не сядзіць. З нядаўняга часу працуе ў Мінску, з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні ў адной са сталічных школ, якую, дарэчы, сам некалі заканчваў.

На базе 483-га асобнага батальёна аховы і абслугоўвання таксама функцыянуе ваенна-патрыятычны клуб «Праметэй». Школьнікі яго з задавальненнем наведваюць. Ім цікава дакрануцца да зброі: лепш патрымаць у руках сапраўдны аўтамат, а не цацачны. Тут ім расказваюць пра гісторыю нашай краіны, магчымасці сучаснай арміі.

«Па-першае, гэта добрая форма заняць дзяцей, — лічыць Наталля. — Па-другое, многія з іх чамусьці не хочуць наведваць спартыўныя секцыі, шмат часу праводзяць у тэлефонах. Аднак жывыя зносіны нічым не заменіш. Тут дзяцей вучаць дысцыпліне, выбудоўваць зносіны з равеснікамі і старэйшымі таварышамі. І галоўнае, мы павінны любіць сваю Радзіму, мы проста абавязаны гэта рабіць. І калі мы з ранняга дзяцінства не патлумацым гэта дзецям, то многае страцім. А хочацца, каб у іх была светлая будучыня, блакітнае, чыстае неба над галавой».

Вераніка КАНЮТА 

Фота Кацярыны УРБАН

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.