Вы тут

У Мінску прайшло першае пясяджэнне першай сесіі Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання


Першае пасяджэнне першай сесіі Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання мела арганізацыйны характар. Таемным галасаваннем дэпутаты выбралі Старшыню Палаты прадстаўнікоў і яго намесніка. Прынята рашэнне аб фарміраванні 14 Пастаянных камісій. 


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка

«Выбраны дэпутацкі корпус уяўляе ўвесь зрэз беларускага грамадства»

Распачаў работу першага пасяджэння першай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка. Ëн звярнуў увагу на тое, што выбары ў Палату прадстаўнікоў праводзіліся з улікам маштабных змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, Выбарчага кодэкса і прайшлі ў мірнай, спакойнай абстаноўцы ва ўмовах свабоды, адкрытасці і галоснасці, на альтэрнатыўнай аснове. «Назіранне за ходам падрыхтоўкі і правядзення выбараў ажыццяўлялі 294 міжнародныя і 45 505 нацыянальных назіральнікаў, якія пацвердзілі адпаведнасць выбарчага працэсу нацыянальнаму заканадаўству, а таксама адсутнасць парушэнняў, якія маглі паўплываць на вынікі выбараў», — удакладніў старшыня ЦВК.

1 сакавіка 2024 года Цэнтральная выбарчая камісія ўстанавіла вынікі выбараў, прыняўшы аб гэтым адпаведную пастанову. Выбраны ўсе 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. «У новым складзе Палаты прадстаўнікоў будуць працаваць 20 дэпутатаў папярэдняга склікання, а таксама 27 дэпутатаў мясцовых Саветаў 28 склікання, — канкрэтызаваў Ігар Карпенка. — Сярод выбраных дэпутатаў 33,6% — жанчыны, адзін прадстаўнік моладзі (яму 29 гадоў), самаму старэйшаму дэпутату — 66 гадоў. Значна павялічылася колькасць дэпутатаў, якія з’яўляюцца членамі палітычных партый: калі ў сёмым скліканні быў 21 партыйны дэпутат, то ў восьмым — 70».

Сярод выбраных дэпутатаў: 40% — супрацоўнікі дзяржаўных органаў; 23,6% — прадстаўнікі сферы навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту; 15,5% — работнікі прамысловасці, транспартнай і будаўнічай галін; 7,3% — прадстаўнікі органаў унутраных спраў, структур Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Узброеных Сіл; 2,7% — супрацоўнікі сфер гандлю, бытавога абслугоўвання, ЖКГ.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што традыцыйна беларускія выбаршчыкі актыўна галасавалі за кандыдатаў, якія адбыліся ў прафесіі і пабудавалі паспяховую прафесійную кар’еру. «Так, 56 выбраных дэпутатаў з’яўляліся кіраўнікамі дзяржаўных органаў і арганізацый, 18 дэпутатаў былі намеснікамі кіраўнікоў, 7 чалавек узначальвалі структурныя падраздзяленні арганізацый, — удакладніў ён. — Усе выбраныя дэпутаты маюць вышэйшую адукацыю, 38% маюць дзяржаўныя ўзнагароды, 9% дэпутатаў маюць вучоную ступень і званне. Адным словам, зноў выбраны дэпутацкі корпус уяўляе ўвесь зрэз беларускага грамадства і складаецца з прафесіяналаў у розных сферах жыццядзейнасці, што дасць магчымасць новасфарміраванаму заканадаўчаму органу нашай краіны выконваць свае функцыі на высокім узроўні».

Па прынцыпах пераемнасці і развіцця 

Тайным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў дэпутацкі корпус выбраў Старшыню Палаты прадстаўнікоў. Ім стаў Ігар Сергеенка, які дагэтуль з’яўляўся кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Усе 109 дэпутатаў, якія бралі ўдзел у галасаванні, прагаласавалі за яго кандыдатуру. 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка

Ігар Сергеенка нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Сталіца Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. У 1984 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 2006-м — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 1989 — 2010 гадах служыў на розных пасадах у органах Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У 2010 годзе быў прызначаны начальнікам упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці, а ў 2013-м — першым намеснікам старшыні КДБ Беларусі па контрразведвальнай дзейнасці. У 2014 — 2019 гадах займаў пасаду першага намесніка старшыні КДБ. Са снежня 2019 года — кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Ігар Сергеенка падзякаваў дэпутатам за падтрымку і высокі давер. Ëн нагадаў, што, напярэдадні, выступаючы ў Авальнай зале, Прэзідэнт даў наказ дэпутатам і адзначыў, што ў склад Палаты прадстаўнікоў выбраны годныя людзі, якія маюць сур’ёзны вопыт кіруючай дзейнасці, удзел у эканамічным, грамадска-палітычным жыцці краіны. «Цяпер нам трэба будзе даказаць гэта на справе, — заўважыў нававыбраны спікер. — У сваю чаргу, я прыкладу максімум намаганняў, свайго вопыту і ведаў для таго, каб арганізаваць эфектыўную работу Палаты прадстаўнікоў».

Ад сябе асабіста і ад імя ўсіх прысутных Ігар Сергеенка выказаў шчырыя словы ўдзячнасці за работу Старшыні Палаты прадстаўнікоў чацвёртага, пятага, шостага і сёмага скліканняў Уладзіміру Андрэйчанку. «Пад яго кіраўніцтвам створана сур’ёзная заканадаўчая база, унесены шэраг навацый у развіццё беларускага парламентарызму, — адзначыў спікер. — Тыя задачы, якія ставіліся перад дэпутацкім корпусам, паспяхова вырашаліся Уладзімірам Паўлавічам, адным з самых аўтарытэтных кіраўнікоў нашай краіны».

Ігар Сергеенка нагадаў, што Прэзідэнт даў дастаткова высокую ацэнку рабоце папярэдняга складу парламента, які стварыў сур’ёзны задзел на перспектыву. У сваёй дзейнасці новы Старшыня Палаты прадстаўнікоў мае намер выбудоўваць работу, выконваючы прынцып пераемнасці, захоўваючы і развіваючы ўсё тое, што напрацавана практыкай і досведам. «Тым больш, што цяперашняму складу парламента ўпершыню трэба будзе працаваць у складзе Усебеларускага народнага сходу ўжо ў канстытуцыйным статусе, і неабходна будзе выпрацаваць свой механізм удзелу ў рабоце гэтага органа», — удакладніў спікер. 

«Голас дэпутата павінен гучаць»

Ігар Сергеенка вызначыў першачарговыя задачы, якія бачыць на дадзеным этапе. «Першая — гэта актыўна прыступіць да выканання нашай асноўнай ключавой функцыі — заканатворчай дзейнасці, забяспечыць паслядоўнасць і бесперапыннасць заканатворчага працэсу, якасць прымаемых законаў, — канкрэтызаваў ён. — Другая — захаваць канструктыўнае ўзаемадзеянне з урадам, Саветам Рэспублікі, Адміністрацыяй Прэзідэнта, органамі дзяржаўнага кіравання, наладзіць так званыя гарызантальныя сувязі паміж новымі кіраўнікамі камісіі Палаты прадстаўнікоў і падраздзяленнямі дзяржаўных органаў у адпаведнасці з профілем дзейнасці. Трэцяя — працягнуць распачатую ўсімі дэпутатамі ў электаральную кампанію работу па вывучэнні грамадскай думкі і праблем нашых выбаршчыкаў, удасканальваць у гэтым плане практыку канструктыўнага ўзаемадзеяння з органамі мясцовай выканаўчай улады». Ён падкрэсліў, што разлічвае ў гэтым плане на падтрымку старшыняў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, якія прысутнічалі ў Авальнай зале.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што напярэдадні Прэзідэнтам былі пастаўленыя дакладныя задачы перад Парламентам і органамі ўлады на месцах. «Гэта аператыўна і рашуча рэагаваць на рэзанансныя праблемы ў рэгіёнах, валодаць абстаноўкай, і не проста валодаць, а аказваць на яе ўплыў», — удакладніў спікер.

Сфармуляваў ён і чацвёртую задачу: Парламент з’яўляецца сур’ёзнай пляцоўкай для канструктыўных дыскусій. І ў гэтым плане новы старшыня абазначыў свой падыход: крытыкуючы — прапануйце. «Разлічваю, што падчас сесій будуць прымацца аптымальныя рашэнні ў заканатворчай дзейнасці», — дадаў ён. 

Пятая задача — практыка ўдзелу дэпутацкага корпуса ў інфармацыйна-прапагандысцкай дзейнасці ў рэгіёнах будзе працягнута і будзе ўдасканальвацца. У гэтым плане, па словах спікера, трэба будзе ўзмацніць інфармацыйна-аналітычную дзейнасць непасрэдна Палаты прадстаўнікоў. Без яе, як перакананы Ігар Сергеенка, няма сэнсу гаварыць аб якасці, паўнаце прымаемых рашэнняў.

«Падчас адзнакі працы папярэдняга складу парламента Прэзідэнтам пазначаныя задачы і арыенціры і для нас — прымаць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці рэгіёнаў, — рэзюмаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Голас дэпутата павінен гучаць і на сусветнай арэне, развіваць і далей міжнародныя сувязі, пры неабходнасці даваць адпор і сапернікам, займаючы актыўную дзяржаўную пазіцыю». 

У размове з журналістамі Ігар Сергеенка звярнуў увагу, што самае галоўнае на дадзеным этапе — захаваць пераемнасць у рабоце парламента. «Дэпутаты павінны быць заўважныя, яны павінны па поклічы сэрца, сваёй грамадзянскай пазіцыі быць актыўнымі, іх павінны бачыць, яны павінны быць у гушчы падзей, якія адбываюцца ў рэгіёнах, горадзе Мінску, — перакананы ён. — Упэўнены, што выбаршчыкі вызначыліся з правільным выбарам у сваіх рэгіёнах. У Парламент прыйшлі людзі актыўныя, якія прадстаўляюць розныя прафесіі і галіны, шмат кіраўнікоў, вучоных — людзі прыйшлі з жыццёвым досведам. Упэўнены, што мы будзем знаходзіць тыя рашэнні, якія будуць садзейнічаць далейшаму развіццю нашай краіны».

«Мы не павінны апускаць планку»

Намеснікам Старшыні Палаты прадстаўнікоў выбраны Вадзім Іпатаў. 109 дэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў тайным галасаванні, прагаласавалі за яго кандыдатуру. Да гэтай пасады Вадзім Іпатаў з’яўляўся намеснікам старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, дырэктарам Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь. 

Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў выказаў удзячнасць дэпутатам за тое, што яны падтрымалі яго кандыдатуру. Вадзім Іпатаў нагадаў: задачы перад парламентам пастаўлены кіраўніком дзяржавы. «Да нас створана вельмі сур’ёзная аснова для работы, і мы, вядома ж, не павінны апускаць планку, павінны падхапіць яе і забяспечыць эфектыўную далейшую пабудову прававой сістэмы нашай краіны, — падкрэсліў ён. — Кожны, хто прыйшоў у парламент, кожны дэпутат з’яўляецца прафесіяналам і павінен рэалізаваць сябе па максімуме. На наша пяцігоддзе выпадае важная электаральная кампанія, пачатак работы Усебеларускага народнага сходу. І адна з задач, якая стаіць перад дэпутатамі, у тым ліку, замацаваная ў Канцэпцыі прававой палітыкі, — павышэнне эфектыўнасці рэалізацыі паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу. Мы ўсе з’яўляемся яго дэлегатамі, таму перад намі стаяць вельмі сур’ёзныя задачы».

Падчас пасяджэння было прынята рашэнне аб стварэнні 14 Пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў. Размова ідзе аб Пастаянных камісіях па заканадаўстве; па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце; па нацыянальнай бяспецы; па эканамічнай палітыцы; па бюджэце і фінансах; па аграрнай палітыцы; па экалогіі і прыродакарыстанні; па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі; па адукацыі, культуры і навуцы; па працы і сацыяльных пытаннях; па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы; па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі; па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве; па міжнародных справах. Рашэнне аб тым, хто з дэпутатаў у якой камісіі будзе працаваць, будзе прынята ў бліжэйшы час.

Пра гістарычны фундамент і ролю дэпутатаў у правядзенні канстытуцыйнай рэформы 

Па словах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Гігіна, у дэпутацкую дзейнасць ён уступае з улікам наказаў сваіх выбаршчыкаў. «У першую чаргу, мы павінны адлюстроўваць настроі нашага грамадства, — лічыць парламентарый. — Выступаючы ў Авальнай зале, Прэзідэнт вельмі прадметна, канкрэтна апісаў ролю беларускага парламента ў нашай палітычнай сістэме, і, безумоўна, мы павінны адпавядаць гэтай высокай планцы, якую задаюць наш Прэзідэнт і нашы выбаршчыкі».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Гігін

Па меркаванні Вадзіма Гігіна, новаму складу парламента важна ўлічваць свае традыцыі народаўладдзя. «Вярхоўнага Савета, які тут засядаў, Вярхоўнага Савета БССР, мы памятаем традыцыі беларускіх дэпутатаў Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі, мы памятаем нашы вечавыя традыцыі — усё гэта разам стварае добры гістарычны фундамент», — заўважае ён. 

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Жанна Чарняўская працягвае свае паўнамоцтвы: парламентарый працавала ў складзе сёмага склікання. «Чатыры гады работы ў парламенце — абсалютна іншы вопыт, які вельмі моцна адрозніваецца ад таго, што было ў ранейшай дзейнасці, — кажа дэпутат. — Гэтыя чатыры гады былі не зусім спакойнымі, турбулентнасць была сур’ёзная, што падштурхоўвала нас, як грамадзян рэспублікі і як дэпутатаў парламента, добра папрацаваць. Пачынаючы з пандэмійных перыядаў і 2020 года, калі кожны чалавек для сябе вырашаў, куды ён будзе рухацца і дзе ён будзе. Тут, разам з кіраўніком дзяржавы, вырашаць пытанні, скіраваныя на карысць краіны, або выбера іншы кірунак». 

Жанна Чарняўская адзначае ролю дэпутатаў папярэдняга склікання ў дзейнасці па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, карэкціроўцы заканадаўства ў адпаведнасці з абноўленым Асноўным Законам краіны. «Папярэдняе скліканне пастаралася папрацаваць вельмі добра для таго, каб забяспечыць заканадаўчую базу для цяперашняга склікання і, вядома, усёй краіны, кожнага чалавека, — заўважае парламентарый. — Мы ўсе жывем па законах, наша Канстытуцыя сучасная. У ёй вызначана шмат таго, што дзяржава забяспечвае грамадзянам. Аднак і грамадзяне павінны ў адказ нешта рабіць добрае хаця б для сябе, сваёй сям’і — тады і краіне будзе лягчэй. Нам, дэпутатам восьмага склікання, зразумела, куды мы павінны рухацца». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Дэпутаты пачалі сваю работу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.