Вы тут

Вясельныя традыцыі нашых продкаў


У Ракаўскім прадмесці ў філіяле музея Гісторыі горада Мінска, прысвечаным савецкаму перыяду з гісторыі сталіцы, адкрылася незвычайная выстаўка. Яна знаёміць з вясельнай модай і традыцыямі. Суарганізатарамі праекта выступілі Брэсцкі абласны краязнаўчы музей і Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.


Падобныя «вясельныя» выстаўкі ўжо праходзілі ў іншых гарадах і ў кожным яны дапаўняліся новымі ідэямі. Прадстаўленую Брэсцкім абласным музеем калекцыю сукенак і аксесуараў тут дапоўнілі карціны беларускіх мастакоў і рэчы і дакументы мінчан. У наведвальнікаў выстаўкі ёсць выдатная магчымасць параўноўваць маляўнічыя палотны Леаніда Шчамялёва, якія ён прысвяціў маладым, са старымі фатаграфіямі. Адчуванне, што творы мастацтва сталі таксама адным з дакументальных сведчанняў вясельнай моды і традыцый.

На выстаўцы можна пабачыць акты і пасведчанні аб заключэнні шлюбу, паштоўкі і запрашэнні, рэчы, звязаныя з абрадам вянчання, ручнікі, куфар з пасагам. Але асновай экспазіцыі сталі жаночыя вясельныя сукенкі 1950–2010-х гадоў. Касцюмаў моцнай паловы прадстаўлена мала, яно і зразумела, такіх рэчаў аб’ектыўна менш захавалася, бо хлопцы ў адрозненні ад дзяўчат свае пінжакі і штаны выкарыстоўвалі напоўніцу — адзявалі на любыя ўрачыстасці, хадзілі ў іх на работу.

Ёсць тут і нацыянальныя строі маладых, і нават унікальны строй Лелікаўскай свацці. У вёсачцы, назву якой сёння багата дзе ведаюць дзякуючы адметнай традыцыі, свацці (а іх на вяселлі магло быць і дзесяць) сачылі за парадкам падчас свята. Распазнаць іх можна было па асаблівым убранні на галаве — рожках, якія рабіліся з фарбаванага пер’я пеўня. «Традыцыйнае вяселле ў кожным з рэгіёнаў мела свае асаблівасці, і мы імкнуліся паказаць найбольш яскравыя моманты», — заўважыла падчас адкрыцця выстаўкі намеснік дырэктара па навуковай рабоце Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Вольга Новікава.

Нават ручнікі ў вёсках розных раёнаў маглі рабіць па-свойму. На экспазіцыі прадстаўлены вырабы пачатку ХХ стагоддзя з Лунінецкага, Іванаўскага, Жабінкаўскага раёнаў. 

На апошнім вышыты лебедзі. Наогул, менавіта птушкі (гэта маглі быць і галубы, павернутыя адзін да аднаго, і павы) у нашых продкаў лічыліся сімваламі кахання. Найбольш каштоўным з’яўляецца ручнік з Іванаўскага раёна — ім звязвалі рукі маладых у царкве…

Экспазіцыя дае выдатную магчымасць прасачыць, як мянялася вясельная мода на працягу стагоддзя і як моцна яна залежала ад грамадска-сацыяльнага жыцця.

Дарэчы, белы колер увяла ў вясельную моду англійская каралева Вікторыя, якая выбрала для шлюбнай цырымоніі доўгую крэмавую сукенку. Да яе вяселля з прынцам Альбертам дзяўчаты выходзілі замуж пераважна папросту ў прыгожых строях, часцей чырвонага колеру.

Яшчэ доўгі час белая сукенка была прэрагатывай багатых нявест.

Але паступова яна скарыла свет. Фасоны мяняліся вельмі хутка. Першая сусветная вайна паўплывала на тое, што доўгія строгія сукенкі з закрытым каўняром і вялікімі рукавамі змянілі карацейшыя — да калена. А дапаўняў вобраз нявесты 20–30-х гадоў доўгі вэлюм.

На нашых землях вясельная мода больш яскрава пачала развівацца пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 50-я гады Крысціян Дыёр стварае новы стыль New Look з карункавымі пышнымі спадніцамі, тонкімі таліямі. І не трэба думаць, што беларускім дзяўчатам ён быў незнаёмы. На выстаўцы прадстаўлена сукенка, у якой у 1957 годзе выходзіла замуж дзяўчына ў адной з вёсак Драгічынскага раёна. Такі падарунак ёй даслала цётка з Канады. Пазней гэту сукенку дзесяцігоддзямі апраналі ўсе нявесты з той вёскі, а пасля і ўнучка гаспадыні — на выпускны. Вядома, строй ад Дыёра магла сабе дазволіць не кожная дзяўчына. У большасці сукенкі шылі самастойна — з саціну, бавоўны, нейлону. У 1960-я гады ў Савецкім Саюзе добра прыжылася мода на кароткія, празрыстыя вясельныя сукенкі (з нейлону, крымплену, капрону), пад якія абувалі лакавыя чаравічкі. У 70-я міні змяняецца на максі. У гэты час нявесты насілі вэлюм незвычайнай формы, з бантамі.

У 80-я гады можна было пабачыць пышныя спадніцы, карункі. Не забываемся, што гэта часы дэфіцыту, і нават рэчы для вяселля даводзілася набываць па талонах. Найбольш прадпрымальныя пары стараліся падаць заявы аб рэгістрацыі па месцы жыхарства і жаніха, і нявесты, каб атрымаць больш варыянтаў для выбару сукенкі…

Усё змянілася пад канец 90-х. Прапаноў для нявест стала ў разы больш, і часам у беларускіх салонах можна было знайсці ўбранне не горшае за еўрапейскае.

У наш час вясельная сукенка можа стаць і палатном для мастака, што прадэманстравалі падчас адкрыцця выстаўкі мадэлі з Нацыянальнай школы прыгажосці. Яны прадставілі калекцыю мастачкі Святланы Варабей, якая прызналася, што любіць рабіць малюнкі на сукенках ужывую, без эскізаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Што ўплывала на вясельную моду?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.