Набліжаецца час пасадкі садоў, і многія садаводы-аматары менавіта цяпер вырашаюць абнавіць «асабістую калекцыю». На якія новыя сарты звыклых пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу? І што з «экзотыкі» прапануюць навукоўцы «дачнікам-наватарам»? З гэтымі пытаннямі мы накіраваліся ў Інстытут пладаводства.
Пачнём з традыцыйных для Беларусі культур. Гэта, перш за ўсё, яблыня: яе насаджэнні ў нашай краіне займаюць больш за 80% усіх садовых плошчаў.
— Яшчэ нядаўна выбар сартоў летніх яблынь беларускай селекцыі быў не надта вялікі: «Папіраўка», «Белы наліў», «Елена», — адзначае намеснік дырэктара па інавацыйнай рабоце РУП «Інстытут пладаводства» Віталь Васеха. — Новы сорт «Аксаміт» (ён ужо ўключаны ў Дзяржаўны рэестр, і яго саджанцы можна набыць у нас на гандлёвай пляцоўцы) — адзін з самых ранніх па тэрмінах паспявання яблыкаў: новы ўраджай можна пакаштаваць ужо напрыканцы ліпеня. Да таго ж пры правільным тэрміне збору гэтыя яблыкі нядрэнна захоўваюцца на працягу некалькіх тыдняў.
З правераных часам сартоў яблынь спецыяліст раіць аматарам звярнуць увагу на «Память Сикоры»: яблыкі адрознівае выдатная лёжкасць. Калі склепа ў вас няма (для доўгага захоўвання яблыкам неабходна тэмпература не вышэй за +2 °С), менавіта «Память Сикоры» даляжыць да сакавіка—красавіка.
— Возьмем іншую нашу традыцыйную культуру — ігрушу. Тут, наадварот, існаваў прабел па сартах позняга тэрміну паспявання, — распавядае навуковец. — З цікавых новых сартоў ужо раяніраваны «Завея», які валодае высокім патэнцыялам захоўвання. І літаральна ў 2023 годзе на дзяржаўнае сортавыпрабаванне перададзены новы сорт ігрушы «Калядная», таксама позняга тэрміну паспявання, з высокай дэгустацыйнай ацэнкай. Па вонкавым выглядзе плады гэтага сорту падобныя на вядомы беларускі брэнд «Просто Мария», але, у адрозненне ад яго, у «Каляднай» закладзена добрая лёжкасць ураджаю.
У якасці чагосьці незвычайнага для саду селекцыянеры рэкамендуюць дачнікам звярнуць увагу на сорт ігрушы «Купала» (ён новы, але яго саджанцы ўжо ёсць у продажы). Плады цікавыя сваёй формай — гэтыя грушы круглыя, як яблыкі. Яны летне-восеньскага тэрміну паспявання і дзякуючы незвычайнай для грушы форме, могуць стаць навінкай на вашым стале.
Адзін з ключавых кірункаў, у якіх сёння рухаецца беларуская селекцыя пладовых культур, — костачкавыя.
— Спачатку раскажу аб сартах ужо не новых, але з новым патэнцыялам выкарыстання. Гэта слівы «Венгерка белорусская» і «Кромань». Як паказалі даследаванні, яны прыдатныя для вырабу сухафруктаў, — падкрэслівае вучоны. — Плады выдатна сушацца, у тым ліку ў дамашніх сушылках і ў духоўцы.
Да традыцыйных для Беларусі культур можна аднесці і алычу буйнаплодную. Калі вы хочаце выбраць правераны часам сорт для пасадкі, варта спыніцца на «Камеце», з якой некалі пачалася беларуская селекцыя гэтай культуры. З новых выдатна зарэкамендавалі сябе сарты «Сонейка» з жоўтымі пладамі, а таксама «Ветразь-2» (ружовыя плады). А новы сорт «Лама» мае і чырвоныя плады, і чырвонае лісце — такое дрэўца стане яшчэ і ўпрыгажэннем саду.
— Вядзецца работа з вішняй і чарэшняй, — распавядае Віталь Валер’евіч. — Калі вішня вырошчвалася на беларускай зямлі спрадвеку, то ўжо і чарэшню ў апошнія дзесяцігоддзі з поўным правам можна назваць традыцыйнай для Беларусі культурай. Што датычыцца вішні, я звярнуў бы ўвагу аматараў на такі новы сорт, як «Несвижская». Не ў кожнага садавода ёсць магчымасць праводзіць усё лета на лецішчы. Сёння людзі імкнуцца падабраць сарты, якія патрабуюць мінімальнага догляду, абрэзкі і аховы і пры гэтым гарантуюць ураджай. «Несвижская» — менавіта такая вішня: нават неспрактыкаваны садоўнік не застанецца без ураджаю.
Гаворачы аб чарэшні, нельга не заўважыць, наколькі шырокі сёння асартымент сартоў гэтай культуры ад айчынных селекцыянераў.
— З самых новых — сорт «Беліца», ён пакуль знаходзіцца на дзяржаўным сортавыпрабаванні, — распавядае намеснік дырэктара па інавацыйнай рабоце. — Гэта адзін з найбольш ранніх сартоў чарэшні з жоўтымі пладамі.
Жоўтая афарбоўка чарэшні — «лайфхак» для дачнікаў: гэты колер не такі прыцягальны для ласуноў-птушак, якія любяць чарэшню не менш за людзей. Калі вам да спадобы чарэшня больш звыклай афарбоўкі, выбірайце «Сюбаровская» або «Гасцінец». Гэтыя сарты правераны часам і ідэальна падыходзяць менавіта для аматарскага «фармату» вырошчвання.
Шырокае распаўсюджванне ў апошнія гады ў аматараў атрымлівае бружмель, кажа суразмоўнік. Акрамя таго, што гэта вельмі карысныя ягады, яны яшчэ і самыя раннія: новыя сарты бружмелі выспяваюць ужо ў чэрвені.
— Увагу садаводаў я звярнуў бы на сарты «Сінявокая» і «Зинри». Яны не патрабуюць вялікіх намаганняў і даюць стабільны ранні ўраджай.
З традыцыйных ягадных культур селекцыянеры засяродзілі ўвагу на чорных парэчках. Створаны самыя розныя сарты і па смакавых якасцях, і па тэрмінах паспявання.
— Па чорных парэчках цяпер мы працуем над стварэннем новага сорту, які плануем перадаць на сортавыпрабаванне ў 2026 годзе. Яго будзе адрозніваць высокая прадукцыйнасць і крыху пазнейшыя тэрміны паспявання. Але гэта работа адрасавана ў першую чаргу не садаводам-аматарам, а прамысловасці: сорт будзе прыдатны для механізаванай уборкі. Тут патрабуюцца вызначаныя параметры: адмысловае размяшчэнне ягад на кусце, патрэбная сіла і сухасць адрыву і г. д.
Ну, а дачнікам селекцыянеры рэкамендуюць сарты парэчак «Рагнеда», «Дабрадзея», «Память Вавилова», «Катюша».
Яшчэ адна досыць традыцыйная для Беларусі культура — аронія, яна ж чарнаплодная рабіна. Ягады маюць спецыфічны смак, таму, хоць яны — скарбніца вітамінаў, у свежым выглядзе іх ужывае не кожны. Затое з іх вараць сокі, узвары, робяць віно, а таксама сушаць (лепш за ўсё — папярэдне вымачыўшы ў цукровым сіропе).
Хочаце пасадзіць на сваіх сотках нешта незвычайнае? Можна, напрыклад, зрабіць выбар на карысць актынідыі. Гэта міні-ківі — культура, якая набірае папулярнасць у Еўропе на хвалі цікавасці да здаровага харчавання. Запатрабавана яна і ў нас. Ужо ёсць фермеры, якія заклалі першыя гектары гэтай культуры. Дачнікам актынідыя таксама падыходзіць.
— Расце яна ліянай, плады могуць быць як буйнымі, так і невялікімі, круглымі або авальнымі, на зрэзе — як зялёнымі, так і чырвонымі (усё залежыць ад сорту). Па структуры плады нагадваюць ківі, — тлумачыць суразмоўнік.
Сёння ў нашай краіне раяніравана чатыры сарты актынідыі замежнай селекцыі. Ёсць і беларускі сорт — «Прывабны».
— Культура патрабуе апылення, вось мы і пачалі з «бацькоўскай формы»: «Прывабны» — мужчынская расліна, прыдатная для апылення раяніраваных у нашай краіне сартоў актынідыі, — адзначае навуковец. — Аднаго апыляльніка хапае на 5-6 раслін з жаночым тыпам цвіцення.
Такім чынам, саджаем «Прывабны» і яшчэ некалькі сартоў вакол яго і атрымліваем ураджай. Толькі важна ўлічыць, што актынідыя — ліяна, моцнарослая расліна, і проста на плот вы яе не заплецяце: патрэбна больш устойлівая апора.
— Паколькі мы ўжо загаварылі пра «экзотыку», хачу звярнуць увагу дачнікаў і на яшчэ адну цікавую расліну — хенамелес, ці айву японскую, — дадае спецыяліст. — Плады маюць цікавы смак, падыходзяць для соусаў, марынадаў (вельмі смачна з хенамелесам, напрыклад, марынаваць мяса для шашлыку), а таксама для вырабу цукатаў.
Сёння хенамелес актыўна вырошчваюць у краінах Балтыі, раяніраваны яго сарты і для нашай кліматычнай зоны. Культура даволі ўраджайная, расліну можна фарміраваць як кустом, так і невысокім дрэўцам.
Модны павеў у дачнікаў у апошнія гады — вырошчванне персікаў і абрыкосаў: дзякуючы таму што клімат змяняецца, а кліматычныя зоны зрушваюцца з поўдня на поўнач, сёння і тая, і другая культуры выдатна растуць і даюць ураджай як у цэнтральных рэгіёнах нашай краіны, так, зразумела, і ў паўднёвых.
— Актыўна працуем з персікам, створаны першы беларускі сорт — «Лойка». Акцэнт мы зрабілі на зімаўстойлівасці. Па памерах плады сярэднія, але пытанне вырашаецца рэгуляваннем ураджаю — з яго дапамогай можна атрымліваць і буйныя плады, — кажа вучоны. — Галоўнае, сорт прадэманстраваў высокую зімаўстойлівасць: нават зімой 2021/22 года, калі было два істотныя мінусы ў лютым (аж да −27 оС), «Лойка» выстаяў. Сарты персіка замежнай селекцыі, распаўсюджаныя ў нашай краіне, валодаюць значна меншым патэнцыялам устойлівасці да зімовых стрэсаў.
Навукоўцы абяцаюць садаводам-аматарам праз некалькі гадоў яшчэ адзін, з буйнейшымі пладамі, і пры гэтым настолькі ж зімаўстойлівы сорт персіка. А абрыкосы беларускай селекцыі ўжо прадстаўлены цэлай лініяй — «Дэбют», «Камея», «Лявон». Першы ўжо раяніраваны, два астатнія пакуль на сортавыпрабаванні. Усе тры прыстасаваныя для нашых кліматычных умоў.
Калі казаць пра дачнікаў, яны сёння аддаюць перавагу сартам, якія, як ужо гаварылася, патрабуюць мінімальных укладанняў працы, але гарантуюць ураджай, пацвярджае і Тамара Грушава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гадавальнікаводства РУП «Інстытут пладаводства». Памятаючы пра гэта, селекцыянеры ствараюць для прысядзібнага сектара максімальна адаптыўныя сарты, устойлівыя да хвароб і шкоднікаў.
З Тамарай Пятроўнай накіроўваемся на гандлёвую пляцоўку інстытута, дзе прадаюць саджанцы і дзе нават раніцай у панядзелак ёсць пакупнікі.
— Садаводам-аматарам трэба пасадзіць нешта летняе, нешта восеньскае і нешта зімовае, каб захоўвалася, — тлумачыць навуковы супрацоўнік. — І мы стараемся даць ім шырокі выбар сартоў пладовых дрэў пад гэты запыт. Улічваем густы і пажаданні і ў афарбоўцы пладоў, і ў іх смакавых якасцях. Едуць да нас і «за экзотыкай», але ўсё ж больш запатрабаваныя пакуль менавіта традыцыйныя культуры — яблыні, вішні, слівы... Нельга не заўважыць, што апошнім часам набірае папулярнасць ігруша, а таксама чарэшня. З ягадных культур попытам карыстаюцца парэчкі, маліны, суніцы садовыя (клубніцы) і буякі. Але сёлета аматары актыўна набываюць саджанцы бружмелі. Буякі патрабуюць увагі і догляду, а бружмель можа хоць 30 гадоў расці і даваць плады, практычна нічога не патрабуючы.
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць. Асабліва важна зрабіць правільны выбар вясной, — кажа Тамара Пятроўна. — Калі зімой саджанцы захоўваліся няправільна, яны могуць быць пашкоджаны марозам або мышамі.
Як праверыць якасць саджанца перад пакупкай?
— Перш за ўсё, ацэньваем ствол. Ён павінен быць выспелы, мець буйныя, здаровыя пупышкі. Ні драпін, ні расколін, ні маршчын на кары быць не павінна. Ствол гладкі і прыгожы — хутчэй за ўсё, саджанец здаровы, — тлумачыць суразмоўніца.
Але гэта — толькі першае ўражанне. Праверку трэба прадоўжыць.
— Ні адзін добрасумленны прадавец не пабаіцца скарыстацца секатарам, — падкрэслівае спецыяліст. — На ствале трэба зрабіць надрэз — усё роўна саджанец будзе абразацца пры пасадцы (да 80–90 см яблыня і да 90–100 см сліва).
Надрэз павінен быць зялёным: гэта паказвае, што саджанец жывы. Калі надрэз сухі і карычневы, ад пакупкі лепш адмовіцца.
— Пераходзім да каранёвай сістэмы, — працягвае Тамара Пятроўна. — Карані павінны быць светлымі, разгалінаванымі, «касматымі», без адрываў, абломаў, слядоў зубоў грызуноў. Сагніце карэньчык. Калі ён сухі, храбусціць і ламаецца — карані мёртвыя. Жывыя карані пругкія і вільготныя.
І яшчэ адна парада ад спецыяліста — набывайце саджанцы, якія да рэалізацыі знаходзяцца толькі з закрытай каранёвай сістэмай, то-бок прысыпанай зямлёй. Важна не забыцца ацаніць і месца прышчэпкі: пры сумяшчальнасці прышчэпка і прышчэпы там няма наплываў або «валіка».
Не лішнім будзе пры набыцці саджанцаў таксама азнаёміцца з дакументамі, якія прадавец мае на свой тавар. Яны павінны быць выдадзены насеннай інспекцыяй і пацвярджаць, па-першае, адпаведнасць саджанцаў заяўленаму сорту, і, па-другое, іх адпаведнасць патрабаванням да пасадачнага матэрыялу дадзенай культуры. Гэта і вышыня, дыяметр ствала на пэўным узроўні ад месца прышчэпкі і наяўнасць патрэбнай колькасці разгалінаванняў (калі такое прапісана для якой-небудзь культуры), і даўжыня каранёў.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».