Вы здесь

Сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі можна напісаць уласны твор


На першым фестывалі візуальнага мастацтва Аrt Іs, што адным днём праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі, можна паглядзець на стварэнне работ і нават павучыцца рабіць свае.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Музей, які асацыюецца з мастацтвам, замацаваным у гісторыі, гэтым разам прыцягвае гледача разрывам шаблонаў. Прастора музея фактычна ператворыцца ў некалькі жывых міні-майстэрняў — на кожнай будзе адбывацца творчы працэс. Гэта значыць, што мастакі будуць ствараць непасрэдна на вачах у наведвальнікаў, якія і самі змогуць адчуць сябе героямі падзеі, трапіўшы на ўрокі да прафесіяналаў, на ўласным досведзе зразумець, што такое творчыя пакуты, і паспрабаваць зрабіць нешта ўласнымі рукамі.

Усё для таго, каб можна было ўбачыць, што мастацтва — гэта не толькі вынік, але і працэс. Захапляльны, але няпросты, бо патрабуе засяроджанасці і поўнага пагружэння. А яшчэ і рызыкоўны: аддаўшы шмат часу, энергіі, матэрыялаў, ты ўсё яшчэ не можаш быць перакананы, што іншыя цябе зразумеюць. Новы эксперыментальны для музея праект скіраваны на пагружэнне ў працэс і яго асэнсаванне.

Шукаць адказы на пытанне, што ёсць мастацтва, можна па творах класікаў, на выстаўках ці лекцыях мастацтвазнаўцаў — гэтыя шляхі даступныя заўсёды. А вось магчымасць стварыць самому, кіруючыся парадамі майстроў, ды яшчэ прынесці з фестывалю ўласную работу — рэдкая ўдача. Патэнцыйныя наведвальнікі ацанілі гэта яшчэ да фестывалю: рэгістрацыя на некаторыя майстар-класы была закрытая за некалькі дзён. Але сам працэс назірання за тым, як ствараецца жывапісная карціна, — ужо ўрок. Тым больш што ўсе аўтары, якія бяруць удзел у фестывалі, адкрытыя да камунікацыі.

Некаторыя майстар-класы не прадугледжваюць папярэдняй рэгістрацыі і працуюць у адкрытым рэжыме. Выкладчык БДУ Усевалад Швайба дасць урок па акадэмічным малюнку. Уладзімір Шапавалаў — па акварэльным жывапісе. Майстар-клас па алейным жывапісе будзе весці Антон Радзівонаў, а Вольга Галецкая — па абстрактным жывапісе і сутнасці тэхнікі эпаксідных смол. Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў дапамогуць разабрацца ў тэхніцы ляўкасу (майстар-клас ад Вольгі Мельнік) і смальце (урок ад Мікіты Сухамлінава). Скульптар Мікалай Бялько падзеліцца досведам работы ў скульптуры. Мастак-графік Дзмітрый Шапавалаў прадэманструе, як ствараюцца гравюры на друкарскім прэсе. Прэзентацыя Дома графікі, аповед пра мастацтва шаўкаграфіі, асобныя заняткі для дзяцей — і гэта далёка не поўны спіс прапаноў для наведвальнікаў фестывалю, які пачынаецца апоўдні.

Вучыцца спасцігаць мастацтва могуць дарослыя і дзеці ад дзесяці гадоў па ўваходным білеце ці карце госця Нацыянальнага мастацкага музея.

Ларыса ЦІМОШЫК

Название в газете: У новай ролі

Выбор редакции