Навiны
Акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы адзначыла 85-годдзе
Насамрэч адлік існавання калектыву можна пачынаць раней, звязаўшы яго наогул з дзейнасцю знакамітага фалькларыста і музыканта Рыгора Шырмы, бо яшчэ да ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі гэты «паляшук», як запісалі яго ў пашпарце тагачасныя польскія ўлады, ужо ствараў калектывы, і яны выступалі з беларускім рэпертуарам. А ў 1939 годзе ён атрымаў ад савецкіх улад мандат на арганізацыю харавога калектыву. Ужо ў 1940-м пайшлі канцэрты Беларускага ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.
Дзень праваслаўнай кнігі пройдзе 21 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
Урачыстасць адбудзецца па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Можна сказаць, што гэта свята асветніцтва — ужо традыцыйнае для краіны. Яно дазваляе ўспомніць пра тое, што калісьці першыя кнігі на нашай зямлі з’яўляліся праз пашырэнне хрысціянства, кніга сапраўды несла святло — душы, веры. Спачатку кнігі перапісвалі ад рукі, а пасля сталі друкаваць (дарэчы, першыя выданні Францыска Скарыны мелі духоўны змест, а сёлета мы адзначым 500 гадоў з выхаду яго «Апостала»). Быў час, калі вучыцца чытаць і пісаць пачыналі менавіта па гэтых кнігах. І сёння духоўная літаратура запатрабаваная ў грамадстве, таму што дапамагае людзям умацаваць каштоўнасці, спрыяе развіццю асобы, дае адказы на шмат якія жыццёвыя пытанні.
Народны артыст Генадзь Аўсяннікаў адзначае 90-годдзе
Жыццялюб, жартаўнік і чалавек, у якога безліч гісторый пра людзей, з каторымі яму выпала працаваць і быць знаёмым. Ён мог бы напісаць цудоўную кнігу ўспамінаў пра легендарных артыстаў легендарнага тэатра. Але ён і сам ужо легенда — народны артыст Беларусі, народны артыст СССР. І ў яго жыцці быў толькі адзін тэатр, любоў да якога ён нясе больш за 60 гадоў. Пра любоў — у розных праявах — і пайшла наша размова:
Дзве кар'еры Ірыны Яромкінай
У лютым народнай артыстцы Беларусі даверылі адкрыць новы праект Вялікага тэатра «Жыццё ў прафесіі». Але яе багатае прафесійнае жыццё працягваецца, нягледзячы на перажытую цяжкую траўму, і неаддзельнае ад жаночага лёсу, у якім ёсць безумоўнае шчасце: Ірына — маці траіх дзяцей. Таму дзіўна, што для бенефісу прымы-балерыны абралі спектакль «Ганна Карэніна»...
Музычна-рамантычны перформанс капэла «Санорус» прысвяціла знакамітым віцебчанам
Больш за сто гадоў прайшло з таго часу, калі адзін Мастак стварыў карціну «Закаханыя над горадам» — пра сябе самога і жанчыну, якая ў 1915 годзе стала яго жонкай. Іх шлюб быў заключаны ў Віцебску, але такое адчуванне, што на нябёсах: амаль 30 гадоў яна была для яго той адзінай, без якой немагчымае жыццё. І больш за сто гадоў іх каханне натхняе людзей і творцаў па ўсім свеце. Гэта засведчыў перформанс, што адбыўся 13 лютага ў адной з крэатыўных прастораў сталіцы.
Што пакажа «Дэнс кангрэс»
Сёлета ў журы рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Дэнс кангрэс», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Міністэрства культуры нашай краіны і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, пагадзіўся ўвайсці народны артыст Расіі Андрыс Ліепа разам з прадстаўнікамі Беларусі і Казахстана. Арганізатары клапоцяцца аб штогадовай ратацыі журы і скіраваныя на шырокі ўдзел харэографаў і артыстаў з розных рэгіёнаў Беларусі, падкрэсліла рэктар БДУКіМ Наталля Карчэўская. Конкурс пройдзе напрыканцы красавіка, але цяпер адбываецца адбор патэнцыяльных удзельнікаў па розных намінацыях.
Ці выяўляюцца факты карупцыі ў сферы культуры?
У нашай краіне ў 2024 годзе выяўлена 1031 карупцыйнае злачынства. Гэта на 18 працэнтаў меней, чым у 2023 годзе, — такія лічбы прагучалі з вуснаў старшага пракурора ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Андрэя Федаровічава падчас відэаканферэнцыі ў прэс-клубе «Культура і мастацтва». Гаворка ішла пра якасць супрацьдзеяння карупцыі і фарміраванне нецярпімых адносін да яе ў грамадстве.
З Указа Прэзідэнта пачаўся адлік будаўніцтва Гістарычнага музея
Рашэнне пра гэта прыняў кіраўнік дзяржавы, яно зацверджана асобным указам 5 лютага. Справа адметная ад пачатку, бо праз свой удзел у ёй могуць зрабіць унёсак у гісторыю і культуру краіны людзі ва ўзросце да 31 года. Статус — «Усебеларуская маладзёжная будоўля» — падкрэслівае неабходнасць далучэння да нацыянальнай спадчыны пакалення, якое скіравана на будучыню.
Выстаўка «Скарбы з вясковых куфраў» дапамагла гледачам узнавіць адчуванне адметнасці беларускіх традыцый
Свет беларускіх паданняў, таямнічых гісторый і містычных падзей — тое, што захапляе і прыцягвае, бо, у якім бы стагоддзі ты ні жыў, мінулае нагадвае пра сябе праз нейкія вобразы, дэталі, рэчы, якія мы часам знаходзім у старым куфры, што захоўваецца недзе ў вясковай хаце і памятае продкаў, якія маглі б распавесці і патлумачыць шмат. І калі такі куфар, запоўнены рукатворнымі цудамі, прыязджае ў тэатр, то дзеля адказнай місіі.
Вынікі археалагічных і навуковых даследаванняў стануць адкрытыя для шырокіх колаў грамадства
Розныя этапы гісторыі краіны будуць адлюстраваны ў экспазіцыі новага Нацыянальнага гістарычнага музея, работы па будаўніцтве якога, згодна з адпаведным указам Прэзідэнта, павінны пачацца сёлета. Пакуль гаворка пра праект — мяркуецца, што сам будынак будзе займаць каля 20 тысяч квадратных метраў. Разглядаецца і сімвалічнае ўвасабленне ў прасторы — у выглядзе карты Беларусі. Пра гэта паведаміў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза.