Вы тут

Ідэя скарачэння летніх канікул падтрымкі не знайшла


Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь парламентарыі не без гонару называюць «Канстытуцыяй у адукацыі». Гэта цэласны дакумент, які рэгулюе абсалютна ўсе бакі адукацыйнага працэсу — ад дашкольнага выхавання да павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. У Кодэксе знайшлі адлюстраванне нават тыя пытанні, якія раней з розных прычын заставаліся па-за сферай рэгулявання. Аднак жыццё не стаіць на месцы: за два гады, што дзейнічае Кодэкс, стала зразумелым, што асобныя яго палажэнні і фармулёўкі патрабуюць канкрэтызацыі і дэталізацыі. 4 снежня ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пройдуць парламенцкія слуханні, па выніках якіх будуць прымацца рашэнні аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс. Напярэдадні мы сустрэліся са старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы Генадзем ПАЛЬЧЫКАМ.

1385789837385_1

1385789837385_1

 

— Генадзь Уладзіміравіч, вясной гэтага года ваша камісія правяла маніторынг практыкі ўжывання Кодэкса на ўсіх узроўнях нацыянальнай сістэмы адукацыі. Якімі былі вынікі маніторынгу? Якія прапановы па карэкціроўцы Кодэкса агучыла грамадскасць?

— Адзначу, што ў межах маніторынгу правапрымяняльнай практыкі Кодэкса аб адукацыі была арганізавана серыя пашыраных пасяджэнняў членаў Пастаяннай камісіі з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, прадстаўнікамі органаў кіравання адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі і радавымі педагогамі.

На гэтых пасяджэннях абмяркоўваўся самы шырокі спектр пытанняў удасканалення заканадаўства ў сферы адукацыйных адносін. З мэтай вывучэння меркаванняў педагагічнай і бацькоўскай грамадскасці аб нормах Кодэкса і іх прымяненні ў адукацыйнай практыцы было праведзена анкетаванне больш як 4000 рэспандэнтаў.

Высветлілася, што большасць апытаных лічаць аптымальнымі і мэтазгоднымі палажэнні Кодэкса аб арганізацыі адукацыйнага працэсу, тэрмінах навучання, правах і абавязках суб'ектаў адукацыйных адносін. Разам з тым, у рэспандэнтаў часам былі даволі розныя меркаванні наконт мэтазгоднасці ўнясення магчымых змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс.

— Пра якія канкрэтныя змены і дапаўненні вялася размова падчас анкетавання?

— У дачыненні да агульнай сярэдняй адукацыі, напрыклад, абмяркоўвалася магчымасць дазволу прымаць у першы клас дзяцей, якія дасягнуць шасцігадовага ўзросту з 1 верасня да 1 студзеня адпаведнага навучальнага года. Большасць апытаных педагогаў і бацькоў палічыла гэта немэтазгодным. Таксама не знайшла падтрымкі ідэя павелічэння працягласці навучальнага года за кошт летніх канікул.

Разам з тым, 75% педагогаў і бацькоў падтрымалі прапанову аб неабходнасці замацаваць у Кодэксе права паступлення ў гімназію без уступных іспытаў для пераможцаў раённых алімпіяд па вучэбных прадметах і тэлевізійных віктарын-конкурсаў. Больш як 70% рэспандэнтаў лічаць мэтазгодным вывучаць асобныя прадметы на павышаным узроўні ў 10-11 класах усіх відаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Пры гэтым варта звярнуць увагу на тое, што 77% педагогаў і 65% бацькоў лічаць магчымым увядзенне абмежаванняў на прыём вучняў у 10 клас з улікам вынікаў вучэбнай дзейнасці.

1385789840713_2

1385789840713_2

 

— Адно з пытанняў у анкеце гучала так: «Ці лічыце вы магчымым заключэнне дагавора паміж законнымі прадстаўнікамі дзіцяці і ўстановай дашкольнай адукацыі, у якім будзе ўстаноўлена сума штогадовага ўзносу на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўстановы адукацыі?» Цікава, як адказалі на яго бацькі?

— Па выніках анкетавання лічаць магчымым заключэнне такога дагавора паміж бацькамі і ўстановай дашкольнай адукацыі 77% апытаных бацькоў. Сваю згоду яны даюць пры пэўных умовах: калі ўстанова дашкольнай адукацыі знаходзіцца на гаспадарчым разліку, каб грошы выдаткоўваліся на тую групу, у якой навучаецца іх дзіця, пры абавязковай справаздачы аб расходаванні грошай.

— Вашы папярэднікі па рабоце ў парламенцкай камісіі настойвалі на тым, каб занатаваць у Кодэксе забарону на прыцягненне педагагічных работнікаў да выканання работ, якія не ўваходзяць у іх непасрэдныя службовыя абавязкі і не прадугледжаны працоўным дагаворам. Але гэта ініцыятыва дэпутатаў так і не ўвайшла ў канчатковы варыянт Кодэкса аб адукацыі. Як вы лічыце: ці страціла гэтае пытанне сваю актуальнасць? Што паказалі вынікі анкетавання?

— Праблема застаецца актуальнай і зараз. 87% настаўнікаў лічаць неабходным заканадаўча замацаваць забарону на прыцягненне педагогаў да дзейнасці, якая не прадугледжана службовай інструкцыяй.

— А якія свае прапановы па карэкціроўцы Кодэкса выказвалі педагогі і бацькі?

— Вядома, што ў Кодэксе аб адукацыі ўпершыню заканадаўча замацавана дысцыплінарная адказнасць вучняў за невыкананне імі сваіх абавязкаў. Больш за 90% апытаных педагогаў і звыш 80% бацькоў адзначылі, што ў Кодэксе аб адукацыі неабходна замацаваць таксама дысцыплінарную і матэрыяльную адказнасць законных прадстаўнікоў вучняў за невыкананне імі абавязкаў, устаноўленых заканадаўствам, за нанясенне вучнямі шкоды будынкам, абсталяванню, іншай маёмасці ўстановы адукацыі, за пропускі вучнямі заняткаў без важкай прычыны.

Падчас маніторынгу былі таксама выказаны прапановы пра заканадаўчае замацаванне правоў і абавязкаў класных кіраўнікоў, права ўстановы дашкольнай адукацыі рэалізоўваць адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— Зусім нядаўна ў Мінску прайшоў маштабны навуковы форум — міжнародная канферэнцыя Еўразійскай асацыяцыі ацэнкі якасці адукацыі. Які вопыт, прадстаўлены ўдзельнікамі з іншых краін, падаецца вам найбольш цікавым?

— Форум сапраўды атрымаўся прадстаўнічы: удзел у ім узялі амаль 100 навукоўцаў, выкладчыкаў, спецыялістаў і кіраўнікоў органаў адукацыі з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Арменіі, Казахстана, Расіі, Таджыкістана, Чэхіі. У кожнай з краін назапашаны істотны вопыт па ацэнцы якасці адукацыі. Агульны гістарычны кантэкст, а таксама пэўнае падабенства сістэм і праграм школьнай адукацыі на постсавецкай прасторы абумоўліваюць падабенства і праблем, з якімі сутыкаюцца краіны. Найбольш цікавы і блізкі для Беларусі вопыт у гэтай галіне назапашаны ў Расійскай Федэрацыі.

— А ў якіх параўнальных даследаваннях у галіне агульнай сярэдняй адукацыі ўдзельнічае Беларусь?

— У апошні час праводзяцца параўнальныя даследаванні па ацэнцы інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці дзевяцікласнікаў. Даследаваннем былі ахоплены вучні з Арменіі, Расіі і Беларусі. А інструмент для правядзення гэтага даследавання быў распрацаваны ў Нацыянальным фондзе падрыхтоўкі кадраў Расійскай Федэрацыі.

У кастрычніку 2013 года ў сумесным беларуска-расійскім даследаванні прынялі ўдзел каля 600 вучняў дзявятых класаў горада Мінска і Гомельскай вобласці. Школьнікі выконвалі на камп'ютарах тэставыя заданні. Пры распрацоўцы гэтых заданняў акцэнт быў зроблены не на спецыяльных уменнях карыстацца камп'ютарам, а на здольнасці вучня карыстацца інфармацыяй, вырашаць практычныя задачы на аснове інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, мысліць і працаваць у «лічбавым» свеце. Вынікі кожнага вучня адразу апрацоўваліся серверам у Маскве і накіроўваліся ўдзельніку тэсціравання.

Цяпер праводзіцца паглыблены аналіз атрыманых вынікаў і рыхтуюцца адпаведныя рэкамендацыі для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, органаў кіравання адукацыяй, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі.

— Генадзь Уладзіміравіч, дапусцім, што ўсе выказаныя слушныя прапановы знойдуць адлюстраванне ў Кодэксе. Але ўжо праз год сітуацыя зменіцца, і Кодэкс зноў спатрэбіцца карэктаваць. А гэта, як мы ўсе пераканаліся, вельмі няпростая справа...

— Мы гэта таксама разумеем. Таму лічым, што трэба стварыць такі механізм, каб усе змяненні на перспектыву не вымагалі шматступеньчатага зацвярджэння, бо ёсць рызыка, што пакуль гэтыя змяненні будуць прымацца, яны ўжо страцяць сваю актуальнасць. Трэба дакладна прадумаць, якія з прапаноў замацоўваць у Кодэксе, а што можна прапісаць на ўзроўні галіновых нарматыўных прававых актаў, якія значна прасцей будзе адкарэктаваць. Галоўная задача, якую ставяць перад сабой дэпутаты, — спрасціць і ўдасканаліць прававыя адносіны ў галіне адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Загаловак у газеце: Генадзь ПАЛЬЧЫК: «Ідэя скарачэння летніх канікул падтрымкі не знайшла»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.