Імя паэта-франтавіка Міхаіла Ясеня добра ведала ўся савецкая краіна. Гераічна-патрыятычныя песні «Абеліскі», «Памяць сэрца», «Майскі вальс», створаныя паводле яго вершаў, спявалі беларускія і расійскія артысты. Набылі папулярнасць і яго лірычныя песні. А вакальны твор «Мы яшчэ сустрэнемся з вамі», напісаны Валянцінай Сярых сумесна з паэтам, задушэўна гучыць у беларускіх асяродках і на амерыканскім кантыненце.
Песня «Каб убачыць цябе» ўзнікла ў мінулым годзе. Аўтарам музыкі выступіў спявак Сяргей Харэвіч (працаваў у Нацыянальным акадэмічным народным хоры Беларусі імя Генадзя Цітовіча, Нацыянальнай акадэмічнай харавой капэле імя Рыгора Шырмы). У кнізе вершаў і песень «Пісьмо з 45-га...» (2001), падараванай паэтам, яго крануў лірычны абразок пра закаханага юнака. Рамантычны малюнак заснежанага горада прасякнуты дзівоснай музыкай. Вальсавая мелодыя нараджаецца-выплывае з лёгкага руху сняжынак, ветлых парываў ветру. Яна напаўняе душу маладой асобы, ахопленай страсным пачуццём, робіць навакольны свет для яе прывабным і ўтульным.
Меладычную адметнасць паэтычных радкоў падхапіў артыст і ў лепшых традыцыях савецкай эстрады ўвасобіў яе ў музыцы, перадаў у спеве. Ён запісаў песню «Каб убачыць цябе» на дыск — і яна ўспрымаецца па-юнацку чыстым, шчырым прызнаннем у любові і да каханай, і да родных краявідаў.
Верш Міхаіла Ясеня Музыка Сяргея Харэвіча
Замятае вакол, замятае...
Хмары нізка імчаць у цішы.
Ціха, шэптам завея спявае.
І так светла зямлі і душы.
Белы снег...
Ён то сыпле, то сціхне...
І сцяжынку тваю замяце.
Я ж бягу між танцуючых віхраў
Для таго, каб убачыць цябе.
Замятае вакол, замятае
Сквер і вуліцу, цёплы твой дом,
Дзе сябе ад мяне ты хаваеш,
Дзе чакаеш мяне за вакном.
Недзе ў хмары схаваліся зоры.
Дрэвы моўчкі стаяць у журбе.
Я ж бягу праз заснежаны горад
Для таго, каб убачыць цябе.
Замятае вакол, замятае...
Светла так на зямлі і ў душы.
І завея ласкава спявае,
І яе толькі чутна ў цішы.
Сыплюць, сыплюць сняжыначкі з неба —
То завея пяе і пяе.
І нічога мне болей не трэба
Для таго, каб убачыць цябе.
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.