Вы тут

Хто вы, міс?


Ужо зусім хутка стане вядомым імя ўладальніцы тытула Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь‑2014», а таксама пераможцаў конкурсаў «Містар Беларусь» і «Місіс Беларусь», якія праводзяцца сёлета ўпершыню.

18-9Як расказалі ў прэс-службе тэлеканала АНТ, які ладзіць усе тры мерапрыемствы, па выніках кастынгаў (яны адбыліся яшчэ ў лютым. — Аўт.) і дадатковых гутарак запрашэнні на ўдзел у конкурсе «Міс Беларусь‑2014» атрымалі 26 дзяўчат ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў. Сярод прыгажунь больш за ўсіх мінчанак і прадстаўніц сталічнай вобласці — 12 чалавек. Віцебшчыну і Магілёўшчыну прадстаўляюць усяго па 4 дзяўчыны, Гродзеншчыну — 1, а вось Брэст і вобласць, атрымліваецца, у фінале спаборніцтва найпрыгажэйшых беларусак удзел наогул не бярэ. І гэта пры тым, што ў мінулым дзве брастаўчанкі — Вольга Неўдах у 2002‑м і Юлія Скалковіч у 2012‑м — заваёўвалі тытул «Міс Беларусь»!

Усе дзяўчаты ўжо сабраліся ў Мінску для «апошняга рыўка». Штодня з імі працуюць стылісты, фатографы, выкладчыкі Нацыянальнай школы прыгажосці рэпеціруюць дэфіле, а прадзюсарская група АНТ рыхтуе ўдзельніц да фінальнага тэлешоу. Дарэчы, ужо сёння на сайце тэлеканала пачнецца глядацкае галасаванне, па выніках якога адна з канкурсантак атрымае званне «Міс Сімпатыя». А ўсе астатнія ўзнагароды, уключаючы галоўную — пераходную карону з белага золата, будуць прысуджаны па выніках фіналу «Міс Беларусь‑2014» 2 мая.

Прагаласаваць можна будзе і за хлопцаў: 15 прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва пакажуць сябе — прычым як вонкавую прывабнасць, так і ўнутраны змест — у конкурсе «Містар Беларусь». Пры больш пільным вывучэнні спіса фіналістаў высвятляецца, што імёны некаторых удзельнікаў нам добра знаёмыя: напрыклад, Іван Шангін знаёмы прыхільнікам папулярнай музыкі па гурце «Федэрацыя», а Ян Маерс — па працы ў новым складзе ансамбля «Верасы». Таксама сярод кандыдатаў — майстры спорту, акцёры і мадэлі. Сярэдні ўзрост удзельніка — 24 гады, і, натуральна, можна паспрачацца, ці ўсе яны «дараслі» да звання «першага хлопца ў краіне». А можна пачакаць яшчэ крыху і паглядзець на ўласныя вочы 30 красавіка: будзе гэта ці то спаборніцтва, ці то шоу мужчынскай прыгажосці і самадастатковасці. Тым больш што спецыяльным госцем фіналу «Містар Беларусь‑2014» будзе гурт «ВІА Гра».

З 15 удзельніц конкурсу прыгажосці для замужніх жанчын і маці некаторыя таксама ўжо не раз мільгалі ў свецкай хроніцы: бізнес-лэдзі Юлія Кур'ян — жонка папулярнага тэлевядучага, Святлана Клішэвіч — жонка саліста гурта «Тяни-Толкай», шматдзетная маці Вольга Жадзеева — стваральніца і галоўны рэдактар партала пра моду… Тым не менш, астатнім удзельніцам, самай малодшай з якіх 23 гады, а старэйшай — крыху больш за 40, таксама ёсць чым здзівіць і ўразіць публіку. Напрыклад, яркай падзеяй шоу абяцае стаць дэфіле ўдзельніц са сваімі дзецьмі. А вось дэфіле ў купальніках для замужніх прыгажунь не будзе. Чым яго заменяць і што стане галоўным прызам для пераможцы, даведаемся 28 красавіка падчас фіналу або крыху пазней у тэлеверсіі на АНТ.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.