Вы тут

Беларускае радыё адкрые музычныя скарбы


Адбудзецца гэта 4 лістапада ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі — у выглядзе гала-канцэрта «Музычны скарб Беларусі» з нагоды 89-годдзя Беларускага радыё. Публіцы абяцаюць не толькі асалоду ад чароўных гукаў, але і ўдзел у «жывой» тэлепраграме, якая будзе запісвацца фактычна ў рэжыме прамога эфіру.

Як сцвярджаюць арганізатары канцэрта, гэтую падзею без перабольшання можна назваць унікальнай — у якасці гасцей будзе запрошана культурная эліта краіны, а на сцэне бліснуць майстэрствам артысты і музыканты першай велічыні. Сярод удзельнікаў імпрэзы — артысты і калектывы, якія не маюць патрэбы ў дадатковым прадстаўленні: Анатоль Ярмоленка, вакальная група «Камерата», Пётр Ялфімаў, гурт «Чысты голас», ансамбль «Бяседа», флейтыст Сяргей Махаў і арганіст Віктар Кісцень, а таксама знакамітыя кампазітары Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Алег Молчан, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў, кіраўнік нацыянальнага канцэртнага аркестра Міхаіл Фінберг і іншыя.

«Акрамя таго, мы пастараліся зрабіць канцэрт сучасным і жывым, з выкарыстаннем разнастайных тэхналогій — напрыклад, ён будзе суправаджацца ўключэннямі з самай вялікай тэлестудыі Белтэлерадыёкампаніі, дзе вядучыя будуць абмяркоўваць з мэтрамі айчыннай музыкі беларускую культуру і абвяшчаць выступленні артыстаў. Але ўсіх падрабязнасцяў мы пакуль што наўмысна не раскрываем, бо рыхтуецца вялікі сюрпрыз», — запэўніваюць прадстаўнікі медыяхолдынга.

Прамую трансляцыю канцэрта будзе весці канал «Культура» Беларускага радыё. А 14 лістапада тэлеверсію мерапрыемства, разам з унікальнымі архіўнымі відэазапісамі Уладзіміра Мулявіна, ансамбляў «Лявоны» і «Песняры», Ігара Лучанка, Яўгена Глебава, Тамары Раеўскай, Зіновія Бабія, пакажа «Беларусь 1».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.