Вы тут

Муж застаўся без працы


Што рабіць, каб ён не сеў вам на шыю?

Прынята лічыць, што мужчына павінен быць асноўным здабытчыкам у сям'і, галавой яе і апорай, а жонка — адчуваць сябе за ім як за каменнай сцяной. Аднак у жыцці ўсё значна складаней. І часам мужчына замест таго, каб махаць жалезным мячом здабытчыка-заваёўніка свету, ляжыць на канапе, трымаючы ў руках пульт ад тэлевізара. Прычыны таго, чаму мужчына не працуе, бываюць рознымі. Як і самі мужчыны. Давайце падумаем, чым мы, жанчыны, можам тут дапамагчы.

23-11

Ён не хоча працаваць

Мужчына, які не жадае працаваць, хутчэй за ўсё, прывык паразітаваць за кошт іншых. Вельмі часта такія мужчыны вырастаюць у сем'ях, дзе клопат аб дзіцяці ператвараўся ў культ яго асобы, у патуранне ўсім яго капрызам. Падзякі ад такога маленькага монстра амаль ніякай, нават калі ён вырасце: дапамога і патуранне ўжо сталі звыклай і само сабой зразумелай справай. Таму мама і дагэтуль дае яму грошы, хоць ён ужо займеў уласную сям'ю. Дарэчы, на крок па стварэнні сваёй сям'і такія прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва ідуць даволі неахвотна. Патрэба мець жонку і дзяцей у іх не вельмі вялікая. Таму невялікая і матывацыя гэтую сваю сям'ю забяспечваць.

Вашы дзеянні

І пілаваць, і ўгаворваць такога мужа абсалютна бессэнсоўна. Немагчыма сілаю змяніць і перавыхаваць дарослага чалавека. Ён павінен сам усвядоміць неабходнасць мяняцца.

Для пачатку манапалізуйце ўсе грошы, што вы зарабляеце. Трацьце іх на прадукты, на сябе і на дзіця, а мужу не давайце ні рубля! Перастаньце абслугоўваць абібока — няхай усё робіць сам. Час ад часу гаварыце, як вы стаміліся, як вам цяжка. Калі ўсё гэта не прывядзе да станоўчага выніку, прыгразіце разводам. Пастаўце ўльтыматум: або ён уладкоўваецца на працу, або вы ад яго сыходзіце. Гэта, безумоўна, крайняя мера, але нярэдка страх страціць каханага чалавека дзейнічае працверажальна, і гультай пачынае рабіць хоць нейкія рухі.

А калі ўсё ж усе спробы наставіць мужа на шлях правільны аказаліся марнымі? Задумайцеся, ці той гэта чалавек, з якім вы хочаце пражыць жыццё? Ці згодны вы забяспечваць яго да самай старасці? Узважце ўсе «за» і «супраць», паспрабуйце зразумець, ці здольны вы змірыцца з такім становішчам спраў. Калі так — цярпіце, а не — дык ідзіце наперад, насустрач новаму асабістаму жыццю.

Ён шукае... але не знаходзіць

Бываюць мужчыны, нежаданне якіх працаваць не на столькі відавочнае. Ён быццам бы спрабуе штосьці зрабіць, шукае працу, ходзіць на гутаркі, але воз і цяпер там. Прычына можа быць у яго няўпэўненасці ў сваіх сілах, уменні і здольнасцях. Вельмі вялікі страх перад новым калектывам, у якім яго могуць не прыняць, палічыць няўдачнікам, таму што ён не змог дабіцца да гэтага часу поспеху і рэалізавацца ў сваёй прафесіі. Часта гэтая няўпэўненасць ідзе з дзяцінства, з сям'і са звышпатрабавальнымі бацькамі, якія ўнушалі малому, які ён нікчэмны ў параўнанні з іншымі, што ён мала стараецца, недастаткова прыкладае намаганняў і таму нічога не даб'ецца.

Вашы дзеянні

Адзіны спосаб тут дапамагчы — змагацца з яго страхамі і комплексамі. Варта пагаварыць з мужам па душах, патлумачыць, што вы ў яго верыце, што з цягам часу ўсё абавязкова атрымаецца. І галоўнае, дайце яму зразумець, што самы дзейсны спосаб перамагчы свае страхі — гэта ажыццявіць тое, чаго ты баішся. Няхай праца будзе не такой прэстыжнай, як ён марыў, жадаючы даказаць бацькам, што ён чагосьці ў жыцці варты. Але гэта ўжо пачатак, гэта першы крок, які заўсёды самы важны.

Ён аказаўся ў крытычнай сітуацыі

Цяпер пагаворым пра сітуацыю, калі мужчына хоча знайсці працу, але не можа. Напрыклад, ён трапіў пад скарачэнне, і ў гэты момант няма вакансій па яго прафесіі. Або ён захварэў і атрымаў групу інваліднасці і не можа працаваць па сваёй былой спецыяльнасці. Любая крызісная сітуацыя можа чалавека як загартаваць, так і зламаць. Падтрымайце яго і дапамажыце мабілізавацца, калі ў яго пачалі апускацца рукі.

Вашы дзеянні

Калі ў найбліжэйшай будучыні працаваць будзеце толькі вы, то было б нядрэнна абгаварыць пераразмеркаванне сямейных абавязкаў: напрыклад, што мужу давядзецца займацца хатнімі справамі і дзіцем, асабліва калі ў вас ёсць магчымасць падпрацоўкі ў звышурочны час. Пагаварыце з ім спакойна, без прэтэнзій. Важны момант — абмеркаванне сямейнага бюджэту, дзе і ў чым прыйдзецца гэты час эканоміць, без чаго пакуль можна абысціся і якія ў сям'і ёсць рэзервы.

Як бы ні было цяжка, паспрабуйце захаваць у сям'і і ў сваім сэрцы пазітыўны настрой. Бо мужу так патрэбна цяпер ваша падтрымка! А для ўзняцця духу хапае часам простых слоў: «Не перажывай! Абавязкова выкруцімся!».

Можна пастарацца дапамагчы не толькі словам, але і справай. Напрыклад, разам з ім пашукаць падыходзячыя варыянты вакансій, правільна скласці рэзюмэ. Знешні выгляд мужа перад маючай адбыцца гутаркай таксама залежыць ад жанчыны. Нарэшце, кліч пра тое, што муж шукае працу, варта кінуць па ўсіх сябрах і знаёмых — а раптам што-небудзь ды знойдзецца. У якасці альтэрнатывы можна ўспомніць пра хобі мужа, пра тое, што ён умее і любіць рабіць, і падумаць, ці можна зрабіць так, каб гэтае захапленне прыносіла даходы. А магчыма, абдумаць і варыянт стварэння свайго бізнесу?

Памятайце: выйсце ёсць заўсёды! І самая складаная жыццёвая сітуацыя можа павярнуцца цудоўнай магчымасцю для вашага росту і развіцця.

Вера ФЕМІНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.