Вы тут

Зразумець у лагеры галоўнае


Вольга Главацкая вучыцца ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце на настаўніцу малодшых класаў. Гэтае лета выдалася для яе асаблівым, бо дзяўчына яшчэ на крок наблізілася да сваёй будучай прафесіі: у ліпені-жніўні праходзіла практыку ў дзіцячым лагеры ў якасці важатай.

10-7

10-7

 

— Гэта было на базе адпачынку «Гаць», што знаходзіцца ў Баранавіцкім раёне, у лагеры «Зорачка». Спачатку мяне накіравалі ў трэці атрад да дзяцей ад 11 да 12 гадоў. Але праз кароткі прамежак часу сказалі, што я буду важатай першага атрада — у 22 падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. Спачатку вельмі спалохалася, бо не ведала, як буду спраўляцца з тымі, хто малодшы за мяне ўсяго на чатыры-пяць гадоў. Але хутка зразумела, што са старэйшымі куды лягчэй. Яны больш адказныя і дапамагаюць, калі трэба. Праўда, і з імі былі некаторыя праблемы, бывала, што выхаванцы не слухаліся.

— Як праходзіў дзень?

— Раніца пачыналася з зарадкі, потым лінейка, сняданак, прыборка тэрыторыі, асабісты час, абед, ціхі час, полудзень, заняткі ў гуртках, вячэра, дыскатэка, сон. На маёй адказнасці быў догляд дзяцей, дапамога ў падрыхтоўцы мерапрыемстваў. Аднойчы давялося самой праводзіць флэш-моб: увесь наш атрад танцаваў. Тады мы занялі другое месца.

— А як складваліся адносіны з дзецьмі?

— Многія з іх ужо былі ў летніку не першы раз. Яны хутка знаходзілі агульную мову паміж сабой. У нас нават з часам з'явіліся дзве пары закаханых! Мне з падапечнымі было вельмі лёгка і весела. І ім было цікава са мной. Некаторыя нават дадому ехаць не хацелі.

— Што табе запомнілася найбольш?

— Пасля заканчэння змены на наступны дзень мы з дзецьмі сабраліся ў Баранавічах, купілі два кавуны, фатаграфаваліся. Дарэчы, у нас і цяпер вельмі добрыя адносіны.

— Які «капітал» вынесла з практыкі?

— Калі гаварыць пра матэрыяльнае, зарплата была каля 1,4 мільёна рублёў. Куды патраціла грошы? Штосьці на адзенне, штосьці на нейкія дробязі.

А ўвогуле я вельмі задаволена практыкай. Мне спадабалася працаваць з дзецьмі. А для сябе вынесла, што, мабыць, для мяне было б лепш працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, як я калісьці хацела. Але хто ж ведае, як усё складзецца надалей?

...Здаецца, усяго тры тыдні іншага рэжыму, але колькі эмоцый, колькі адкрыццяў і высноў для сябе можна зрабіць за такі невялікі час!

Таццяна Лауш, студэнтка ІІI курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ ім. Я. Купалы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.