У маім маленстве дзеці звычайна прасілі ў бацькоў купіць што-небудзь салодзенькае. Таму вельмі здзівілася, калі днямі ў краме пачула плач школьніка, які адмаўляўся ісці дадому без... сасісак.
— Я сваім дзецям ніколі не купляю сасіскі, — рэагуе на маю рэпліку Ксенія Вяцкая. — У іх складзе таксама ёсць цукар і мноства іншых таксічных рэчываў. Больш за тое, сасіскі не даюць дзіцячаму арганізму нічога карыснага, толькі забіваюць страўнік, як папера, і выклікаюць прывыканне...
Пасля гэтых слоў фуд-коўч просіць дзевяцікласнікаў пералічыць свае любімыя прадукты, якія змяшчаюць цукар. «Булачкі, цукеркі, газіроўка...» У гэты момант Ксенія дастае з заплечніка шалі, чарку, цукар і паўлітровую бутэльку папулярнага сярод моладзі газіраванага напітку. І прапануе правесці эксперымент. Дапамагчы выклікаецца малады чалавек з апошняй парты. Ксенія просіць яго прачытаць на этыкетцы склад напітку. Шляхам нескладаных падлікаў высвятляем, што ў адной бутэльцы на 500 мл змяшчаецца ажно 50 (!) грамаў цукру.
Каб наглядна ўявіць, колькі гэта, Ксенія прапануе свайму памочніку адсыпаць у чарку 50 грамаў цукру. Для дакладнасці карыстаюцца шалямі. Потым такі ж эксперымент правялі з маленькім пачкам дзіцячага соку. Аказваецца ў яго складзе ажно 20 грамаў цукру. І гэта пры тым, што сутачная норма для дарослага чалавека — усяго толькі 6 грамаў.
— Таму наталіць смагу старайцеся чыстай вадой, а не цукрам, — раіць Ксенія і робіць некалькі глыткоў вады з бутэлечкі, якую заўсёды носіць з сабой.
— А я як піў газіроўку, так і буду піць, бо яна мне вельмі падабаецца, — данеслася з апошняй парты.
Ксенія не разгубілася і прапанавала заўзятаму аматару шкоднага напітку новы эксперымент.
— Выпіць 50 грамаў цукру ў выглядзе газіроўкі можа кожны, а вось паспрабуй з'есці яго ўсухамятку.
— Лёгка, — з гэтымі словамі хлопец узяў чарку з цукрам. Але праз секунду выплюнуў яго ў сметніцу.
— Мы ўжываем вельмі шмат «схаванага» цукру, — працягвае ўрок фуд-коўч. — І не задумваемся, што ён траўмуе гены. Праз гадоў дзесяць вам скажа ваш маленькі сын: «Ты піў газіроўку, а цяпер у мяне дрэнныя зубы». З-за злоўжывання цукрам з'яўляецца не толькі карыес, але і прышчы, гастрыт, язва, псуецца шкілет...
Падобныя дабрачынныя ўрокі Ксенія праводзіць для школьнікаў з задавальненнем.
— Прыходзячы да першакласнікаў, я, магчыма, ужо выхоўваю жонку сваім дзецям (усміхаецца). У мяне два сыны і, можа быць, будуць яшчэ. Дзеці — наша будучыня. І хочацца, каб яны былі здаровымі і прыгожымі, а не хадзілі з чорнымі зубамі. Лічу, што ў школах, акрамя звычайных, павінны праходзіць і такія «ўрокі жыцця». Дзецям падабаецца, калі да іх прыходзяць цікавыя людзі, штосьці расказваюць у нефармальных абставінах. Не ва ўсіх бацькі вядуць здаровы лад жыцця, сартуюць смецце, купляюць толькі карысныя прадукты. А дзецям жа аднекуль трэба браць прыклад. Калі я сказала дзевяцікласнікам, што лепш не набываць малако і сокі з пластыкавымі трубачкамі, бо пластык раскладаецца больш за 100 гадоў, яны не паверылі. Даказвалі, што ўсяго адзін-два. Таму я параіла іх класнаму кіраўніку на наступны нефармальны ўрок запрасіць эколага.
У канцы сустрэчы дзевяцікласнікаў хвалявала адно пытанне: а чым можна замяніць булачкі ды шакаладныя батончыкі?
— Замест батончыка з пальмавым алеем ці глазураванага сырка з'ешце лепш яблык — гэта будзе ў сто разоў здаравей. Шкодны фаст-фуд можна замяніць карыснымі маркоўнымі палачкамі ці зробленымі дома бургерамі з фаршу з бараніны. Цудоўная альтэрнатыва ласункам таксама сушаная ці запечаная ў духоўцы садавіна, — параіла Ксенія. І прапанавала дзецям па чарзе дома штосьці выпякаць і на вялікім перапынку частаваць аднакласнікаў смакатой. — Дамашняя выпечка больш карысная, чым крамная, у якую, каб працягнуць тэрмін захоўвання, дадаюць розныя хімічныя рэчывы.
Топ-5 «здаровых» ссабоек, якія падыдуць, як дзецям, так і дарослым
1) Навучыцеся рабіць разнастайныя салаты з агародніны: печаныя бурак ды морква, запраўленыя праванскімі травамі; сыры бурак з апельсінамі і пятрушкай; брокалі і яблыкі...
2) Кавалак дзікай рыбы, прыгатаванай на пары.
3) Крэм-суп з любой агародніны.
4) Сырнікі ці запяканка.
5) Печаная садавіна: яблыкі, грушы.
Парады бацькам ад Ксеніі Вяцкай:
Часта чую ад мам фразу: «Маё дзіця гэта не есць». Менавіта з яе пачынаецца маніпуляцыя ежай. Сучасныя бацькі ўзносяць сваіх крывіначак на п'едэстал, дагаджаюць ва ўсім. Хоць меркаванне мамы і таты для дзяцей павінна быць аўтарытэтным. Да трох гадоў трэба прывіваць здаровы лад жыцця, тлумачыць, што карысна, што не. І, вядома, самім паказваць прыклад. У мяне з дзецьмі спрацоўвае візуальная частка лікбезу. Як толькі пачынаецца «фу, мы гэта не хочам есці», у нас з мужам ёсць нарыхтаваныя карцінкі карыесу. Раю паглядзець усёй сям'ёй фільм «Цукар». Акрамя таго, у інтэрнэце ёсць мноства займальных адукацыйных дзіцячых фільмаў пра шкоду таго ж самага цукру ці глютэну. Нават самыя вялізныя нехачухі, калі пазбавіць іх магчымасці перакусваць абы-чым, праз два-тры дні рэальна згаладаюцца і з задавальненнем будуць уплятаць булён.
Раю бацькам не ігнараваць субпрадукты, набываць мяса на касцях. З іх атрымліваецца шыкоўны, карысны булён. Выварка з касцей, коснага мозгу — гэта асноўнае пажыўнае рэчыва для арганізма, які расце. Але большасць дарослых чамусьці аддаюць перавагу курыным грудкам, вырашчаным на гармонах. І пры гэтым многія яшчэ ўмудраюцца некалькі разоў зліваць навар, каб было не так тлуста.
Я ўсё дома гатую на косных булёнах. І, як маці, вельмі рада, што кожную раніцу мае дзеці перад тым, як ісці ў садок, просяць некалькі яго лыжачак. Я шчаслівая, бо яны абароненыя. Мне здаецца, я, дзякуючы булёну, дапамагла сваім дзецям быць больш здаровымі.
Адбіць цягу падлеткаў да фаст-фуду — так званай смеццевай ежы — няпроста, але рэальна.
У мяне часта тусуюцца дзеці сястры — школьнікі. Дык вось я заўважыла: галоўнае, каб у доме была ежа і прыгожая абгортка для яе. Калі я ў стылёвы тэрма-кубак наліваю суп-пюрэ, яны з задавальненнем ідуць з ім па горадзе і яго папіваюць. Замест таго, каб есці чыпсы. Тым больш зараз у модзе здаровае харчаванне, і нават падлеткаў можна пераканаць, што гэта крута. Прапануйце сваёй дачцэ: «Пайшлі разам выберам ланчбокс з тваімі любімымі персанажамі. Абклей яго налепкамі і можаш сама складаць усё, што табе падабаецца». Калі ў доме ёсць здаровая ежа, то дзіця яе і пакладзе. А калі адны сасіскі, паўфабрыкаты ды булачкі, дык дзіця, вядома, прыхопіць з сабой менавіта іх, бо гэта прасцей.
Добра, каб дзеці ўдзельнічалі не толькі ў сумесных гатоўках, але і ў закупцы прадуктаў. Разам хадзіце па крамах, чытайце этыкеткі і прымайце рашэнне: што браць, а без чаго можна і абысціся, бо гэта шкодна.
Адмоўцеся ад крамнага кетчупу (маянэзу і іншых соусаў). Набывайце звычайную таматную пасту. Дадавайце ў яе соль, спецыі і трошкі гарачай вады — атрымаецца кетчуп.
Не раю набываць прамысловыя ёгурты. Бо ў іх няма сэнсу. Жывыя бактэрыі не могуць захоўвацца тыднямі. Пачніце гатаваць сапраўдныя жывыя ёгурты самастойна. Гэта не складана. Асабіста я аддаю перавагу фермерскім малочным прадуктам. Зараз лёгка можна знайсці ў інтэрнэце дастаўку хатняга малака, вяршкоў і ўжо самастойна пры дапамозе сухой бактэрыяльнай закваскі рабіць ёгурт. Так, з непрывычкі ўсё гэта здаецца шалёна складаным. Але як падумаю, наколькі складанейшы шлях у кучы выкінутых мною слоічкаў ад ёгурту, — мой выбар на карысць такой дастаўкі тут жа становіцца відавочным. Ды і навошта мне есці ёгурт з адной сумнеўнай бактэрыяй, калі я магу зрабіць ажно з дзевятнаццаццю?
На сваіх кансультацыях я звычайна раздаю мамачкам спіс. Там шмат відаў мяса, гародніны, круп, мукі... Жанчыны прызнаюцца, што большасць з гэтых прадуктаў яны нават не каштавалі. Таму раю ўсім разнастаіць рацыён сваёй сям'і, у ліку іншага дадаць у яго перапёлак, лівер, хатнія сыры, расткі пшаніцы, сельдэрэй, пастарнак, маш, сачавіцу, нут... Прычым для гэтага не патрэбна шмат грошай.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?
Каментары