Вы тут

Арэсы светлы ўспамін


Па маляўнічых мясцінах Любанскага раёна пралёг маршрут літаратурна-гістарычнага турнэ "Ля Арэсы ціхае ракі...". Яно было прысвечана 80-годдзю выхаду паэмы Янкі Купалы "Над ракой Арэсай". Арганізатарамі гэтай вандроўкі сталі аддзел культуры і адукацыі Любанскага райвыканкама, рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Выдавецкі дом "Звязда", дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.

Мар'іна балота. У сярэдзіне трыццатых гадоў гэтае месца на карце любанскага краю было пазначана як адпраўная кропка небывалых пераўтварэнняў. Дэмабілізаваныя чырвонаармейцы аб'ядналіся тут у камуну і неўзабаве змянілі выгляд неабжытай зямлі. Балотныя абшары рассеклі пяць асноўных магістраляў, якія былі выкапаны з дапамогай самага простага, пераважна самаробнага інструмента — драўляных рыдлёвак, абабітых жалезам. Глыбіня каналаў — да чатырох метраў, даўжыня кожнага — больш за дваццаць кіламетраў. Цагляны завод, лесапілка, вузкакалейка, электрастанцыя, млын з'явіліся ў гэтых мясцінах упершыню. Не толькі палеская нізіна, але і жыццё тутэйшага насельніцтва набылі новы выгляд, новую якасць.

Пачатак паклалі камунары. Гэта быў іх час. Час сапраўдных працоўных подзвігаў, небывалага энтузіязму і веры ў неабсяжныя магчымасці свабоднай працы.

Летам 1933 года ў складзе дэлегацыі пісьменнікаў сюды прыехаў Янка Купала. Чырвонаармейская камуна бачылася песняру знакам новага жыцця палескага краю. Лёсы, праца пераўтваральнікаў прыцягвалі і натхнялі. У гэтым жа годзе, 29 і 30 чэрвеня, у газеце "Звязда

" была ўпершыню надрукавана купалаўская паэма "Над ракой Арэсай" — паэтычны помнік людзям і падзеям. Сам паэт пра напісанне паэмы так згадваў у адным з інтэрв'ю: "Я яе пісаў у калгасе... Але калі я ехаў у гэты калгас, я не думаў пісаць. Паэма склалася нечакана для мяне самога, калі я ўбачыў незвычайныя кантрасты. Яшчэ 2-3 гады таму тут было непраходнае балота, дрыгва, дзе гінулі людзі... Цяпер гэта велізарны калгас".

Што памятаюць сённяшнія жыхары краю камунараў пра прыезд сюды песняра, як цяпер ім жывецца і працуецца? З гэтым пытаннем наша экспедыцыя рушыла з Любані ў глыб раёна. Легкавушка імкліва ляцела па асфальтаванай дарозе ўздоўж жытнёвых, кукурузных, бульбяных палеткаў (камфартабельны транспарт для паездкі на былыя балоты нам прадаставіў спонсар — дырэктар аўтацэнтра "Атлант-М Уручча" Аркадзь Бабіцкі). Гледзячы на ідэальна роўныя палі і такія ж лініі меліярацыйных каналаў, не верылі, што тут панавала непраходная багна. Вельмі да месца прыгадваліся факты і лічбы, з якімі нас азнаёмілі ў Любанскім райвыканкаме. Меліяраваныя землі раёна з года ў год даюць усё большы ўраджай. Апошнія два гады земляробы збіраюць больш за сто тысяч тон збожжа. Прадбачліва перайшлі мясцовыя гаспадары на вырошчванне кукурузы — летась гэтая "не мясцовая" культура папоўніла сховішчы 36 тысячамі тон зерня. Прыносіць плён і блакітная ніва: добра вядомая ўсім беларусам прадукцыя, вырашчаная ў рыбгасе. У любанскіх водах жыве самая вялікая ў Еўропе папуляцыя самоў. Расказчыкі дакладна паказвалі раскінутымі ўшыркі рукамі памеры асобных рыбін: паўтара метра ад галавы да хваста! Маштабнасць — вось чым характэрна мясцовае жыццё. Чаго варта адна толькі новабудоўля — свінакомплекс на 24 тысячы галоў!

"І хлебам і працай кут любы сустрэне" — гэты паэтычны радок стаў назвай выставы, якая ў дзень правядзення турнэ адкрылася ў Любані. Экспазіцыя, сугучная тэме нашай паездкі, была дастаўлена сюды з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Любанскага музея народнай славы. На планшэтах — мноства архіўных здымкаў, фотакопій рукапісаў і дакументаў, старыя выданні. Усё гэта пра Купалу, яго сяброў-паэтаў, пра яго час і, безумоўна, пра Арэсу і камунараў. Загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Купалаўскага музея Марыя Барткова перадала ў дар Любанскаму музею народнай славы кнігі пра песняра.

Галоўны арганізатар турнэ, загадчык аддзела культуры і адукацыі Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец падкрэсліў, што паездка па купалаўскіх маршрутах праходзіць на Любаншчыне ў рамках года земляка "Мне выпала шчасце тут нарадзіцца". Гэты праект аб'ядноўвае мноства вядомых дзеячаў розных сфер вытворчасці, навукі, культуры. Як тут не прыгадаць усхваляванасць удзельніка турнэ мінскага юрыста Сяргея Будкевіча, калі ён убачыў на стэндзе сярод пажоўклых здымкаў трактарыстаў-камунараў фота свайго дзеда Сяргея Коўбы? Такая ж сустрэча з архіўным фотаздымкам роднага ёй чалавека чакала ў музеі і мінскую паэтэсу Анастасію Кухарэнку.

Увогуле, з героямі купалаўскай паэмы "Над ракой Арэсай" звязаны лёс многіх выхадцаў з любанскага краю і яго цяперашніх жыхароў. Жыхарка вёскі Камунары Анастасія Шарманава нарадзілася ў 1922 годзе. Разам з успамінамі пра сваё дзяцінства захоўвае яна вобраз Янкі Купалы. Быццам бы ўчарашнюю падзею, яскрава ўзгадвае пра знаходжанне паэта ў вёсцы. Расказвае, як той любіў прыходзіць на вечарыны, танцаваў, падтрымліваў прыпеўкі, як паважліва звяртаўся да простых людзей. Заходзячы на ферму, дзе ў тыя гады працавалі і старыя, і маладыя, Купала, вітаючыся, імкнуўся нікога не абмінуць: "Добры дзень, дзяўчаты-маладзіцы!" А колькі цікавага чулі ад яго камунараўцы і самі распавядалі паэту, калі разам ездзілі за сем кіламетраў на Арэсу, плавалі на чоўне, вудзілі рыбу...

Літаратурны пакой у вёсцы — гэта сапраўдны музей. Нават ёсць свой дасведчаны экскурсавод — Даша Пекар, вучаніца мясцовай сярэдняй школы імя Янкі Купалы. Яна расказала нам і пра мінулае, і пра сучаснае свайго краю. Калі на школьным дворыку ўдзельнікі турнэ фатаграфаваліся каля ўнікальнай калекцыі камянёў, на якіх пазначана біяграфія Купалы, вучні давялі да нас сваё тлумачэнне назвы вёскі Камуна (у гэтай назве сабраліся першыя літары слоў "Купала Аднойчы Мілагучна Уславіў Нашу Арэсу").

Хтосьці, магчыма, запярэчыць: маўляў, дрэнна, што дзеці падмяняюць галоўны змест слова "Камуна". А я скажу так: гэта цудоўна, што яны звязваюць з Камунай імя Купалы. Што вельмі важна, бо рамантыка і гераічны пафас тых часоў сталі паэтычным дакументам гэтай зямлі дзякуючы менавіта Купалу. Сёння над ракой Арэсай расце-падымаецца новае пакаленне роду камунараў. У час турнэ мы бачылі ўнікальныя выставы твораў мясцовых умельцаў, наведвалі народную майстэрню ткацтва "Матрушка", клуб народных традыцый "Вытокі", былі на літаратурнай сустрэчы ў сярэдняй школе, на прэзентацыі альбома "Маляваныя сны". З народных вытокаў, асвечаных купалаўскім словам, вырастаюць рэдкасныя майстры. Але яшчэ больш важна тое, што імя песняра мясцовыя людзі вымаўляюць у адным пераліку з роднымі імёнамі былых камунараў.

Перад паездкай па раёне кожны ўдзельнік літаратурна-гістарычнага турнэ марыў убачыць апетую Купалам палескую рэчку Арэсу. Але наш маршрут пралягаў толькі бліз шырокіх меліярацыйных каналаў, маляўніча аблямаваных муражыстымі берагамі. Некранутае меліяратарамі рэчышча ракі хавалася ад позірку недзе далёка за бясконцымі палеткамі. І ўсё ж мы сустрэліся з Арэсай — маладой, гаманлівай, неспакойнай. "Арэса" — так называўся аздараўленчы летнік для школьнікаў. Там адбылася цікавая размова пра колішнюю паездку Янкі Купалы на Любаншчыну. Перад моладдзю выступілі ўдзельнікі турнэ: доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Дасаева, кандыдат гістарычных навук, старшыня грамадскага аб'яднання "Адукацыйны цэнтр "Пост" Дзмітрый Карпіевіч, кампазітар Іван Раманчук.

Яўген Пясецкі.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.