Вы тут

Злачынства і пакаранне


На прэс-канферэнцыі пракурор Брэсцкай вобласці Івана Наскевіча быў агучаны факт. Звычайны факт з паўсядзённай работы пракуратуры. Ён датычыць абароны правоў непаўналетняга, але не толькі.

Жыхар Брэсцкага раёна моцна збіў свайго 14-гадовага сына за нейкую нязначную правіннасць. Хлопчык, ратуючыся ад пабояў, выскачыў на вуліцу басанож. А быў канец студзеня, стаялі маразы пад 30 градусаў. Падлетак атрымаў абмаражэнне ног 1-й і 2-й ступені. (Адразу чамусьці згадалася, як фашысты гналі па марозе Зою Касмадзям'янскую без абутку...) Маці падлетка пісаць заяву ў міліцыю адмовілася. Відаць, для яе гэта звыклыя сямейныя разборкі. Але пракурор з такой пазіцыяй не пагадзіўся і распачаў у дачыненні да бацькі хлопчыка адміністрацыйны працэс. Праўда, суд Брэсцкага раёна

, прызнаўшы грамадзяніна вінаватым у наўмысным прычыненні цялесных пашкоджанняў, палічыў правапарушэнне малазначным і вызваліў яго ад адказнасці. Тады пракурор вынес пратэст. І ўжо абласны суд наклаў адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў 1 мільён рублёў.

Як быццам бы справядлівасць адноўлена. Але хто ў выніку яе пакараны? Цалкам верагодна, што таму пабітаму і абмарожанаму падлетку потым не купілі новыя чаравікі альбо куртку, ды яшчэ і папракалі: маўляў, вось гэта з-за цябе давялося заплаціць мільён штрафу! І вымушаны хлопец быў хадзіць у тым, з чаго даўно вырас, за што раз-пораз кпілі з яго аднакласнікі, бо падлеткавае асяроддзе, як мы ведаем, даволі жорсткае. І зноў цярпеў і пакутаваў недарослы чалавек. Будзем спадзявацца, што апошняе — толькі мая фантазія. Але меркаванне, што бацька ўсвядоміў заганнасць сваіх паводзін, заплаціўшы мільён, у гэтай гісторыі надзвычай прывіднае. Каб яго пасадзілі пад адміністрацыйны арышт хаця б на месяц, дзе ўказаныя грошы ён мог бы зарабіць на грамадскіх работах — іншая рэч. Пазбавіўшыся магчымасці піць, атрымаўшы шмат часу на роздум, чалавек, можа, і задумаўся б наконт таго, што трапляць сюды лішні раз непажадана.

Перад тым, як узялася пісаць гэтыя радкі, зазірнула ў зводку на сайце УУС. У Пінску заведзена адразу некалькі крымінальных спраў па факце падробкі дакументаў адным і тым жа чалавекам. Нейкі 20-гадовы навучэнец каледжа адсканіраваў медыцынскую даведку, якая давала дазвол на пропуск заняткаў па стане здароўя. Справай тэхнікі стала размножыць бланк, а потым запоўніць і раздаць сябрам. Ён нават грошы за сваю паслугу не браў, проста дапамагаў таварышам па вучобе ўтойваць прагулы. Каму нанеслі ўрон гэтыя гора-навучэнцы? Толькі самім сабе, бо пралайдачылі і недаатрымалі веды. Але за гэтыя дзеянні хлопцу пагражае рэальны тэрмін. За кожны факт падробкі — крымінальная справа. Ну а далей вердыкт будзе выносіць суд. Такі закон.

Як і ў першым выпадку, калі пракурорскі работнік дзейнічаў выключна ў рамках закона. Несумненна, ён хацеў пакараць нягоднага бацьку, а пакараў сям'ю, у тым ліку і пацярпелага. Чаму ў нас такія законы? Відаць, ад традыцый, якія ідуць не з глыбіні вякоў, а са значна пазнейшых часоў нашай "найноўшай гісторыі", калі чалавек не лічыўся асаблівай каштоўнасцю, а вось папера была рэччу свяшчэннай. Я не за тое, што зусім не трэба караць падробшчыкаў медыцынскіх даведак, але за тое, каб давалася адэкватная ацэнка за знявагу гонару і годнасці чалавека, — несумненна, у рамках закона.

Законы ж, як вядома, уяўляюць сабой нейкае канцэнтраванае адлюстраванне грамадскай свядомасці. Іншымі словамі: якія мы, такіх мы выбіраем дэпутатаў, такія яны ствараюць законы. Усё вельмі цесна звязана ў свеце, і не трэба заўсёды ківаць на кагосьці іншага. Усе ведаюць, што адбылося з папраўкай у заканадаўчы акт аб канфіскацыі аўтамабіляў. Жыццё прымусіла, і грамадская свядомасць падштурхнула абараніць усіх патэнцыяльных ахвяр ад магчымых п'яных забойцаў. Некалі прыйдзем і да таго, што рэальна абаронім усіх пасіўных курыльшчыкаў ад тых, хто прымушае іх быць такімі. Радыкальна вырашым пытанне з гаспадарамі агрэсіўных сабак, якія не захоўваюць правілы іх утрымання. Замацуем заканадаўча многія іншыя моманты, якія дазволяць лепш абараніць жыццё і спакой нармальнага сярэднестатыстычнага чалавека. Шкада толькі, што, пакуль выхоўваецца наша свядомасць, можа змяніцца не адно пакаленне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.