Вы тут

Еўрабюракратыя па-літоўску


Некалькі дзён таму міністр замежных спраў і міністр навакольнага асяроддзя Літвы зрабілі даволі жорсткія заявы, якія тычацца ходу беларуска-літоўскіх перамоў па пытанні будаўніцтва беларускай АЭС.

Міністр навакольнага асяроддзя Валянцінас Мазуроніс заявіў літоўскаму агенцтву BNS, што "ў дасланых раней адказах Беларусі па Астравецкай АЭС мы бачым шмат пытанняў, якія засталіся без адказу. МЗС даручана перадаць нашу пазіцыю Беларусі, і пакуль няма канчатковых, поўных адказаў, сустрэчы з грамадскасцю не могуць праводзіцца".

Гаворка ідзе пра тое, што, у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі (напрыклад, Канвенцыяй Эспа), краіна паходжання трансгранічнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе абавязана паведаміць суседнім краінам пра дзейнасць, якая падобнае ўздзеянне акажа (у нашым выпадку — пра будаўніцтва і далейшую працу АЭС). З заявы літоўскага міністра вынікае, што Беларусь не падала Вільнюсу поўных адказаў на адпаведныя пытанні.

У гэтым жа духу выказаўся кіраўнік МЗС суседняй краіны, які абвінаваціў Беларусь у невыкананні працэдур Канвенцыі Эспа. "Тое, што яны даслалі, не адпавядае патрабаванням да даных, і такія сустрэчы [з грамадскасцю Літвы] не могуць праводзіцца", — сказаў міністр Лінас Лінкявічус.

Тут узнікае пытанне: чаму для інфармавання беларускага боку аб нібыта недастатковасці пададзенай ёй інфармацыі літоўскія чыноўнікі выбралі літоўскае ж інфармагенцтва, а не звычайную міжведамасную перапіску?

Бо, як нам стала вядома ад крыніц у Міністэрстве замежных спраў Беларусі, усе, менавіта ўсе (!) матэрыялы па ўсіх пытаннях літоўскага боку беларускія ведамствы далі яшчэ ў 2012 годзе, у тым ліку — перакладзенымі на літоўскую мову. І з тых часоў — у адказ ні слоўца. Больш за тое, інфармацыю па ўсіх асноўных пытаннях, прадугледжаных Канвенцыяй Эспа, Беларусь дала яшчэ раней. Але на працягу 2012 года ў літоўскіх калег узнікалі ўсё новыя і новыя пытанні, на якія беларускія ведамствы цярпліва накіроўвалі адказы. На працягу 2013 года 5 разоў (!) Мінск афіцыйна звяртаўся да Вільнюса з просьбай даць адказ на накіраваныя матэрыялы і запрашаў літоўскіх калег да пачатку грамадскіх абмеркаванняў трансгранічнай ацэнкі па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе (АУНА) беларускай АЭС. Адказ жа прыйшоў толькі 8 ліпеня 2013 года, калі Вільнюс паведаміў, што паперы ўсё ж такі атрыманы, што яны вывучаюцца і што папярэдні адказ на іх можа быць дадзены не раней канца лета 2013 года. Пры гэтым у вусных перамовах было сказана, што з-за вялікай занятасці ў сувязі са старшынствам Літвы ў ЕС разгляд беларускіх дакументаў зацягваецца.

Іншымі словамі, літоўскі бок проста паклаў паперы ў стол і зацягвае пытанне. Пры гэтым ім парушаюцца палажэнні той самай Канвенцыі Эспа, якая абвяшчае, што "зацікаўленыя Бакі забяспечваюць распаўсюджванне адпаведнай дакументацыі сярод органаў і грамадскасці закранутага Боку ... , а таксама прадстаўленне заўваг кампетэнтнаму органу Боку паходжання, альбо непасрэдна, альбо, калі гэта неабходна, праз Бок паходжання, у разумныя тэрміны да прыняцця канчатковага рашэння датычна запланаванай дзейнасці".

1375105269330_1

Навошта гэта літоўскаму боку трэба — прыкладна зразумела. Літоўскае МЗС нядаўна заявіла, што ад планаў па будаўніцтве ў самой Літве новай, Вісагінскай АЭС яшчэ ніхто не адмаўляецца і перамовы з японскай кампаніяй Hіtасhі, якая павінна будзе будаваць літоўскі рэактар, яшчэ працягваюцца (вось ужо які год). Але калі ў рэгіёне з'явіцца Балтыйская АЭС у Калінінградскай вобласці і Беларуская АЭС у Гродзенскай вобласці, будаўніцтва новай літоўскай АЭС будзе ўжо эканамічна немэтазгодным. Таму МЗС нашых суседзяў стараецца як мага даўжэй "цягнуць ката за хвост" у жаданні затармазіць беларускі праект. Дарэчы, у дачыненні да Балтыйскай АЭС Вільнюсам былі прыняты яшчэ больш жорсткія меры, звязаныя з адмовай купляць у будучыні электраэнергію, што вырабляецца на ёй.

Аднак з атамнымі амбіцыямі знешнепалітычнага ведамства Літвы не вельмі згодна насельніцтва краіны, якое на нядаўнім рэферэндуме большасцю галасоў (больш за 60%) выказалася супраць будаўніцтва ў краіне атамнай электрастанцыі. Вынік гэты вымушана была прызнаць легітымным прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, хоць яна і ўбачыла ў ім "руку Масквы" (папулярны ў апошні час лозунг). Аднак міністра замежных спраў гэта чамусьці не пераканала, ён вырашыў ратаваць праект Вісагінскай АЭС насуперак волі народа (дарэчы, таксама папулярны ў апошні час падыход у еўрапейскай палітыцы).

Будучы юрыстам-міжнароднікам па адукацыі і памятаючы пра няўхільны прынцып добрасумленнага выканання абавязацельстваў, я, шчыра сказаць, быў абураны такімі паводзінамі літоўскіх чыноўнікаў. Але расійскі калега, кіраўнік Руска-Балтыйскага медыя-цэнтра Ігар Паўлоўскі

(на фота) падказаў, што здзіўляцца і абурацца тут якраз няма чаму:

1375105270471_2

"Гэта тактыка літоўскага боку ўжо была адпрацавана на Балтыйскай АЭС. Абсалютна такое ж жаданне "забалбатаць" тэму, пастаянна абвінавачваючы другі бок у неіснуючых грахах. Адмова ад канструктыўнага дыялогу, галаслоўныя асуджэнні, пастаянная віртуальная апеляцыя да нейкіх "еўрапейскіх стандартаў і каштоўнасцяў" замест сур'ёзнай размовы аб бяспецы — яркія адметныя крокі такой тактыкі. Беларусі трэба рыхтавацца да таго, што на ўсе прапановы правесці канструктыўныя размовы будзе абсалютна істэрычная рэакцыя з літоўскага боку. Адрозненне Расіі ад Беларусі толькі ў адным, што Расія на момант пачатку будаўніцтва не ратыфікавала Канвенцыю Эспа, таму можа спакойна будаваць АЭС, не звяртаючы ўвагі на незадаволенасць Літвы".

Таму зусім карэктным у такой сітуацыі выглядае рашэнне беларускіх улад у ініцыятыўным парадку прызначыць грамадскія абмеркаванні на падставе канчатковай справаздачы аб АУНА беларускай АЭС 17 жніўня 2013 года ў г. Астраўцы з запрашэннем туды літоўскай грамадскасці. Як нам паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, беларускі бок гатовы прыняць да тысячы літоўцаў, прадаставіць ахвотным бясплатныя візы, арганізаваць транспартнае забеспячэнне іх удзелу ў абмеркаваннях. Пасля гэтага мерапрыемства беларускі бок запрашае кампетэнтных літоўскіх прадстаўнікоў на экспертнае абмеркаванне АУНА ў Мінску 20 жніўня 2013.

Мабыць, такі спакойны і карэктны падыход з'яўляецца адзіна правільным у гэтай сітуацыі. Абавязацельствы па міжнародных пагадненнях падлягаюць безумоўнаму выкананню.

Юрый Царык, палітычны аналітык,
кіраўнік Беларускай групы развіцця.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Жанчыны ўступаюць у першы шлюб у 26,3 года, мужчыны — 28,6.

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.