Вы тут

Рэкорды і няўдачы прыёмнай кампаніі


Безумоўна, галоўнай адметнасцю сёлетняй прыёмнай кампаніі стануць надзвычай высокія прахадныя балы на адны спецыяльнасці і недаборы на іншыя.

Так, напрыклад, у БДУ для таго, каб паступіць на спецыяльнасць "Міжнароднае права" на бюджэт, трэба было набраць у гэтым годзе 388 балаў, на "Лагістыку" — 374, "Менеджмент у сферы міжнароднага турызму" — 373, "Сусветную эканоміку" — 372 балы. Вельмі высокія прахадныя балы склаліся ў БДУ таксама на прыродазнаўчых спецыяльнасцях: 366 балаў — на "Актуарнай матэматыцы", 358 балаў — на"Інфарматыцы", 355 балаў — на "Прыкладной інфарматыцы", 352 — на "Камп'ютарнай бяспецы", 343 — на "Эканамічнай кібернетыцы", 336 — на "Хіміі лекавых спалучэнняў", 325 — на "Прыкладной матэматыцы", 310 — на "Хіміі высокіх энергій" і гэтак далей. Увогуле, сярод залічаных у БДУ на першы курс 60% абітурыентаў мелі ў агульнай суме 300 балаў і больш. Да таго ж сярод абітурыентаў БДУ ўзору 2013 года аказаліся і такія ўнікумы, якія набралі ў суме 399 і 397 балаў з 400 магчымых!

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі вынікамі прыёмнай кампаніі таксама засталіся цалкам задаволеныя. Па словах рэктара БДУІР Міхаіла Батуры

, сёлета ва ўніверсітэт прыйшоў вельмі моцны абітурыент. У параўнанні з 2012 годам сярэдні конкурс вырас з 1,4 да 1,5 чалавека на месца, але на асобных спецыяльнасцях на адно месца прэтэндавалі больш як чатыры чалавекі. Такім чынам, апасенні, што павышэнне ніжняга значэння тэставага бала скароціць колькасць прэтэндэнтаў на студэнцкі білет, у дачыненні да БДУІР не спраўдзіліся. Міхаіл Батура ўпэўнены, што новы парог, наадварот, прымусіў абітурыентаў мабілізавацца:

— Для нас самае галоўнае, што якасны склад абітурыентаў гэтага года намнога вышэйшы, чым летась. Калі ў мінулым годзе да нас ва ўніверсітэт паступалі гараджане з баламі 219 і вышэй, то ў гэтую ўступную кампанію на бюджэт прыйшлі абітурыенты з баламі 263 і больш, а для абітурыентаў з сельскай мясцовасці гэтая лічба вырасла з 210 да 241 бала.

На некаторых спецыяльнасцях прахадны бал быў ад 360 і вышэй, сярод іх "Інфарматыка і тэхналогіі праграміравання" і "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій". З тых, хто паступіў на бюджэт, больш як 60% маюць у агульнай суме (тры сертыфікаты плюс атэстат) 300 балаў і больш. На платнае аддзяленне ў БДУІР набралі 907 чалавек: 10% з агульнай колькасці студэнтаў-платнікаў таксама маюць 300 балаў і больш.

Па меркаванні рэктара, прыцягальным для абітурыентаў стала ўкараненне ў БДУІР сістэмы навучання "4+2": чатыры гады навучання на першай ступені і два гады навучання ў магістратуры:

— Гэта самая аптымальная, эфектыўная і сучасная сістэма, уласцівая для большасці еўрапейскіх краін. Прапанаваная намі мадэль — абгрунтаваная і пацверджаная разлікамі магчымасць падрыхтаваць на першай ступені спецыяліста з такой жа кваліфікацыяй, што і пры пяцігадовай адукацыі, але за меншы час. Пры гэтым чатырохгадовы вучэбны план не страціў ніводнай прафесійнай кампетэнцыі ў параўнанні з пяцігадовым, — сцвярджае Міхаіл Батура.

Яшчэ адно новаўвядзенне апошняй прыёмнай кампаніі ў БДУІР — гэта магчымасць указваць пры падачы дакументаў на спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю адразу 7 прыярытэтных спецыяльнасцяў. Нагадаем, што толькі ў БДУІР ужо некалькі гадоў дзейнічае аўтаматызаваная сістэма прыёму заяў і залічэння.

— Калі да нас прыйшоў абітурыент, які мае тры сотні балаў, ён можа быць упэўнены, што промаху дакладна не будзе: малады чалавек абавязкова будзе залічаны на адну з сямі спецыяльнасцяў і стане студэнтамБДУІР, — падкрэслівае рэктар універсітэта.

Тым не менш магчымасці сістэмы электроннага залічэння выкарысталі далёка не ўсе. Частка абітурыентаў усё роўна ўказвала ў заяве толькі дзве—тры спецыяльнасці. Тыя з іх, хто на згаданыя спецыяльнасці па конкурсе на прайшоў, былі размеркаваны на бюджэтныя месцы, што засталіся свабоднымі. У маладых людзей была магчымасць выбіраць: або прыняць рэкамендацыі прыёмнай камісіі і атрымліваць адукацыю на прапанаванай ім спецыяльнасці, або забраць дакументы і перайсці на платнае навучанне па той спецыяльнасці, якую яны для сябе першапачаткова абралі.

А вось у БНТУ сёлета сутыкнуліся з недаборам на шэраг спецыяльнасцяў. Напрыклад, на механіка-тэхналагічным факультэце недабор быў ажно на чатырох спецыяльнасцях з шасці і на дзве спецыяльнасці былі залічаны ўсе абітурыенты, якія ўдзельнічалі ў конкурсе. Падобная сітуацыя назіралася і на ваенна-тэхнічным факультэце, дзе на дзве спецыяльнасці былі залічаны ўсе, хто ўдзельнічаў у конкурсе, а на трох спецыяльнасцях — зафіксаваны недабор. Паводле папярэдніх прагнозаў, недабору тут не павінна былобыць. Наадварот, калі зыходзіць з колькасці выдадзеных ваенкаматамі накіраванняў, конкурс быў непазбежным: абітурыенты прайшлі ўсе неабходныя гутаркі, медагляд, але, відаць па ўсім, не змаглі пераадолець устаноўлены на цэнтралізаваным тэсціраванні новы мінімальны парог.

Разам з тым на многіх спецыяльнасцях у БНТУ былі і конкурсы, і высокія прахадныя балы. Так, пры залічэнні на дзённую бюджэтную форму навучання на спецыяльнасць "Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва" прахадны бал для выпускнікоў гарадскіх устаноў адукацыі склаў 272, а для сельскіх — 250. Пры гэтым трэба ўлічваць, што гэта самая шматколькасная спецыяльнасць у БНТУ, набор на якую — 160 чалавек. Сярод тых, хто паступіў, 26 медалістаў і каля паловы маюць у суме больш як 300 балаў. А на спецыяльнасць "Экспертыза і кіраванне нерухомасцю" прахадны бал для гараджан склаў і ўвогуле 304 балы і 244 — для абітурыентаў з сельскай мясцовасці.

Надзея Нікалаева.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.