Вы тут

Лепшы лясны "антыдэпрэсант" — лісічкі!..


"Ціхае паляванне" — улюблёная справа многіх людзей. І ўзрост тут не адыгрывае асаблівай ролі — было б жаданне і, зразумела, лес. У некага грыбны сезон пачынаецца яшчэ вясной, калі з'яўляюцца першыя смаржкі, а нехта аддае перавагу больш "традыцыйным" грыбам, якія пачынаюць расці пасля першых летніх дажджоў. Так ці інакш, пры жаданні грыбы ў нашых лясах можна збіраць ці не з красавіка — і пакуль не выпадзе снег. Амаль заўсёды ў гэты час можна сустрэць лісічкі. Першыя такія грыбы сустракаюцца ўжо ў канцы мая — пачатку чэрвеня. І працягваюць расці ажно да маразоў!

Я люблю збіраць грыбы з дзяцінства. Колькі смачных страў з іх можна прыгатаваць! І грыбны суп зварыць (каронная страва маёй бабулі), і квас, і пасмажыць... Але вось лісічкі ў сферу маіх густаў не ўваходзяць: хто часта гатуе стравы з грыбоў, пацвердзяць — смак у іх даволі-такі спецыфічны, не такі, як, напрыклад, у белых грыбоў, абабкаў, маслякоў, ці нават сыраежак. Тым не менш, збіраць я іх люблю, бо ў лесе яны амаль заўсёды ёсць. Нават у спякотную пару.

Калі збіраеш грыбы, ходзіш па лесе, думкі неяк ачышчаюцца і розныя "невырашальныя" праблемы адыходзяць на другі план. Таму лісічкі з дзяцінства сталі для мяне своеасаблівым "антыдэпрэсантам". А назбіранае я і зараз часта адвожу ў суседні ад вёскі Трасцянка, у якой жыве мая бабуля, пасёлак Лагішын. Як правіла, "ураджай" у мяне традыцыйна не вельмі вялікі. Калі адна хаджу, то прыношу дадому кілаграмы два-два з паловай. Калі ідзём разам з бабуляй, то набіраем і пяць кілаграмаў. Гэта смешныя дасягненні ў параўнанні з ураджаем іншых грыбнікоў, але, на маю думку, грыбы — гэта якраз тая справа, дзе галоўнае — сам працэс.

— Па-рознаму людзі прыносяць, — стараецца не пакрыўдзіць нічыю працу прыёмшчык. — Хтосьці кілаграм, а некаторыя — і па пятнаццаць. Вось мой сусед учора прынёс адзінаццаць кілаграмаў!

1376492860707_14-13

Мне гэта нават здаецца трошкі неверагодным. Адзін — і столькі набраць! І ў што ён збіраў? Відаць, быў на машыне. Бо ў мой кошык змяшчаецца максімум тры з паловай кілаграмы. Не мог жа ён хадзіць з чатырма кашамі!

Але бабуля, якая ведае лепш за мяне грыбныя мясціны суседняга Лагішына (дзе і жыве той сусед), развейвае мае сумненні.

— Мабыць, ён на П'яную (мясцовы тапонім. — Аўт.) ездзіў. Там, кажуць, лісічак хоць касою касі. Усё рыжае!

Я не перастаю па-добраму зайздросціць таму суседу. Відаць, гэта пачуццё знаёмае кожнаму грыбніку: знайсці такую мясціну, дзе грыбоў — куды вока кінь! І якую ніхто не ведае. Але пра сябе прыкідваю, што, калі б я была больш стараннай, то таксама магла б набраць куды больш. Усё ж такі мой стандартны паход у лес не цягнецца больш за дзве — максімум тры гадзіны. А для вопытных грыбнікоў і дня мала.

Шмат гісторый і незабыўных уражанняў звязана з грыбамі ў цэлым і лісічкамі ў прыватнасці ў кожнага, хто любіць "ціхае паляванне". Вось адзін з маіх першых "грыбных" успамінаў.

...Мне, можа, гады тры-чатыры. З бабуляй мы пайшлі ў лісічкі ў лес, які тут, у нас, вядомы пад назвай "горы". Сапраўды, там ёсць узгоркі, што даволі-такі незвычайна для раўніннага Палесся.

Але большасць "гор" — вынік Вялікай Айчыннай вайны: гэта тое, што засталося пасля бамбёжак. Зараз там вырас лес, і на схілах узгоркаў, а таксама ў пракапаных калісьці траншэях ужо колькі гадоў растуць лісічкі.

Нягледзячы на тое, што лес пачынаецца адразу за бабуліным агародам, ісці ў горы было далекавата. І неяк так атрымалася, што мы трошкі заблудзілі. І ўсё было б добра, дарога знайшлася б. Але неспадзявана пачалася навальніца. Мая бабуля не разгубілася, распранулася ледзь не да бялізны і захінула мяне ў сваю адзежыну, каб я не намокла і не захварэла. Далей мы выйшлі на шашу — а яна праходзіць акурат праз нашу вёску. Бабуля "прагаласавала", і спынілася вялікая фура. Шафёр хоць і смяяўся з незвычайнага нашага выгляду, але падвёз пад самы дом. Пасля смяялася мама, якая не пайшла з намі ў лес.

Дарэчы, у мамы таксама ёсць свая "грыбная" гісторыя. Неяк у маленстве яны з сястрой Таццянай, маёй цёткай, наслухаўшыся гісторый ад аднакласнікаў пра тое, хто і колькі знайшоў грыбоў, вырашылі пасля школы выпрабаваць сваё "лясное" шчасце. Бабуля ў гэты час была на працы, таму ніяк іх дзеянні пракантраляваць не магла. Дзяўчаты заблудзіліся. І блукалі доўга. Нарэшце, выйшлі да вёскі, якая знаходзіцца даволі-такі далёка ад Лагішына. На шчасце, мясцовыя купілі ім білеты на аўтобус, і вечарам (хоць і даволі позна) яны былі дома. А яшчэ неяк па тэлебачанні расказвалі пра аднаго такога палескага грыбніка, што ненаўмысна перайшоў мяжу з Украінай. Вось гэта паход у грыбы!

Але не заўсёды "грыбныя" гісторыі ўспамінаюцца толькі з вясёлым смехам. Лес — гэта не садок за хатай, але і дом для многіх лясных жыхароў. У нашых лясах жывуць лосі, казулі, зайцы, лісы, дзікі (іх асабліва шмат), а з нядаўняга часу — і бабры. І трэба пра звяроў памятаць і, што называецца, "не нарывацца". Вось такую гісторыю расказваюць у нашай вёсцы пра вельмі ўжо вопытнага грыбніка, які паплаціўся жыццём за сваю апантанасць.

Як я ўжо пісала, лісічкі любяць расці на розных схілах: у ямках ад ваенных акопаў, траншэях... Дык вось, часта там жа вырываюць сабе норы лісы. Грыбнік з Пінска збірае сабе грыбы і бачыць, што невялікая сямейка ўпадабала месца якраз над свежай лісінай нарой. Ён пацягнуўся за імі — і быў атакаваны... раззлаванай лісой, якая пракусіла яму шыю і перагрызла сонную артэрыю. Відаць, яна падумала, што мужчына цягнецца за ёю. А можа, што найбольш верагодна, ліса была проста шалёнай. Народны эпас такой інфармацыі не захаваў.

"Прагуляцца" па грыбных мясцінах любяць і "кампаніі" дзікоў — яны часам бываюць сапраўдным лакальным бедствам для жыхароў лясных палескіх вёсачак: то "нападуць" на палеткі з бульбай і ўсё перакапаюць, то дабяруцца нават да агародаў — іх прагулкі па грыбных мясцінах таксама не вельмі "акуратныя". Вось і сёлета ў адным з маіх надзейных лясных "агародаў" дзікі добра так пагаспадарылі. На шчасце, грыбніцу яны не з'елі, таму лісічкі растуць нават на разрытым моху.

Лісічкі можна здаць у спецыяльныя закупачныя пункты, якія ёсць ці не ў кожнай вёсцы. Сёлета іх пачалі прымаць з сярэдзіны чэрвеня, а збіраць гэтыя грыбы аматары маглі ўжо ў самым пачатку першага летняга месяца. Што да цаны, то яна ўвесь час вагаецца. Так, на Піншчыне лісічкі пачалі прымаць па 25 тысяч рублёў за кілаграм, але пасля дажджоў цана ўпала да 15-20 тысяч.

Чаму менавіта лісічкі, а не сыраежкі, не белыя грыбы (тыя таксама ж можна здаваць) карыстаюцца такой папулярнасцю ў закупшчыкаў? Усё проста. Лісічка — гэта, здаецца, адзіны ў нашым рэгіёне грыб, які не чарвівее. Уся справа ў тым, што ў лісічках ёсць спецыяльнае рэчыва (хіцінманоза), якое разбурае капсулы яек розных чарвякоў і такім чынам не дае ім развівацца. Па гэтай прычыне такія грыбы ў вялікай колькасці закупляюць замежныя фармакалагічныя кампаніі і для вырабу з іх розных лекаў. Рэчывы, якія ёсць у лісічках, дапамагаюць пры захворваннях печані, вельмі карысныя пры захворваннях вачэй, асабліва пры так званай "курынай слепаце". Таксама гэтыя грыбы могуць прынесці карысць людзям, што хварэюць на туберкулёз, бо менавіта лісічкі маюць у сваім саставе рэчывы, якія блакіруюць рост туберкулёзнай палачкі. Вось такія яны прыгожыя і карысныя — лісічкі!

Надзея Юшкевіч

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.