Вы тут

Здымнае жыллё ўжо падаражэла на чвэрць


Аналітыкі ад рынку нерухомасці прадказваюць павелічэнне цэннікаў на прыватную арэнду яшчэ на 5-10%

Ужо традыцыйна штогод, недзе ў другой палове жніўня, да аўтара гэтых радкоў пачынаюць актыўна дазвоньвацца школьныя сябры і проста знаёмыя, у якіх дзеці паступаюць у розныя навучальныя ўстановы сталіцы. Такім чынам мае школьныя таварышы з малой радзімы спрабуюць даведацца пра аптымальныя варыянты ў сферы арэнднага жылля. Я, вядома, не рыэлтар, але ў свой час з сям'ёй больш як 10 гадоў здымаў кватэру ў розных гаспадароў... Больш за тое, пра сённяшняе развіццё сталічнага рынку арэнды і прагнозы на бліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву карэспандэнту "Звязды" паведаміў намеснік дырэктара агенцтва нерухомасці "Цэнтрастыль" Анатоль Звяздзін.

Выбар мінімальны, але...

...пакуль яшчэ ёсць. Менавіта так характарызуе сітуацыю з арэндай прыватнага жылля ў Мінску наш эксперт. Толькі за ліпень колькасць прапаноў здымнага жылля ў гэтым агенцтве паменшылася адразу на 25 працэнтаў. Спецыялісты рынку звязваюць гэта ў першую чаргу з сезонам летніх адпачынкаў, калі гаспадары падобнага жылля маглі ўзяць часовы тайм-аўт. Па-другое, у сталіцы за мінулы год было пабудавана менш жылля, чым здавалася ў эксплуатацыю раней. Існуюць і іншыя менш важкія фактары. Напрыклад, зараз здаваць жыллё, што было пабудавана з выкарыстаннем ільготных крэдытаў, стала праблематычна...

А вось з іншага боку, попыт на арэндныя кватэры ў агенцтве павялічыўся з боку патэнцыйных кватарантаў адразу на 7 працэнтаў за мінулы месяц. Тлумачыцца гэта тым, што частка студэнтаў пасля заканчэння ВНУ трапіла ў ранг маладых спецыялістаў і пачынае шукаць асобнае жыллё. Сёння здымныя кватэры карыстаюцца попытам і ў "свежых" патэнцыяльных студэнтаў, якія прыехалі "заваёўваць" Мінск з рэгіёнаў.

Новай тэндэнцыяй буйнейшага мегаполіса краіны стала павелічэнне прытоку работнікаў рознай кваліфікацыі менавіта з рэгіёнаў. Зразумела, што і гэтыя работнікі атрымалі патэнцыяльны статус будучых кватарантаў прыватнага жылля.

Стандартная аднапакаёўка — 400—450 USD

Недахоп параўнальна таннага арэнднага жылля назіраецца ў сталіцы ўжо з першых дзён лета. У гэты час у Мінску павялічылася колькасць сезонных работнікаў. Цяпер, калі ўлічваць і новыя фактары, жорсткі дэфіцыт амаль усіх тыпаў стандартнага арэнднага жылля стаў увогуле моцна "награвацца".

Звычайна, больш-менш прывабныя аднапакаёвыя кватэры эканом-класа стандартных якасцяў у спальных раёнах прапануюцца за 400 долараў. Існуюць зараз на рынку і "слабенькія" жылыя апартаменты ў дамах 1960-1970-х гадоў, кошт арэнды якіх пачынаецца з 370—380 долараў. Звычайна падобныя танныя аднапакаёўкі адшукваюць сабе новых гаспадароў на працягу некалькіх гадзін.

Увогуле, тут трэба адзначыць, што кошт арэнды амаль аднолькавых па плошчы кватэр у суседніх дамах можа адрознівацца на круглую суму. Калі ў такой аднапакаёвай кватэры якасны рамонт, сучасная мэбля і адпаведная бытавая тэхніка, то цэннік арэнды тут можа дасягаць і 500 долараў за месяц.

А вось максімальны кошт арэнды аднапакаёвак у Цэнтральным раёне і знакавых кропках горада дасягае зараз 1100 долараў.

Мінімальны кошт арэнды стандартных двухпакаёвак пачынаецца з 450 долараў. Па такім кошце цяпер магчыма зняць толькі сапраўды бюджэтныя кватэры з мінімальным наборам бытавой тэхнікі і мэбляй савецкіх часоў. Звычайна гэта кватэры на ўскрайку Кастрычніцкага, Ленінскага раёнаў і ў Шабанах. Лепшае па якасці двухпакаёвае жыллё мае арэндны цэннік ад 500 да 800 долараў.

Такая вялікая разбежка ў памеры арэнды тлумачыцца не толькі рознай якасцю кватэр, але і апетытамі гаспадароў. Асобныя з іх не саромеюцца і арганізуюць імправізаваныя аўкцыёны сярод будучых кватарантаў, калі жыллё здаецца таму, хто больш заплаціць.

Мінімальны кошт арэнды трохпакаёвых кватэр эканом-класа складае прыкладна 600 долараў. Часам і тут бываюць выключэнні, калі зусім пустыя трохпакаёўкі ў нязручных новабудоўлях магчыма адшукаць і за 450—500 долараў. Аднак такіх выпадкаў адзінкі.

Максімальны кошт арэнды стандартных трохпакаёвак у спальных раёнах складае да 900—1000 долараў.

Да ажыятажнай хвалі засталося некалькі тыдняў

Сваім добрым знаёмым я заўсёды раіў займацца пошукам арэнднага жылля крыху раней, чым стартуе "час пік". Здымныя кватэры трэба было шукаць ужо ў трэцяй дэкадзе ліпеня ці нават раней. Пачынаць неабходна з усіх верагодных знаёмых і іх знаёмых. Потым пажадана ісці "ў народ", каб на спецыяльныя дошкі каля дамоў клеіць аб'явы. Адначасова ў дварах дамоў пазнаёміцца з дворнікамі і бабулямі, якія ўсё і пра ўсіх ведаюць. Гэта ў ідэале можа і спрацаваць. Можа, але не факт.

А вось калі ў вас няма часовага прытулку, каб займацца пошукам здымнага жылля на працягу, магчыма, цэлага тыдня, то застаецца варыянт зрабіць гэта з дапамогай прафесіяналаў.

Існуе два варыянты паслуг, што аказваюць агенцтвы кліентам па арэндзе нерухомасці. Першая з іх вядомая як інфармацыйная, калі чалавеку прапануюцца нейкія звесткі (звычайна гэта тэлефон гаспадара і вуліца мікрараёна) аб здымных кватэрах. Другі варыянт падобнай паслугі ўяўляе сабой падбор варыянтаў здзелкі, дзе спецыяліст агенцтва "працуе" з кліентам да таго часу, пакуль ён не атрымае ключы ад кватэры. Гэта так званая рэальная паслуга — "па факце засялення". Зразумела, што першы варыянт паслугі з нумарамі тэлефонаў будзе значна танней, чым "па факце", аднак... Атрымаўшы толькі нейкую інфармацыйную паслугу, чалавек не мае дастаткова ўпэўненасці, што гэтая інфармацыя ў яго ўвогуле "стрэліць" і ён адшукае свой эксклюзіўны варыянт арэнды. Выбіраць тут, вядома, трэба самому спажыўцу...

Наш эксперт Анатоль Звяздзін упэўнены, што максімальны попыт на здымныя кватэры ў Мінску будзе назірацца мінімум на працягу першых двух тыдняў верасня.

Пры максімальным попыце на здымнае жыллё ў той час можа павялічвацца і памер арэнды, лічыць Анатоль Мікалаевіч. Такое павелічэнне можа прыплюсаваць да існуючага цэнніка яшчэ 5-10%.

Калі ўлічваць плацежаздольнасць патэнцыяльных кватарантаў, то атрымліваецца, што гэта і будзе тая максімальная гранічная мяжа цэнніка арэнды стандартных кватэр.

Магчыма, што ў верасні памер арэнды здымных кватэр стане павялічвацца і больш хуткімі тэмпамі. Аднак такое развіццё падзей не можа працягвацца доўгі час, бо для больш сур'ёзнага падаражання здымных кватэр у краіне не існуе адпаведных эканамічных падстаў. Гэта будуць тады чыста псіхалагічныя фактары некантралюемага ажыятажу, удакладняе Анатоль Звяздзін.

А я вось упэўнены, што нашы людзі грошы лічыць умеюць, таму і магчымы ажыятаж перажывуць годна. Ва ўсякім выпадку, я на гэта спадзяюся.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.