25 Верасень, аўторак

Вы тут

“ЕЎРАЗІЙСКІ ПРЭЦЭДЭНТ” У ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ


Еўразійскі эканамічны саюз, які будуецца Беларуссю, Расіяй, Казахстанам і які павінен пачаць функцыянаваць у 2015 годзе, абавязаны сваёй назвай сацыяльна-філасофскаму і геапалітычнаму вучэнню, якое паўстала ў 20-30-х гг. ХХ ст. у асяроддзі белай расійскай эміграцыі, — еўразійству. Менавіта на падмурку гэтай інтэлектуальнай традыцыі ў 1994 годзе прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў сфармуляваў ідэю стварэння Еўразійскага саюза.

Еўразійства ставіла сабе за мэту пераасэнсаванне расійскай гісторыі праз прызму тых еўразійскіх палітычных, эканамічных і сацыякультурных працэсаў, якія ў выніку прывялі да стварэння Расійскай імперыі. Пры гэтым Расійская імперыя разглядалася як нашчадак існуючых дагэтуль на еўразійскай прасторы вялікіх стэпавых імперый скіфаў, сарматаў, гунаў, цюркаў, манголаў. Так, згодна з поглядамі аднаго з класікаў еўразійства, князя Мікалая Трубяцкога, фарміраванне Расійскай імперыі пачалося ў канцы ХV ст. з "пераносам ханскай стаўкі ў Маскву", якая да той пары ўваходзіла ў склад Залатой Арды на правах улуса (федэратыўнай аўтаноміі). Таму, згодна з меркаваннямі еўразійцаў, скіфская, сармацкая, гунская, цюркская, мангольская эпохі павінны мець для рускага гісторыка не меншае значэнне, чым руская гісторыя, якая, на погляд яшчэ аднаго класіка еўразійства Пятра Савіцкага, да ХV ст. была гісторыяй аднаго з правінцыйных куткоў еўразійскай прасторы.

Як вядома, Вялікае Княства Літоўскае

ніколі не ўваходзіла ў склад Мангольскай імперыі. Ды і ў склад Расійскай імперыі землі ВКЛ трапілі толькі у канцы ХVІІІ ст. Самі тэарэтыкі еўразійства (напрыклад, той жа Савіцкі) адмаўлялі хоць якую-небудь еўразійскую прыроду ВКЛ, бо лічылі ВКЛ сферай уплыву лацінска-еўрапейскага свету, у адрозненні ад свету ўласна еўразійскага, які вызначаўся складаным сінтэзам візантыйскіх і мангольскіх імперскіх традыцый.

Але калі ўважліва прыглядзецца да гісторыі Беларусі, то мы знойдзем у ёй сапраўды еўразійскую эпоху. Тут, перш за ўсё, маецца на ўвазе не перыяд уваходжання тэрыторыі Беларусі ў склад Расійскай імперыі ці Савецкага Саюза (хоць ён таксама можа разглядацца як еўразійскі). Гаворка ідзе аб гістарычнай эпосе, калі Вялікае княства Літоўскае прэтэндавала на ролю аб'яднальніка еўразійскай прасторы, якая, пачынаючы з сярэдзіны ХІV ст., патанула ў бясконцай чарадзе міжусобных войнаў за імперскую спадчыну Чынгісхана паміж рознымі палітычнымі цэнтрамі былой Мангольскай імперыі.

У гэты перыяд, які ахоплівае ХІV — першую палову ХV стагоддзя, ВКЛ пачынае праводзіць актыўную знешнюю палітыку ва ўсходнім і паўднёва-ўсходнім кірунках — на землях, якія належалі Мангольскай імперыі. Дзякуючы стварэнню буйных ваенна-палітычных хаўрусаў паміж ВКЛ і татарскімі ханствамі ўзніклі неабходныя ўмовы для фармулявання вялікім князем Вітаўтам геапалітычнага праекта пабудовы дзяржавы-імперыі "ад мора да мора". Менавіта гэтыя хаўрусы абумовілі не толькі тэрытарыяльны рост Вялікага Княства Літоўскага ў ХІV-ХV стагоддзях, але і ход геапалітычных працэсаў, якія адбываліся ў гэты перыяд у еўразійскім стэпавым рэгіёне, Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

У 1395 годзе вялікі князь Вітаўт дае прытулак былому хану Залатой Арды Тахтамышу, які пацярпеў паразу ад яшчэ аднаго прэтэндэнта на аб'яднанне еўразійскай прасторы эміра Тамерлана, таму быў вымушаны са сваёй ардой схавацца ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе пачаў служыць вялікаму князю Вітаўту.

У тым жа годзе Тахтамыш дамовіўся з Вітаўтам аб падзеле Масковіі. Ён пагадзіўся саступіць усе маскоўскія землі Вітаўту, каб той аказаў яму дапамогу ў вяртанні трона ў Сараі. Нягледзячы на паразу ад Тамерлана, Тахтамыш не губляў надзеі на вяртанне ардынскага трона. Сам Вітаўт быў зацікаўлены дапамагчы Тахтамышу, бо хацеў пасадзіць "свайго хана" ў Ардзе, каб з яго дапамогай потым разграміць Вялікае княства Маскоўскае. З іншага боку, наяўнасць татарскіх войскаў на тэрыторыі ВКЛ гарантавала яму дадатковую сілу ў выпадку нападу Польшчы і Тэўтонскага ордэна.

У гэты час Вітаўт і фармулюе свой геапалітычны праект пабудовы дзяржавы-імперыі "ад мора да мора". Амбіцыі імперскага праекта вялікага князя Вітаўта сапраўды ўражваюць (апісанне гэтага праекта мы можам знайсці ў Ніканаўскім летапісе): "Пойдзем палоніць зямлю татарскую, пераможам цара Цемір-Кутлуя, возьмем царства яго і падзелім багацце і маёмасць яго і пасадзім у Ардзе на яго царства цара Тахтамыша, і на Кафе, і на Азове, і на Астрахані, і на ўсім прымор'і, і на Казані, і гэта будзе ўсё наша, і цар наш і мы не толькі Літоўскай зямлёю і Польскай валодаць будзем і паўночнай, і Вялікім Новым горадам і Псковам і немцамі, но і ўсімі княствамі рускімі".

Дамоўленасць паміж Вітаўтам і Тахтамышам, хоць і выгадная для абодвух бакоў, была, аднак, цяжка здзяйсняльная. Цемір-Кутлуг, стаўленік Тамерлана, які валодаў Залатой Ардой, зусім не збіраўся саступаць трон і запатрабаваў у Вітаўта выдачы ўцекача. Вітаўт адмовіў. У 1399 годзе на рацэ Ворскле адбылася бітва з Цімур-Кутлугам і эмірам Едыгеем, вынікам стала поўная параза войскаў Вітаўта і Тахтамыша. Неўзабаве Тахтамыш быў забіты.

Нягледзячы на смерць Тахтамыша, Вітаўт не губляў надзей наконт сваіх геапалітычных планаў. Ён стаў падтрымліваць сыноў Тахтамыша ў барацьбе за ардынскі трон (Джала ад-дзін, Ярэм-Берды, Кырым-Берды, Кепек), а потым і іншых прэтэндэнтаў (Улуг-Мухамад, Даўлет-Берды, Хаджы-Гірэй). Гэта практыка працягвалася аж да самай смерці Вітаўта. За сваё жыццё Вітаўт разам з рознымі прэтэндэнтамі на ардынскі трон здзейсніў каля 15 ваенных паходаў на тэрыторыю Залатой Арды, за што здабыў на еўразійскай прасторы сапраўды ханскую пашану.

Хоць вялікі князь Вітаўт і не здолеў рэалізаваць свой імперскі еўразійскі праект, усё роўна мы можам весці гаворку аб тым, што ў гісторыі Беларусі быў перыяд, які можа па праве называцца еўразійскім, калі Вялікае Княства Літоўскае таксама дэманстравала свае амбіцыі паспаборнічаць за спадчыну Чынгісхана.

Гэты "еўразійскі прэцэдэнт" у гісторыі Беларусі наводзіць на думку аб тым, што для таго, каб не ператварыцца ў перыферыю і не страціць геапалітычную суб'ектнасць ці наогул не выпасці з еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў, трэба мець свой праект, сваё бачанне еўразійскай інтэграцыі. Ужо сёння будучы Еўразійскі эканамічны саюз — прастора канкурэнцыі праектаў еўразійскай інтэграцыі. І чый праект пераможа ў гэтым спаборніцтве, той і будзе вызначаць трэнды ў будучыні.

Далучыўшыся да ініцыятывы стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, Беларусь пачала пісаць новую старонку сваёй еўразійскай гісторыі. Наколькі яна будзе паспяховай, залежыць ад здольнасці беларускай дзяржавы ўжо сёння актуалізаваць творчы інтэлектуальны патэнцыял нашага грамадства дзеля фармулявання беларускага бачання (праекта) еўразійскай інтэграцыі.

 

Арсеній Сівіцкі, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.