23 Верасень, нядзеля

Вы тут

МАЛІ – ПРАДВЕСНІК ВЯЛІКАЙ ГУЛЬНІ ЗАХАДУ СУПРАЦЬ КІТАЯ


Па меры таго, як антытэрарыстычная аперацыя "Сервал" французскіх узброеных сіл і іх заходнеафрыканскіх саюзнікаў у Малі супраць туарэгаў, якія паўсталі на поўначы краіны, і радыкальных ісламісцкіх груповак рухаецца да завяршэння, эксперты чакаюць далейшай дэстабілізацыі сітуацыі не толькі ў Малі, але і ў заходнеафрыканскім рэгіёне ў цэлым.

У прыватнасці, пра гэта ўскосна сведчаць планы ЗША па нарошчванні сваёй ваеннай прысутнасці ў Афрыцы. Акрамя ўжо існуючых шырокіх праграм Афрыканскага камандавання Узброеных сіл ЗША (USАFRІСОM), Пентагон плануе дадаткова накіраваць 3500 сваіх інструктараў у 35 краін "чорнага" кантынента, мэтай якіх з'яўляецца навучанне мясцовых сілавікоў сучасным метадам барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам, а таксама стварэнне падмурка для магчымай каардынацыі ваенных дзеянняў у будучыні. Падставай для такога кроку стаў наступ ісламістаў у Малі і актывізацыя тэрарыстычнай дзейнасці груповак "Бако Харам" у Нігерыі, "Аль-Каіды" і "Аш-Шабаб" у Самалі.

Акрамя гэтага, апошнім часам у гэтым рэгіёне намецілася тэндэнцыя па актывізацыі дзейнасці прыватных ваенных кампаній, што таксама звязана з аперацыяй у Малі і тэрарыстычнымі актамі ў Алжыры. Напрыклад, прыватная ваенная кампанія G4S адзначае, што з пачаткам інтэрвенцыі ў Малі попыт на яе паслугі рэзка вырас як у самім Малі, так і ў Нігерыі, Кеніі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы

. Попыт на паслугі прыватных ваенных кампаній з боку буйных заходніх кампаній, які ўзрастае, сведчыць аб асцярогах, звязаных з магчымасцю пачатку працяглай партызанскай вайны пасля сыходу французскіх войскаў і далейшай дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне.

Па заявах міністра замежных спраў Францыі Ларана Фабіуса, у выніку аперацыі "Сервал" тэрарыстам быў нанесены сур'ёзны ўрон, і цяпер яны дэзарганізаваныя. Ацалелыя баевікі групоўкі "Ансар ад-Дзін" і "Аль-Каіды" ў ісламскім Магрыбе" адступілі на поўнач да пласкагор'я Адар-Іфарас ля мяжы з Алжырам, адкуль у мінулым яны ўжо вялі партызанскую вайну. У той жа час некаторыя эксперты скептычна ставяцца да вынікаў аперацыі "Сервал", паколькі ўсе буйныя гарады на поўначы Малі (Гао, Цімбукту, Кідаль) былі адваяваны французамі практычна без бою. Магчыма, гэта сведчыць пра тое, што баевікі вырашылі пазбегнуць адкрытага сутыкнення з французскімі войскамі і здзейснілі, падобна афганскім талібам, "стратэгічнае адступленне" ў схаваныя ад амерыканскіх беспілотнікаў пячоры на алжырскай мяжы, каб зноў працягнуць баі пасля сыходу французаў.

Да поспехаў аперацыі "Сервал" можна аднесці ўстанаўленне кволага перамір'я з групоўкай туарэгаў "Нацыянальны рух за вызваленне Азавада", якая спачатку выступала ў саюзе з ісламісцкімі групоўкамі, але неўзабаве з-за ідэалагічных разыходжанняў стала выступаць супраць іх. Уласна кажучы, каталізатарам падзей у Малі і стаў фактар туарэгаў. Пасля рэвалюцыі ў Лівіі малійскія туарэгі, якія традыцыйна служылі ў лівійскай арміі пры Муамары Кадафі, у выніку рэпрэсій вярнуліся ў Паўночны Малі, што паспрыяла стварэнню адзінай арганізацыі туарэгаў — "Нацыянальнага руху за вызваленне Азавада". Будучы нядрэнна ўзброенай, у студзені 2012 г. гэтая групоўка падняла паўстанне, захапіўшы значную частку поўначы краіны, абвясціўшы там незалежную ад цэнтральных улад рэспубліку Азавад. Затым на тэрыторыю Малі ўварваліся баявыя ісламісцкія арганізацыі "Ансар ад-Дзін" і "Аль-Каіда" ў краінах ісламскага Магрыба".

 

На гэтым фоне ў Малі разгарэўся ўнутрыпалітычны крызіс, вынікам якога стаў дзяржаўны пераварот, які прывёў да падзення ўрада прэзідэнта Амаду Тумані Турэ 22 сакавіка 2012 г. Гэты дзяржаўны пераварот змушае па-іншаму паглядзець на малійскія падзеі з улікам геапалітычнага фактару. Справа ў тым, што кіраўніцтва пераваротам ажыццяўляў капітан Амаду Санаго, які праходзіў ваенную падрыхтоўку ў ЗША ў рамках праграмы па антытэрарыстычным супрацоўніцтве ЗША і краін сахара-сахельскага рэгіёну па лініі USАFRІСОM. Пасля перадачы ўлады часоваму грамадзянскаму ўраду 8 красавіка 2012 г. на чале ўрада Малі апынуўся шэйх Мадзібо Дыяра, грамадзянін ЗША, які раней працаваў у NАSА і прадстаўляў кампанію Mісrоsоft у Афрыцы.

У апошнія гады кіравання прэзідэнта Амаду Тумані Турэ ў Малі пачаў рэзка ўзмацняць сваю прысутнасць кітайскі капітал, выцясняючы французскія і іншыя заходнія транснацыянальныя кампаніі. Так, у 2011 г., апошнім годзе перад палітычным крызісам, на Кітай прыпаў 31% усёй экспартнай прадукцыі з Малі. Акрамя таго, кітайскія інвестыцыі ў эканоміку Малі перавысілі французскія. У апошні час кітайскія кампаніі актыўна прымалі ўдзел у прыватызацыі малійскіх дзяржаўных прадпрыемстваў, атрымаўшы кантрольны пакет акцый у некаторых з іх. Таксама Кітай атрымаў канцэсіі на здабычу карысных выкапняў у Малі (перш за ўсё, рэдказямельных металаў і неўзбагачанага ўрану). Практычна траціна золата, якое экспартуе Малі, ідзе ў Кітай. Кітай праяўляе зацікаўленасць у разведцы і наступнай распрацоўцы патэнцыйных нафтавых і газавых радовішчаў у Малі.

Безумоўна, расклад геапалітычных інтарэсаў у Малі больш складаны, чым простае супрацьстаянне заходніх краін і Кітая. Зараз можна гаварыць аб наяўнасці разыходжанняў паміж Францыяй і ЗША. Пра гэта дазваляе казаць адстаўка і арышт прэм'ер-міністра Малі Мадзібо Дыяра (грамадзяніна ЗША), што адбыліся ў снежні 2012 г. і ўзмацненне ўлады па-прафранцузску настроенага прэзідэнта Дзіянкунда Траоры. Крытыка Францыі з боку ЗША за нечаканае абвяшчэнне аперацыі "Сервал" толькі ўзмацняе гэтае падазрэнне. ЗША жадаюць, каб вядучую ролю ва ўрэгуляванні малійскага крызісу адыгрываў вайсковы кантынгент Эканамічнай супольнасці краін Заходняй Афрыкі (ЕСОWАS), у якой Нігерыя з'яўляецца буйным рэгіянальным саюзнікам ЗША, а яе войскі складаюць палову кантынгенту ЕСОWАS у Малі. Пакуль што не зусім зразумелая пазіцыя ЗША і Францыі наконт прадастаўлення статусу аўтаноміі малійскаму Азаваду. У выпадку, калі ў аўтаноміі будзе адмоўлена, туарэгі зноў падымуць паўстанне, і гэта зноў прывядзе да дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне.

Але тут праглядаецца яшчэ адна цікавая паралель. Як і ў выпадку з Малі, міжнародная інтэрвенцыя ў Лівію ў 2011 г. была ініцыяваная шмат у чым дзякуючы Францыі, пасля таго, як стала вядома пра намеры Кадафі перагледзець на карысць Кітая кантракты з заходнімі кампаніямі на здабычу нафты.

Таму не проста так дырэктар па афрыканскіх даследаваннях Інстытута вывучэння Заходняй Азіі і Афрыкі пры Кітайскай акадэміі грамадскіх навук Хэ Вэньпін выказвае насцярожанасць наконт французскага ўмяшання ва ўнутраныя справы Малі, бо гэта стварае прэцэдэнт для легалізацыі новага ўмяшання ў Афрыцы.

Такім чынам, "чорны" кантынент сёння становіцца арэнай барацьбы паміж заходнімі і кітайскімі транснацыянальнымі кампаніямі за доступ да афрыканскіх прыродных рэсурсаў. А Лівія і Малі — толькі прадвеснікі новай вялікай гульні, якая ў будучыні азнамянуецца супрацьстаяннем паміж заходнімі краінамі і "азіяцкім тыграм".

Арсеній Сівіцкі, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.