23 Верасень, нядзеля

Вы тут

КАМУ ВЫГАДНЫ СІРЫЙСКІ КАНФЛІКТ?


Беларускія навукоўцы і эксперты выказалі падтрымку сірыйскаму народу

«Любая амерыканская агрэсія ў першую чаргу будзе накіравана супраць сірыйскага народа. Сірыйцы — не прыхільнікі вайны, і яны не заклікаюць да вайны, яны заклікаюць выконваць нормы міжнароднага права і падтрымліваюць правядзенне міжнароднай канферэнцыі па Сірыі, а таксама заклікаюць краіны, якія спансіруюць тэрарызм, спыніць яго падтрымку», — заявіў Часовы павераны ў справах Пасольства Сірыйскай Арабскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Аднан АЛЬ-ХАМВІ падчас міжнароднага «круглага стала» «Сірыя і лёс міру на Блізкім Усходзе: сацыяльна-палітычны аналіз», які прайшоў у Мінску пад эгідай Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў і Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, Пасольства Сірыйскай Арабскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. У працы «круглага стала» прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, навуковай і экспертнай супольнасці, беларускія грамадска-палітычныя дзеячы.

На думку Аляксандра КАВАЛЕНІ, доктара гістарычных навук, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, нельга на крылах крылатых ракет несці дабро і дэмакратыю ў дзяржавы, а справа вырашэння сірыйскіх праблем — гэта пытанне яго народа і кіраўніцтва. Ён падкрэсліў, што сёння ў Беларусі не знойдзецца сіл, якія падтрымлівалі б амерыканскую палітыку ў дачыненні Сірыі.

Ігар КАТЛЯРОЎ, доктар сацыялагічных навук, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, адзначыў такую сацыялагічную заканамернасць: як толькі дзесьці ў свеце падаюць заходнія бомбы, давер да Захаду сярод беларусаў памяншаецца, а заходнія каштоўнасці ў гэтым выпадку пачынаюць асацыявацца з падвойнымі стандартамі і амерыканскімі «тамагаўкамі».

Ацэньваючы перспектывы ваеннага ўздзеяння на Сірыю, Аляксандр ІВАНОЎСКІ, доктар тэхнічных навук, першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, звярнуў увагу на некалькі фактараў, якія ўплываюць на эфектыўнасць баявых дзеянняў супраць Сірыі. Па-першае, супраць Сірыі сёння выступае цэлая міжнародная кааліцыя, а з пункту гледжання тэорыі кааліцыйных войнаў, члены кааліцыі ідуць разам да канца, пакуль іх нацыянальныя інтарэсы адпавядаюць мэце. Як толькі гэтыя інтарэсы пачынаюць адрознівацца, кааліцыя руйнуецца. Наколькі няўстойлівая гэтая кааліцыя, можна было бачыць з першых дзён яе стварэння. Аднак усе члены кааліцыі — ЗША, Францыя, у нейкай ступені Вялікабрытанія, манархіі Персідскага заліва — зацікаўлены ў вайне ў той ці іншай ступені. Таму ваенная інтэрвенцыя ў Сірыю застаецца верагоднай. З пункту гледжання імавернага аналізу верагоднасць нанясення ваеннага ўдару па Сірыі сёння невялікая. У сярэднетэрміновай перспектыве захоўваецца верагоднасць нанясення ўдару — 0,3. Што тычыцца буйнамаштабнага стратэгічнага канфлікту ў рэгіёне, патэнцыял яго пакуль што невялікі, але ён назапашваецца.

Звычайна галоўным ініцыятарам канфлікту ў Сірыі выстаўляюць ЗША. Аднак гэта вельмі спрошчаны погляд на сітуацыю. Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, у прыватнасці, лічыць, што за той сітуацыяй, якая сёння назіраецца ў Сірыі і наогул на Блізкім Усходзе, стаіць Рада супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва (Бахрэйн, Катар, Кувейт, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Аман, Саудаўская Аравія), якая прэтэндуе на ролю новага геапалітычнага цэнтра. Менавіта гэтая Рада, выкарыстоўваючы розныя лабісцкія механізмы, змушае ЗША і Еўрасаюз умешвацца ў сірыйскі канфлікт, пры тым, што ні ЗША, ні Еўрасаюзу гэта нявыгадна як з эканамічнага, так і з ваенна-палітычнага пунктаў гледжання.

Напрыканцы ўдзельнікі міжнароднага «круглага стала» прынялі зварот, у якім выказалі ўсялякую падтрымку сірыйскаму народу і пажадалі яму міру і росквіту.

Арсеній СІВІЦКІ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.