Вы тут

Кадэты: «У нас не сумна»


Вонкава яны нічым не адрозніваюцца ад звычайных падлеткаў. Але варта ім апрануць форму, як хлопцы тут жа мяняюцца: постаці становяцца падцягнутымі, рухі — адточанымі, а на тварах з'яўляецца засяроджанасць і адухаўленне. І разумееш: гэтая моладзь зможа абараніць гонар Айчыны. Але што кіруе маладымі людзьмі, якія выбіраюць для сябе ваенную будучыню? Каб пазнаёміцца з юнымі кадэтамі, карэспандэнт «Чырвонкі» наведала Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня».

У самым вядомым дзіцячым лагеры Беларусі па 23 верасня праходзіць грамадзянска-патрыятычная кадэцкая змена навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «За гонар Айчыны!». Усяго ў ёй удзельнічаюць 480 навучэнцаў з Беларусі і Расіі (па 240 з кожнага боку). 10 верасня ў «Зубраняці» адзначалі Дзень Саюзнай дзяржавы. У свяце ўзялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Беларусі Васіль Будкевіч, дэпутат Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Святлана Шылава, намеснік кіраўніка прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Павел Кузямчак. Мерапрыемства адкрыў парад з удзелам навучэнцаў ваенных устаноў дзвюх краін. Працягнулася свята ўрачыстым канцэртам і выступам заслужанага калектыву Беларусі ансамбля «Сябры»

.

Але галоўнае ўражанне, безумоўна, стваралі яны — юныя кадэты, сувораўцы, казакі... У форме, са штандарамі сваіх навучальных устаноў, яны павіталі гасцей свята і з гонарам прамаршыравалі строем па пляцы. А пасля зноў пераўтварыліся ў звычайных падлеткаў і разышліся хто куды. Прыкмеціўшы двух хлопцаў, што практыкаваліся ў баі на казацкіх шашках, я рушыла да іх.

Біліся паміж сабой шаснаццацігадовыя Міхаіл Круглоў і Ілья Верацянкін, якія прыехалі на змену з Краснадара. Хлопцы ўжо чатыры гады вучацца ў Кубанскім казачым кадэцкім корпусе імя атамана Міхаіла Бабіча.

«У мяне прадзед казак, чатыры вайны прайшоў, — распавядае Ілья. — Я не збіраўся ісці па яго слядах, але сябар прапанаваў паступіць у кадэцкі корпус, і мы паступілі. Усе пытаюцца, ці падабаецца вучыцца. Але ж мы вучымся, а тыя, каму не падабаецца, адсейваюцца напачатку».

1378935602969_111

Пацвярджае гэта і гадаванец Мінскага сувораўскага вучылішча Ілья Пашкевіч. Ён з дзяцінства хацеў стаць ваенным — як дзед, прадзед, прапрадзед... Суворавец кажа, што першыя паўгода вучыцца цяжка: побач няма бацькоў, трэба ўсё рабіць самастойна. Але такім чынам назапашваецца вопыт, якога няма ў падлеткаў, якія выбіраюць «цывільны» шлях.

Між тым, шлях служэння Айчыне нярэдка выбіраюць і самі дзяўчаты. Навучэнка Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча пятнаццацігадовая Настасся Швайко (на фота) з маленства ў спорце: займаецца гімнастыкай, плаваннем, лёгкай атлетыкай. На месцы сядзець не прывыкла, таму і паступіла ў вучылішча. Блізкія спачатку былі супраць ваеннай будучыні для дзяўчыны. Але калі пабачылі яе ў форме, якая Настассі сапраўды пасуе, пагадзіліся з яе выбарам.

«Я не шкадую, што паступіла: у школе вучыцца сумна, а ў нас — не, — кажа Настасся. — Хлопчыкі нас не крыўдзяць, а наадварот, абараняюць і берагуць. Мне вучыцца не цяжка: прыйшоўшы ў вучылішча, я ўжо нават умела маршыраваць. Хачу звязаць жыццё з вайсковай прафесіяй: буду спрабаваць паступаць у Акадэмію МУС у Мінску».

Напэўна, гендарны складнік навучальных устаноў — не самае важнае. Галоўнае, каб гэтыя хлопцы і дзяўчаты з пагонамі на плячах ніколі не зведалі жахаў вайны і служылі выключна на карысць міру.

Дзіяна СЕРАДЗЮК. Фота аўтара.
Мядзельскі раён.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.