Вы тут

Як жывеш, мінская паліклініка?


На медыцыну ў нас не сварыцца толькі лянівы. І дактароў у паліклініках не хапае, і ставяцца яны да хворых няўважліва, і талончык на прыём не ўзяць, і чэргі перад кабінетамі вялікія... Так, шмат у чым нашы прэтэнзіі абгрунтаваныя і справядлівыя, але сказаць, што спецыялісты не шукаюць выйсця і не спрабуюць палепшыць становішча, таксама будзе няправільна.
Мы вырашылі прывесці два погляды на гэтую сітуацыю. Адзін — мінчаніна, чытача «Звязды», чые пажылыя бацькі часта маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, і другі — спецыяліста, які працуе ў сістэме аховы здароўя. А вывады, спадзяёмся, вы зробіце самі.

1382131592192_19-28

«Бо здароўе куецца менавіта ў паліклініках...»

У рэдакцыю патэлефанаваў наш чытач Аляксандр з Мінска і распавёў, што яго бацькі прымацаваны да 16-й мінскай паліклінікі. Гэта раён, дзе пражывае шмат пажылых людзей. Адсюль і цяжкасці. У пажылых, як правіла, шмат праблем са здароўем. Ды і перасоўваюцца яны павольна, таму ствараюцца чэргі, напрыклад, у аптэцы пры паліклініцы, у тым ліку і таму, што яна абслугоўвае вялікую колькасць ільготнікаў.
— У маіх бацькоў некалькі разоў за апошні час мяняўся ўчастковы тэрапеўт. Пару гадоў таму была доктар, якая адпрацавала на гэтым участку ўжо 5 гадоў, усіх ведала і была амаль сваім чалавекам для людзей, — узгадвае Аляксандр. — Але з таго моманту, як яна сышла, пачалася актыўная ратацыя ўчастковых дактароў. Адзін сыходзіць — на гэта месца бяруць іншага, маладога. І ведаеце, складаецца такое ўражанне аб гэтых маладых урачах, што для іх праца — як адбыванне пакарання. Я часам нават думаю: і трэба ж было ім трапіць сюды...
Так, дактарам працаваць складана. Заробкі невысокія, нагрузка вялізная. А тут яшчэ і чалавечы фактар: на кожнага пацыента адведзены нейкі ліміт часу. Але нашым старым не заўсёды патрэбна вельмі кваліфікаваная дапамога, на мой погляд. Часам галоўнае — выслухаць іх, супакоіць. Але на гэта патрэбны час, якога звычайна не хапае — адсюль чарговыя складанасці і праблемы.

Мне давялося звяртацца да загадчыцы паліклінікі, да старэйшай медсястры... Бацькі старэнькія, прыходзілася прасіць аб спрашчэнні некаторых працэдур. Нічога дрэннага сказаць не магу, мне ішлі насустрач.
Але, зноў жа, у апошні раз, калі прыйшлі да акуліста, прыйшлося правесці перад яго кабінетам амаль гадзіну, хоць чакалі свой час па талоне. Доктару трапіўся складаны пацыент, з якім давялося павазіцца. Праўда, я быў да гэтага маральна гатовы.
Праца ўрача вельмі адказная. І, каб утрымаць людзей, лічу, трэба ім плаціць. Бо здароўе куецца менавіта ў паліклініках, а не ў бальніцах, дзе аказваецца экстранная дапамога. Калі ў нашых паліклініках будуць сядзець добрыя ўрачы і калі іх будзе хапаць — тады ўсё ў нас будзе добра.
Начальнік аддзела першаснай медыка-санітарнай дапамогі камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама Людміла ЛУГАВЕЦ:

Мы маем патрэбу ў медыцынскіх кадрах і не ўтойваем гэтага

Мінск ніколі не мог пахваліцца 100%-й укамплектаванасцю ўчастковымі ўрачамі- тэрапеўтамі або ўрачамі-спецыялістамі. І хоць у апошнія гады Міністэрства аховы здароўя накіроўвае да нас шмат выпускнікоў медыцынскіх універсітэтаў, да таго ж пабудаваны і заселены інтэрнат для медработнікаў, а на падыходзе яшчэ адзін, тым не менш мы ўсё яшчэ маем патрэбу ў медыцынскіх кадрах і не ўтойваем гэтага. На сайтах нашых паліклінік ёсць інфармацыя аб тым, каго яны запрашаюць на працу, прапануюць месцы ў інтэрнатах (у гэтым ім дапамагаюць раённыя адміністрацыі)...
Але цяпер прыйшло шмат урачоў-інтэрнаў, якія ў наступным годзе папоўняць нашы рады. Менавіта наступны год, як мы лічым, дазволіць нам значна палепшыць становішча з укамплектаванасцю кадрамі першаснага звяна. Яно ўжо палепшылася ў параўнанні з папярэднім годам, але праблемы ў асобных паліклініках яшчэ ёсць.
Акрамя таго, у раёне новабудоўляў нашы паліклінікі сутыкаюцца з перагружанасцю. Гэта 26-я паліклініка ў Фрунзенскім раёне, 10-я — у Сухарава, 8-я — у Першамайскім раёне, 25-я — у Маскоўскім... Справа ў тым, што паліклінікі будуюцца пасля таго, як засяляюцца жылыя дамы. Гэта стварае пэўныя цяжкасці.
Але хачу падкрэсліць: асноўную нашу задачу мы бачым у тым, каб прыняць усіх, хто мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе, і граматна падзяліць патокі пацыентаў: у першую чаргу аказаць дапамогу тым, хто адчувае ў ёй вострую патрэбу, а потым забяспечыць дапамогай усіх астатніх пацыентаў.

Як трапіць на прыём да доктара

Хацелася б адзначыць, што мы, як правіла, плануем свае паходы да цырульніка, іншых спецыялістаў у сферы бытавога абслугоўвання. Гэтак жа ва ўсім свеце плануецца і наведванне ўрача. Сёння мы гаворым пра тое, што першасная медыцынская дапамога — гэта шмат у чым планавы від дапамогі, а значыць, паўтаруся, наведванне ўрача трэба планаваць.
Для чаго ў нас ёсць розныя магчымасці.
Калі яшчэ 8-10 гадоў таму ў нашых паліклініках (прычым не ва ўсіх) была толькі шматканальная тэлефонная сувязь, то сёння жыхары могуць запісацца на прыём да ўрача з дапамогай інтэрнэту. З мінулага тыдня мы павялічылі квоту на запіс праз інтэрнэт да 20% (раней было 10%).
Запіс мы прадастаўляем без абмежавання тэрміну. Гэта значыць, калі пацыент прыходзіць і кажа, што плануе візіт да афтальмолага, ён можа запісацца папярэдне на працягу месяца, на той дзень, калі яму зручна.
У 19 гарадскіх паліклініках для дарослага насельніцтва працуюць інфакіёскі, якія таксама дапамагаюць пацыентам узяць талон і трапіць да ўрача. Інфакіёскі зручныя тым, што, калі праз іх заказваецца талон, чалавек адразу бачыць увесь расклад працы доктара і на які час ёсць талоны (як і ў інтэрнэце).
Калі чалавеку трэба патрапіць да медыкаў на працягу дня, то ў нашым горадзе адпрацавана сістэма функцыянавання даўрачэбных кабінетаў. На выпадак вострых сітуацый распрацаваны алгарытмы дзеянняў і пацыента, і медыцынскіх рэгістратараў. З імі можна азнаёміцца на стэндах паліклінікі, у стале даведак.
Напрыклад, чалавеку трэба заказаць акуляры. Сёння ўжо неабавязкова ісці з гэтай праблемай да ўрача-афтальмолага. Па Мінску працуе 38 спецыяльна падрыхтаваных медсясцёр, якія вядуць самастойны прыём пацыентаў. У рэгістратуры ў вас пацікавяцца, з якой нагоды вы ідзяце да акуліста, і могуць адправіць да спецыяльна навучанай медсястры. Яна падбярэ акуляры, выпіша кроплі для вачэй, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, дасць накіраванне на тое ці іншае дадатковае даследаванне. Калі пацыент прыходзіць з вострым болем у воку, а на гэты момант афтальмолага няма, яго адправяць у спецыялізаваную афтальмалагічную клініку. Ці, калі афтальмолаг у той момант працуе, ён прыме такога пацыента без талона.

***

16 паліклініка, дарэчы, добра ўкамплектавана вузкімі спецыялістамі, а вось з участковымі тэрапеўтамі там зараз ёсць праблемы. Таму вядуць прыём таксама ўсе загадчыкі тэрапеўтычнага аддзялення, у тым ліку ажыццяўляюць візіты на дом.
Але трэба разумець сітуацыю. На кожнага дарослага жыхара Мінска за мінулы год даводзілася прыкладна 7 наведванняў паліклінікі. Але ж чалавек можа прыйсці ў паліклініку і 20, і 30, і 40 разоў. Мы нікому не адмаўляем, хоць часта такія звароты — асабліва гэта тычыцца пажылых людзей — носяць сацыяльны характар. Пажылому чалавеку неабходна пагутарыць, выгаварыцца, а ў яго дзяцей не заўсёды знаходзіцца час. Адзінокаму пажылому чалавеку яшчэ горш. Таму мы актыўна ўзаемадзейнічаем з сацыяльнымі службамі. Нашы памочнікі ўрачоў і ўрачы-рэабілітолагі вядуць прыёмы па графіку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, што робіць медыцынскую дапамогу яшчэ больш даступнай.

***

У апошнія гады большасць нашых паліклінік прайшла капітальны рамонт, мадэрнізацыю, нядаўна былі ўведзены ў строй тры новыя паліклінікі. Усе яны выдатна абсталяваныя, і сёння стаіць задача рацыянальнага выкарыстання існуючага абсталявання. З гэтай мэтай мы ствараем цэнтры калектыўнага карыстання. У нас сёння ў горадзе працуюць 10 кардыялагічных цэнтраў, у кожным раёне — уралагічны цэнтр, ёсць шырокая сетка эндаскапічных цэнтраў. Функцыянуюць аддзяленні ультрагукавой дыягностыкі. Калі раней, яшчэ 5-6 гадоў таму, да нас паступалі звароты, што складана зрабіць УГД або ўзяць талон да таго ці іншага спецыяліста, то цяпер такіх скаргаў стала нашмат менш.
Сфарміраваны брыгады вузкіх спецыялістаў. Напрыклад, працуе неўралагічная брыгада ў Цэнтральным раёне, эндакрыналагічная брыгада — у Першамайскім, афтальмалагічная — у Заводскім раёне. Мы перанакіроўваем да іх пацыентаў, калі няма магчымасці абследаваць іх у паліклініцы па месцы жыхарства. Гэта таксама робіць медыцынскую дапамогу больш даступнай.

***

Мы актыўна працуем і на прадпрыемствах. Зараз многія з іх, напрыклад, кантралююць лячэнне артэрыяльнай гіпертэнзіі ў сваіх работнікаў. За кошт сродкаў прадпрыемства, згодна з калектыўным дагаворам, набываюцца лекі, рэкамендаваныя ўрачамі. Сёння ў горадзе такім чынам лечацца каля 7 тысяч чалавек. Вялікі дзякуй кіраўнікам такіх прадпрыемстваў, таму што за гэтым стаяць сотні выратаваных чалавечых жыццяў, сотні людзей, якія не сталі інвалідамі.

Хутка ў сталіцы будуць уведзены электронныя медкарты

Наша служба імкнецца не адставаць ад часу. Мінск, асабліва наша амбулаторнае звяно, ідзе наперадзе ўсёй рэспублікі па развіцці інфармацыйных тэхналогій. Гэта не толькі інфакіёскі. У 15 паліклініках горада ўжо ўведзена выпіска электронных рэцэптаў. У некаторых паліклініках прапрацоўваюцца пытанні, звязаныя з электроннай картай. Перад намі пастаўлена задача ўкараніць яе ў горадзе да канца наступнага года. Але ўжо сёння 14-я, 19-я, 29-я, 34-я паліклінікі фарміруюць электронныя медыцынскія карты амбулаторнага хворага. Калі гэтая сетка будзе цалкам сфарміравана, то, напрыклад, доктар у бальніцы, атрымаўшы ад пацыента яго персанальны чып, зможа тут жа ўбачыць, на якія захворванні той пакутуе, якое лячэнне атрымлівае і якія меры дапамогі павінны быць аказаны ў той ці іншай сітуацыі.
У горадзе ўжо функцыянуе лакальная карпаратыўная камп'ютарная сетка. Паліклініка можа аператыўна атрымаць па электроннай пошце эпікрыз са стацыянара, вынікі аналізаў пацыента, раздрукаваць іх і тут жа ўклеіць у амбулаторную карту. Гэта вельмі аблегчыла нашу працу.

Нашы ўрачы ўжо кансультуюць анлайн і па скайпе

Зараз мы актыўна развіваем у паліклініках кансультаванне па скайпе. Гэта вельмі зручна. Участковы ўрач вылучае пэўны час для сваіх пацыентаў, якіх ён добра ведае, і можа, не выходзячы з кабінета, кансультаваць іх, карэктуючы прызначанае лячэнне. А пацыентам пры гэтым няма патрэбы прыходзіць у паліклініку. І ўрачы з задавальненнем ідуць на такую форму працы, і для пацыентаў гэта вельмі зручна.
Ужо некалькі гадоў шырока выкарыстоўваецца кансультаванне ў рэжыме анлайн. Можна зайсці на сайт любой нашай паліклінікі, задаць пытанне доктару і на працягу 1-2 дзён атрымаць адказ на яго.
Сёння зусім не абавязкова прыходзіць у паліклініку і для таго, каб аформіць выпіску аб стане здароўя. На сайтах паліклінік ёсць спецыяльны раздзел, пацыент можа накіраваць туды запыт у электронным выглядзе, унесці пашпартныя даныя і ў пяцідзённы тэрмін, прад'явіўшы пашпарт, атрымаць у рэгістратуры або стале даведак выпіску з медыцынскай дакументацыі.

***

Але хацелася б, каб было разуменне і адказнасць за сваё здароўе і з боку пацыента. Калі б кожны пацыент добрасумленна ставіўся да захавання свайго здароўя, выконваў усе рэкамендацыі ўрачоў, колькасць людзей, якія звяртаюцца ў паліклініку, значна знізілася б.
Хоць у апошнія гады нас вельмі радуе, што павялічваецца колькасць здаровых людзей, якія прыходзяць у паліклініку і цікавяцца прафілактыкай захворванняў, актыўна наведваюць школы здароўя. Сёння мы збіраем базы даных такіх актыўных пацыентаў. Калі яны даюць нам свой электронны адрас, накіроўваем матэрыялы па прафілактыцы таго ці іншага захворвання непасрэдна на яго. Мы будзем і надалей прапагандаваць і актыўна развіваць такую форму працы.

Святлана БУСЬКО.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.