Вы тут

Прыйдзем табе пакланіцца


Сёлета споўнілася 210 гадоў з дня нараджэння падарожніка-этнографа, перакладчыка, пісьменніка Адольфа Янушкевіча.

Ці мог спадзявацца ў пару сваёй вялікай падзвіжніцкай дзейнасці Адольф Янушкевіч, што праз стагоддзі яго імя будзе вядома адразу ў чатырох краінах, што яго працы будуць прызнаны як уклад у беларускую, рускую, польскую, англійскую, украінскую, казахскую культуры?..

1383037038828_29-6

Прычым цяжка вызначыць, дзе яго зорка гарыць ярчэй: у Польшчы, за адстойванне годнага лёсу якой ён быў пазбаўлены шляхецтва і маёмасці; у Расіі, што стала школай жыцця амаль на чвэрць стагоддзя; у Казахстане, дзе праявіўся яскравы талент летапісца; або ў Беларусі, адкуль пачаўся шлях у вялікі свет і дзе знайшоў апошні прытулак нястомны рупліўца.

Нарадзіўся Адольф Янушкевіч у Нясвіжскім замку 9 чэрвеня 1803 года. Слынная магнацкая сталіца стала той калыскай, дзе яму перадаліся лепшыя рысы талерантнага менталітэту беларусаў, дзе зарадзілася спагадлівае стаўленне да людзей. Усё гэта пазней адлюстравалася ў найвышэйшай павазе да казахскага народа, з прадстаўнікамі якога ён пазнаёміўся падчас ссылкі. У сібірскім Омску Янушкевіч працаваў у памежным упраўленні па справах з сібірскімі кіргізамі (продкамі сучасных казахаў), часта ездзіў з даручэннямі ў іх аулы. Яго прадбачлівыя словы, сказаныя ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, паказваюць глыбокае разуменне гістарычнай ролі казахаў: «Народ, які адораны тварцом такімі здольнасцямі, не можа застацца ў баку ад цывілізацыі: дух яе калі-небудзь пранікне ў кіргізскія пустыні, разнясе тут праменьчыкі святла, і прыйдзе час, калі намад, які сёння качуе, зойме ганаровае месца сярод народаў...»

Імя Адольфа Янушкевіча і сёння служыць сімвалам патрыятызму. Ён яскравы прадстаўнік той апантанай моладзі часоў дзекабрысцкага руху, якая гонар, сумленне, вернасць Радзіме ставіла вышэй за ўсе выпрабаванні і цяжкасці, якая праяўляла нязломнасць характару, нават калі гучаў смяротны прыгавор.

Адольф Янушкевіч наўмысна не ўступіў у шлюб са сваёй каханай Стэфаніяй. Ён, як сапраўдны мужчына, не мог змірыцца з тым, што жонка, нашчадкі таксама будуць несці «пячатку» яго пакарання. Бо за ўдзел у паўстанні 1830-1831 гадоў Янушкевіч быў пазбаўлены дваранства і ўсіх прывілеяў.

Наш зямляк — прыклад таго, як не скарыцца перад цяжкімі ўдарамі лёсу. Узор цярплівасці і ўнутранай сілы. Умовы жыцця сібірскага ссыльнага ён скарыстаў для ўзмацнення духу цэлага народа.

Хіба мог ён тады ацаніць сваю ролю ў папаўненні скарбаў сусветнай культурнай спадчыны, зразумець уласную значнасць у наладжванні ўзаемаразумення паміж народамі? Моцны ўнутраны стрыжань падказваў яму, што рабіць: вывучаць мову народа, да якога прыкіпеў усёй душой, і рухацца наперад — у дзікі стэп, пераадольваць адлегласці, якія былі нялёгкімі нават для казакаў Сібірскага казачага войска, звыклых да доўгіх паходаў. Гістарычныя працы, створаныя Адольфам Янушкевічам, не маюць сабе роўных, паколькі работ па гісторыі Казахстана ХІХ стагоддзя амаль няма.

Талент нашага знакамітага земляка рэалізаваўся далёка па-за межамі роднай краіны. Аднак сваёй дзейнасцю ён прадэманстраваў усяму свету: вось якія яны, беларусы, людзі высокага гатунку.

Пахаваны Янушкевіч на сямейных могілках у вёсцы Дзягільна Дзяржынскага раёна побач з маці Тэкляй, пляменнікамі Марыляй, Міхаілам і дзецьмі брата Януарыя.

Казахстанскі рэжысер Сяргей Шафір, які жыве ў Ізраілі, адзін з сюжэтаў свайго дакументальнага фільма «Урокі польскага» прысвяціў Адольфу Янушкевічу. Зараз ён мае матэрыял для стварэння асобнага фільма пра нашага земляка. На думку Сяргея Шафіра, гэта можа быць сумесны гісторыка-культурны праект Беларусі, Польшчы, Казахстана і Расіі.

Алена СТЭЛЬМАХ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.