Вы тут

Мы — не першабытныя...


Напрыканцы папярэдняга свайго «Нефармату» я нагадала, як многа ў сабе заключае банальная на першы погляд фраза «Беражыце сябе». А цяпер з гэтай фразы варта было б пачынаць. Бо нейкая татальная абыякавасць тых, хто бярэ ў рукi зброю, да правiлаў бяспекi часта каштуе iм жыцця. Кажу пра апошнiя здарэннi на паляваннi. Другi тыдзень пайшоў, як у Маларыцкiм раёне загiнуў чалавек. Многiя СМI паведамiлi скупую навiну аб тым, што падчас палявання егер аднаго з лясгасаў стрэлiў па машыне, што iшла мiма. Куля прабiла задняе шкло i трапiла ў шыю пасажыру. Раненне аказалася смяротным.

Загiнуў 36-гадовы бацька траiх дзяцей. У следчым iзалятары знаходзiцца 31-гадовы жыхар Кобрынскага раёна. Паводле iнфармацыi Следчага камiтэта па Брэсцкай вобласцi, заведзена i расследуецца крымiнальная справа па артыкуле «Забойства». У ёй шмат незразумелага. Трэба спадзявацца, следства знойдзе адказы на многiя i многiя пытаннi. Першае з iх: што прымусiла нацiснуць на курок не навiчка ў паляваннi, калi зброя была накiравана на машыну? Цалкам верагодна, што проста здалi нервы. Ужо стала вядома, што ў машыне былi не проста аматары начных падарожжаў, а звычайныя браканьеры. Бо супрацоўнiкi мiлiцыi, якiя прыбылi па выклiку, знайшлi ў машыне пацярпелых незарэгiстраванае ружжо. Пазней высветлiлася, што адзiн з тых, хто знаходзiўся ў аўто, раней прыцягваўся да адказнасцi за факт незаконнага палявання. Вось i ў той ракавы дзень яны, хутчэй за ўсё, не на прагулку ў лес прыехалi. Але як бы там нi было, нiчога не можа апраўдаць забойства чалавека. I гэты фактар трэба дзесяць разоў улiчваць таму, хто бярэ ў рукi зброю.

Няшчасныя выпадкi кожны год становяцца нязменнымi спадарожнiкамi палявання. Паводле iнфармацыя Брэсцкай абласной iнспекцыi аховы жывёльнага i раслiннага свету, кастрычнiцкi выпадак — чацвёрты з пачатку гэтага года ў вобласцi. Праўда, папярэднiя, на шчасце, мелi не такi трагiчны фiнал: людзi атрымалi раненнi. Хаця якое тут шчасце: з агнястрэльным раненнем трапiць у бальнiцу? Так, летам няўдала скончыўся выезд у лес для двух паляўнiчых. Аднаму прастрэлiлi руку, другому — нагу. У абодвух выпадках можна назiраць наступныя супадзеннi: iнцыдэнты адбылiся недалёка ад вёскi Раздзялавiчы Ганцавiцкага раёна; мужчыны прыехалi на начное паляванне, якое дазволена летам у цёмны час сутак, i ўвогуле гаворка iдзе аб неасцярожным абыходжаннi са зброяй. Выпадковы стрэл у згаданых выпадках стаў прычынай ранення, а мог бы каштаваць жыцця. Бо куля, як вядома, дурнiца, ёй не пакiруеш, калi ўжо нацiснуў на курок.

I ўсе гэта як быццам ведаюць. На кожным паляваннi ёсць кiраўнiк, усе праходзяць неабходны iнструктаж, але ўсё ж недаравальна iгнаруюць правiлы. Мне цяжка зразумець амаль першабытную страсць сучаснага чалавека да забойства. Але ж паляванне ў нашай краiне, як у многiх iншых, справа дазволеная i легальная. Адзiнае, не магу не пагадзiцца з выказваннем намеснiка начальнiка згаданай iнспекцыi Сяргея Штыка, што начное паляванне — абсурд, якi трэба забараняць.

...I ўсё ж, што днём, што ноччу — раней палявалi не так. Успамiнаю сваю даўнюю гутарку з кiраўнiком драгiчынскага ансамбля паляўнiчай рагавой музыкi Мiкалаем Шаўчуком. Мiкалай Аляксандравiч гадзiнамi можа расказваць пра традыцыi палявання ў нашым краi, пачынаючы з эпохi Вялiкага Княства Лiтоўскага. Гэта быў абрад, свята, да якога доўга рыхтавалiся. На загадзя падрыхтаваную паляну ехалi з паненкамi, з музыкай, з пачастункамi. Кожны этап палявання суправаджаўся сваёй мелодыяй. Фiналам быў «Расклад», калi на агледзiны выкладвалi трафеi, а музыка азначала развiтанне звера з лесам-домам i з яе дапамогай аддавалi данiну павагi зверу. Нешта падобнае праводзяць у суседнiх краiнах, як расказваюць нашы ўдзельнiкi, якiя выязджаюць на конкурсы паляўнiчых трафеяў.

А што засталося ў нас? Першабытная прага здабыць кавалак мяса? Якая падрыхтоўка, якая музыка? Хiба пара пляшак гарэлкi з сабой. А правiлы захоўваць — дык да гэтага многiя не прывучаны i ў паўсядзённым жыццi. Калi садзiмся за руль, то нярэдка едзем па прынцыпе: «Знакi не для нас!» Калi выгадна самiм — iгнаруем iнтарэсы суседа, калегi, выпадковага спадарожнiка ў транспарце. У мяне ёсць сяброўка, вадзiцель са стажам. Дык вось яна не зрушыць з месца, калi вы не прышпiлены рэменем бяспекi. Яна не ханжа i не зануда — проста ў яе такiя прынцыпы. Калi няма прынцыпаў у чалавека, якi бярэ ў рукi зброю, зброя гэтага не даруе. Хацелася б, каб пра герояў сумнай нядаўняй драмы хоць раз падумаў кожны, хто збiраецца на паляванне. Для таго, хто ў следчым iзалятары, вiдаць, найвялiкшым шчасцем уяўляецца сустрэць Новы год дома. А для сям'i бацькi траiх дзяцей было б шчасцем, каб ёлку прынёс у дом бацька. Кавалак жа мяса можна купiць i на базары альбо ў краме...

Святлана ЯСКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.