Вы тут

Гродна прымае эстафету культурнай сталіцы Беларусі


З гэтай нагоды 18 студзеня ў абласным драматычным тэатры адбудзецца святочны канцэрт з удзелам вядомых артыстаў — ураджэнцаў горада над Нёманам Сашы Нэма, Галіны Шышковай, Валерыя Скаражонка, творчых калектываў нацыянальных аб'яднанняў, дзіцячых ансамбляў, групы сучаснай харэаграфіі «ТАД», Гродзенскай капэлы, музычнага тэатра «Рада», ансамбля песні, музыкі і танца «Белыя росы».

Святочная імпрэза распачнецца з тэатралізаванага прадстаўлення, дзе артысты будуць у вобразе гістарычных асоб мінуўшчыны. А знакавыя факты сучаснай гісторыі горада будуць пазначацца ў спецыяльна вырабленай вялікай кнізе, якую ўрачыста прэзентуюць у гэтыдзень на сцэне драмтэатра. Акрамя таго, адбудуцца майстар-класы па розных відах рамёстваў і народнай творчасці, выставы мастацкіх работ гродзенскіх аўтараў, а таксама макетаў будынкаў —помнікаў гістарычнай спадчыны.

Дарэчы, ужо распрацаваны лагатып культурнай сталіцы — 2014, які ўяўляе сабой выяву Гродзенскага абласнога драмтэатра, упрыгожаную беларускім арнаментам.

Лагатып будзе выкарыстоўвацца пры вырабе сувенірнай і рэкламнай прадукцыі, размяшчацца ў грамадскім транспарце і розных установах. Будуць таксама ўстаноўлены білборды з партрэтамі знакамітых гарадзенцаў розных эпох, турыстычныя маршрутызатары, памятныя інфармацыйныя таблічкі. Неўзабаве ў грамадскім транспарце жыхары і госці горада змогуць пачуць вершы вядомых гродзенскіх паэтаў.

Цікавыя навінкі рыхтуюцца і да фіналу традыцыйнага, ужо Х рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які адбудзецца ў Гродне 6-7 чэрвеня. Напрыклад, упершыню ў фестывальным фармаце мяркуецца правесці конкурс прыгажосці сярод прадстаўніц нацыянальных аб'яднанняў, а ў яго рамках — прэзентацыі нацыянальных касцюмаў. У парку імя Жана Эмануэля Жылібера будуць прадстаўлены работы ўдзельнікаў творчага пленэру «Гродна вачамі мастакоў розных нацыянальнасцяў». На фестываль запрошаны прадстаўнікі беларускіх нацыянальных аб'яднанняў з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.