Вы тут

Пытанні асаблівай увагі


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў учора нараду па пытаннях будаўніцтва на тэрыторыі Мінскай вобласці жылых раёнаў для жыхароў Мінска, паведамілі БЕЛТА ў прэсслужбе беларускага лідара.

Як вядома, яшчэ ў 2008 годзе кіраўнік дзяржавы паставіў задачу па перспектыўным стварэнні і развіцці гарадоў-спадарожнікаў сталіцы. У выніку пастановай урада ў чэрвені 2010 года зацверджана дзяржаўная праграма будаўніцтва буйных жылых раёнаў для жыхароў Мінска ў гарадах-спадарожніках і пераносу са сталіцы ў населеныя пункты рэспублікі некаторых вытворчых аб'ектаў.

У якасці гарадоў-спадарожнікаў Мінска ў дзяржпраграму ўключана 9 гарадскіх паселішчаў. Гэта прамысловыя Дзяржынск, Жодзіна і Фаніпаль, аграпрамысловыя Смалявічы, Стоўбцы, Узда і Рудзенск, а таксама турысцка-рэкрэацыйныя Заслаўе і Лагойск.

Чаму буксуе праграма па развіцці гарадоў-спадарожнікаў?

На думку Прэзідэнта, выкананне дзяржпраграмы знаходзіцца на недапушчальна нізкім узроўні. Большасць мерапрыемстваў альбо яшчэ толькі прапрацоўваецца, альбо наогул не рэалізавана, заявіў беларускі лідар.

Так, у Смалявічах да гэтага часу не ўведзены першы шматкватэрны жылы дом для мінчан, будаўніцтва якога пачалося ў 2012 годзе. «Нават пры ажыццяўленні гэтага пілотнага праекта ўзвядзенне неабходных аб'ектаў інжынернай інфраструктуры да гэтага часу не забяспечана», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, зараз наспела неабходнасць распрацоўкі адзінага горадабудаўнічага плана развіцця Мінскай агламерацыі, які б адлюстраваў усе існуючыя патрэбы. Таксама неабходна дакладна вызначыцца з месцамі размяшчэння новых раёнаў забудовы ў гарадах-спадарожніках.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка вызначыў некалькі пытанняў, якія патрабуюць асаблівай увагі. Адно з іх — наколькі аптымальны выбар зямельных участкаў. «Больш за 50% забудовы прадугледжваецца размясціць на сельскагаспадарчых землях. Адразу вам кажу, што гэта недапушчальна. Гэта ідзе ў разрэз з патрабаваннямі рацыянальнага выкарыстання ўгоддзяў, з інтарэсамі аграпрамысловага комплексу — галоўнага экспартнага патэнцыялу нашай краіны», — сказаў Прэзідэнт. «Разбою з землямі сельгаспрызначэння быць не павінна. І ўрад, і губернатары, асабліва Міншчыны, за гэта адказваюць галавой. У нас дастаткова земляў, на якіх ніколі не будуць апрацоўвацца сельскагаспадарчыя культуры. Можа быць, крыху даражэй абыдзецца гэтае будаўніцтва, але на перспектыву гэта ў сто разоў танней. Сёння агракомплекс стаў асновай экспарту. Мы праз два гады павінны $7 млрд атрымаць ад экспарту сельгаспрадукцыі. Дзе будзем вырабляць, калі мы пад будаўніцтва аддадзім добрыя землі?» — сказаў беларускі лідар.

«У нас дастаткова балот, няўдобіц, хмызнякоў, каб прывесці іх у парадак і паставіць там шматпавярховыя і іншыя дамы або прампрадпрыемствы, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Лепш нават падрэзаць лес і там пабудаваць пасёлак, чым лезці на землі сельгаспрызначэння. Выбірайце ўчасткі па 3-4 га і там забудоўвайцеся».

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як увязаны з агульным развіццём рэгіёна рэалізуемыя праекты па стварэнні такіх буйных аб'ектаў, як Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, работа прадпрыемстваў СЭЗ «Мінск» (Фаніпаль і Дзяржынск, добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол Нацыянальнага аэрапорта, а таксама шматфункцыянальныя спартыўныя і рэкрэацыйнай зоны — Заслаўскае вадасховішча, Раўбічы і Сілічы). «Чаму замест комплекснага падыходу да развіцця тэрыторый працягваецца распрацоўка адасобленых планаў па адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках, якія склаліся ў папярэдні перыяд?» — паставіў пытанне Прэзідэнт.

Неабходна абмежаваць будаўніцтва ў Мінску жылля і прамысловай інфраструктуры

«Мы не можам такімі тэмпамі ў Мінску весці будаўніцтва, як гэта было да гэтага часу. Мы ўжо перанасыцілі насельніцтвам горад і пачынаем атрымліваць ад гэтага пэўныя праблемы. Таму будаўніцтва ў Мінску жылля, ды і аб'ектаў прамысловай і іншай інфраструктуры, — як выключэнне», — заявіў Прэзідэнт. «У Мінску будаваць практычна забараняецца, за выключэннем таго, дзе гэта трэба», — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Мінску асабліва востра адчуваецца жыллёвая праблема. Тут колькасць насельніцтва штогод павялічваецца на 10-17 тыс., і з улікам людзей, якія прыязджаюць кожны дзень на працу, насельніцтва сталіцы ўжо перавышае млн чалавек. «Аднак тэрытарыяльныя магчымасці сталіцы як для размяшчэння вытворчасці, так і для забеспячэння мінчан жыллём ужо вычарпаны. Па шчыльнасці засялення Мінск ужо ў 2-3 разы пераўзыходзіць шэраг еўрапейскіх сталіц, такіх як Берлін, Прага», - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Як вынік, працягнуў беларускі лідар, залішні ціск адчувае на сабе гарадская інфраструктура. З-за вялікай колькасці транспарту на вуліцах з'явіліся заторы, абвастрылася праблема далучэння да камунальных сетак новых прадпрыемстваў і жылых дамоў. У той жа час ва ўсіх рэгіёнах краі ны адзначаецца адток працоўных рэсурсаў з сяла, адбываецца памяншэнне колькасці сярэдніх і малых гарадоў, скарачэнне іх эканамічнага патэнцыялу. «Асабліва інтэнсіўна гэтыя працэсы праяўляюцца ў Мінскай вобласці. У сувязі з гэтым першачарговую значнасць набывае пытанне аб узгодненым тэрытарыяльным развіцці сталіцы і цэнтральнага рэгіёна», — лічыць беларускі лідар.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і ўнутры Мінскай кальцавой аўтадарогі яшчэ ёсць ўчасткі, якія могуць быць аддадзены пад забудову. «Гэтыя зямельныя ўчасткі павінны быць выстаўлены на аўкцыён і сумленным чынам рэалізаваны»,—запатрабаваў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даў даручэнне кіраўніку Адміністрацыі Андрэю Кабякову сумесна са старшынёй КДК Аляксандрам Якабсонам і дзяржсакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Мяжуевым пракантраляваць гэты працэс, каб ён быў выключна празрыстым і сумленным.

Таксама Прэзідэнт заявіў, што незадаволены падыходамі да рэалізацыі праекта «МінскСіці».

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.