У святочныя дні ў Беларусь — найперш на імя Прэзідэнта краіны, а таксама ва ўрад і парламент, у розныя дзяржаўныя ўстановы і грамадскія арганізацыі — літаральна з усяго свету паступаюць віншаванні з нагоды Дня Незалежнасці і ў сувязі з 70-годдзем з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да нас у «Звязду» звярнуўся старшыня Савета Дагестанскага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Уздзені Дагестана» Керымхан Умаханаў з просьбай перадаць і яго вітанне.
Ёсць у лісце і такія словы: «Мы, свабодныя і вольныя уздзені Дагестана, асабліва шануем мужнасць, гераізм і нязломны дух патрыятызму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вашы гераічныя ўчынкі будуць служыць прыкладам у выхаванні падрастаючага пакалення і дадуць імпульс раўняцца на сапраўдных герояў, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашых народаў. На працягу многіх пасляваенных гадоў планамерна развіваецца эканоміка і культура вашай краіны, адраджаюцца вытокі нацыянальных традыцый. Адно з галоўных вашых дасягненняў і заслуг усяго беларускага народа — гэта міжнацыянальны мір і згода, якія ў Рэспубліцы Беларусь не парушаліся ніколі. Дзякуючы мудрасці, дальнабачнасці вашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і прыроджанаму інтэрнацыяналізму ўсяго беларускага народа Беларусь стала, напэўна, адзінай краінай з былога СССР, якая пазбегла не толькі міжнацыянальных сутыкненняў, але і любых непаразуменняў на нацыянальнай глебе. Беларусь стала ўзорам дружбы народаў ва ўсім свеце...»
Хацелася б удакладніць, хто ж такія уздзені. Гэта народнасць, пэўная сацыяльная група насельніцтва ў каўказскай старонцы ці хто іншы?.. Так, слоўнікі і сцвярджаюць, што «уздзень — вольны селянін» (такое значэнне гэтае слова мае ў лезгінаў — адной з народнасцяў Дагестана). Але ж у жывой мове дагестанскіх народаў паняцце «уздзень» не мае сацыяльна-эканамічнага характару. Уздзені ў аварцаў — гэта сумленныя, высакародныя людзі. У лакцаў — незалежныя, сумленныя; у лезгіну — шчодрыя, сумленныя, велікадушныя... Арганізацыя «Уздзені Дагестана» разважае над пытаннямі, як вярнуць у грамадства страчаныя ідэалы, нацыянальны гонар, веру ў будучыню, як вярнуць моладзь да чытання і разваг над жыццём і рэчаіснасцю. Уздзені Каўказа бачаць Беларусь і наш народ як выразны прыклад маральнай цвёрдасці, духоўны прыклад і жадаюць нам надалей сцвярджаць самыя светлыя і добрыя ідэалы грамадскага развіцця.
Сяргей Шычко.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?