24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Іван Сікора, садавод і касманаўт


Як вучыць Біблія, гісторыя чалавецтва пачалася ў Эдэмскім садзе. І ўвесь далейшы аповед — нішто іншае, як доўгі ланцужок спроб заслужыць вяртанне ў той сад. А вось асобныя зямныя сады — напамін пра страчаны рай і стымул для чарговых намаганняў. Прафесія садоўніка — не самая ўганараваная людзьмі, але, відаць, самая блізкая да таго пачатковага прызначэння чалавека, з якім ён некалі быў створаны Усявышнім, які добра памятае пра тое, чаго Ён чакаў ад першых людзей. У п'есе Брэхта «Допыт Лукула» славуты рымскі палкаводзец часткова апраўдваецца на пасмяротным судзе не сваімі ваеннымі перамогамі, не славутымі раскошнымі застоллямі, а адной толькі вішняй, якую ён вывез з Азіі і падарыў Рыму і ўсёй Еўропе. А гетман Казімір Сапега застаецца ў нашай памяці дзякуючы не толькі свайму багаццю, уплыву і інтрыгам, якія на нейкі час узнеслі яго род на вяршыню ўлады ў ВКЛ, але выведзеным у яго ўладаннях гатункам грушы — сапяжанкай.

26-4

Партрэт Івана Сікоры работы Віктара Крука.

Заўжды былі людзі, няхай і нешматлікія, якія, стаміўшыся ад штодзённай мітусні, зайздрасці і жорсткасці, знаходзілі суцяшэнне ў рыдлёўцы і садовых нажніцах. Магчыма, яны вераць, што тыя самыя дрэвы і плады, з-за якіх мы страцілі свой пачатковы рай, і дапамогуць нам у яго вярнуцца? Сярод амерыканскіх піянераў такім быў Джон Чапман па мянушцы Яблыневае Зярнятка, які на пачатку існавання амерыканскай дзяржавы прысвяціў сваё жыццё насаджэнню яблыневых садоў. На яго прыкладзе выхоўвалі многія пакаленні амерыканскіх дзяцей. Быў такі чалавек і ў Беларусі — Іван Паўлавіч Сікора (1885—1966). Першую палову жыцця сялянскі сын, вялікі аматар кніг і раслін, імкнуўся стаць настаўнікам — спачатку ў Расійскай імперыі, потым у міжваеннай Польшчы. Але гэтая мара не здзейснілася: у сярэдзіне 1920-х, калі Іван Сікора толькі скончыў настаўніцкія курсы і атрымаў магчымасць вучыць дзяцей, амаль адразу ён быў звольнены. Бо, на жаль, польская дзяржава не хацела, каб дзяцей вучылі па-беларуску.

Разгром беларускага руху ў 1926 годзе быў вялікай асабістай трагедыяй для Сікоры. 40-гадоваму былому жаўнеру і былому настаўніку давялося шукаць не проста іншую працу, але і іншы сэнс жыцця. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Шукаючы заробак, наш герой быў вымушаны пайсці працаваць простым садоўнікам да графа Канстанціна Пшаздзецкага ў маёнтак Варапаева. Вось і мяркуйце самі, ці патрэбныя людзі гэтыя графы, ці нікчэмныя паразіты? Няхай сабе і не з любові да ўсіх людзей, а нават дзеля ўласнага задавальнення, але любілі яны прыгажосць і смачную садавіну. І часам з гэтага эгаізму міжволі выходзіла карысць не ім адным, але многім людзям. Вось і ў тым графскім садзе навучыўся Іван Сікора майстэрству садоўніка, якое і зрабілася яго лёсам, яго пакліканнем. Ужо да 1939 года, калі прыйшлі Саветы, быў ён вядомым селекцыянерам, які вывеў многія сотні гатункаў яблынь, груш, агрэсту. На базе яго прыватнага доследнага саду быў створаны апорны пункт Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства, пладаводства і агародніцтва. Здавалася, вось яно, нарэшце, — прызнанне. Але неўзабаве — вайна, акупацыя, гібель блізкіх людзей і гібель улюбёнай бібліятэкі, якая не спадабалася нацысцкім карнікам. Шлях, зусім не высланы ружамі, — хаця ружы ён вельмі любіў, яго калекцыя гэтых кветак перад вайной лічылася адной з лепшых у Еўропе. Больш падобны на шлях біблейскага Іова: адзін сын загінуў без весткі на фронце, другі арыштаваны і сасланы на 10 гадоў у ГУЛАГ. Дый са справай жыцця ой, як нягладка ўсё склалася! Здавалася б, шырокая вядомасць, званне заслужанага агранома БССР, сотні выведзеных гатункаў раслін, дзясяткі тысяч разасланых па ўсёй Беларусі саджанцаў — але столькі балюча няздзейсненых мар! Бо і дагэтуль, паклаўшы руку на сэрца, — ну хіба ў Беларусі столькі (і такіх) садоў, колькі (і якіх) нам патрэбна? Хіба ёсць столькі прыватных гаспадароў, якія якраз і здольны напоўніць зямлю прыгажосцю? Адной з мар Івана Сікоры было шырокае распаўсюджванне культуры ляшчыны і выкарыстанне лясных арэхаў у ежы. Бо ён верыў у важнасць і карыснасць гэтай расліны для нашага меню. Але дзе, апроч амерыканскіх шакаладных батончыкаў, можа сёння сярэднестатыстычны беларус пакаштаваць тыя арэхі? Абсурд. Парадаксальна, але здаецца, што далёкія жэньшэнь, элеўтэракок і іншыя экзатычныя расліны, якім ён упершыню даў беларускую «прапіску», лепш сёння вядомыя ў культуры, чым такая звычайная ляшчына. Марыў, каб яго вялікая бібліятэка, якая пачалася некалі з падарунка У. Чарткова, сакратара Льва Талстога, зрабілася публічнай і была запатрабаванай. Але, вядома, не віна ў тым нашага героя, які ўсё жыццё рабіў, што мог, і прыйшоў на апошні Суд з чыстым сумленнем.

У апошнія гады памяць пра Івана Сікору вяртаецца ў беларускую публічную прастору дзякуючы намаганням зямлячкі Ады Райчонак і іншых мясцовых краязнаўцаў. У яго родных Алашках адкрыты музей, а ў ім — помнік Яблыку. Адзін з лепшых беларускіх гатункаў яблыні, найбольш трывалы да зімовых маразоў, выведзены з яго саджанцаў ужо пасля смерці славутага агранома, назвалі «Памяць Сікоры». Гэтаксама, як верш Максіма Танка, напісаны ў яго гонар. Некалі амерыканскі фантаст Рэй Брэдберы, натхнёны гісторыяй Джона Яблыневае Зярнятка, напісаў апавяданне «Зялёны ранак», пра чалавека, які прысвяціў жыццё азеляненню Марса. Вось і Сікора ў тым вершы Танка паўстае менавіта такім чалавекам. Дзіваком, «марсіянінам», як і яго зямляк Язэп Драздовіч. Няхай такіх як ён, вельмі мала, але калі б іх не было зусім, дык наша планета вельмі хутка ператварылася б у бясплодную пустыню. А пакуль што застаецца шанц, што мы некалі яшчэ знойдзем дарогу дадому, у гэтак неасцярожна страчаны Эдэмскі сад.

Максім Танк

Памяці Івана Сікоры

Вы яшчэ не прышчэплівалі свае яблыні?

Як шкада, што Сікора — стары садавод,

Аб якім у нас казкі, легенды складалі,

На змярканні аднойчы згубіў акуляры

І забрыў не дамоў, але ў рай

Або мо на другую планету,

І цяпер нельга з ім нам параіцца.

 

А ён, помню, хацеў падарыць чаранкі,

Прышчапіўшы якія, мы мелі б у садзе

яблыкі,

Налітыя песнямі, звонам пчаліным,

Чырванню ўсходаў і захадаў сонца,

Пахам неба, зямлі, успамінамі.

 

Можа, пры дапамозе касмічных ракет

Нам яшчэ з ім удасца звязацца.

Таму абы-якімі гатункамі чаранкоў

Вы не спяшайцеся

прышчэпліваць яблыні.

Кухмістр Верашчака

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.