Вы тут

Пад ветразем мары


У краіне з 8 па 16 верасня ладзіцца тыдзень дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Цэнтры творчасці Міншчыны прапануюць усім ахвотным кірмашы, выставы, экскурсіі, прэзентацыі, творчыя лабараторыі, тэатралізаваныя паказы, канцэртныя, забаўляльныя і фізкультурна-спартыўныя праграмы.

Навінкай Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна стане правядзенне акцыі «Новае жыццё старых рэчаў». Педагогі і навучэнцы пакажуць, як з другаснай сыравіны і непатрэбных рэчаў можна зрабіць нешта карыснае. Цікавай чакаецца і акцыя «Увага, пошук!» Падчас яе юныя парламенцёры будуць шукаць мэтанакіраваных, энергічных, крэатыўных маладых людзей, якія імкнуцца вучыцца, ісці наперад і зрабіць свой горад і жыццё моладзі лепшымі. А для навучэнцаў 6-7 класаў прапануецца злёт у форме гульні па станцыях «На турысцкай сцяжыне», фестываль тэхнічнай творчасці «І будзе майстэрства за працу ўзнагародай».

У Старадарожскім цэнтры дзіцячай творчасці «Святліца» імя Стасевіча пройдзе дзень адчыненых дзвярэй. Мяркуецца, што цэнтр наведаюць каля 200 навучэнцаў устаноў адукацыі горада і раёна. Госці змогуць папрацаваць у творчых майстэрнях «Вясёлыя вырабы», «Лепка з гліны», «Мяккая цацка», «Малюнак па шкле», «Мастацкая праца». А на цэнтральнай плошчы горада адбудзецца рэкламная акцыя «Запрашаем у свет творчасці».

У Маладзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі арганізуецца акцыя «Алё, мы шукаем таленты!» пры падтрымцы кампаніі «Мабільныя тэлесістэмы». Удзельнікі бізнес-кампаніі «Поспех» будуць прадаваць вырабы і сувеніры асабістай вытворчасці. У гарадскім парку можна паглядзець паказальныя выступленні судамадэлістаў.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Барысава запрашае на дзень адчыненых дзвярэй у дзіцячых пакоях па месцы жыхарства «А ў нас у двары», а таксама на творчую сустрэчу з мастачкай Вольгай Галаўко.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.