Вы тут

Сведчанне памяці


У Мінску падтрымалі ініцыятыву Еўразійскага збору артэфактаў Другой сусветнай

Напярэдадні 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў беларускія распрацоўшчыкі папулярнай камп'ютарнай ваенна-гістарычнай гульні «Свет танкаў» (World of Tanks) арганізавалі аўтапрабег «Уладзівасток (Расія) — Брэст (Францыя)». Галоўнай мэтай мерапрыемства стаў збор калекцыі экспанатаў часоў Другой сусветнай вайны. На гэтым тыдні ўдзельнікі аўтапрабегу спыніліся ў Беларусі.

10-21

Аўтапрабег стартаваў 22 жніўня ва Уладзівастоку, яго ўдзельнікі ўжо прарабілі шлях даўжынёй 13 000 км з Уладзівастока да Мінска і правялі ў дарозе больш за 40 дзён. Увесь маршрут аўтапрабегу будзе доўжыцца каля двух месяцаў і фінішуе ў французскім Брэсце. У рамках акцыі ўжо было арганізавана 18 сустрэч, на якія прыхільнікі World of Tanks і ўсе ахвотныя прынеслі больш за 50 адзінак памятных рэчаў ваеннай эпохі з асабістых архіваў — фотаздымкі, медалі, лісты або іншыя атрыбуты ваеннага побыту. Яны будуць перададзены ў ваенна-гістарычныя музеі. Вось некаторыя з гісторый з вуснаў удзельнікаў аўтапрабегу.

Яўген Нігматулін (медаль «За ўзяцце Кёнігсберга», ордэн Айчыннай вайны другой ступені):

— Недалёка ад майго дома стаялі тры нежылыя драўляныя дамы, тры баракі. Потым два з іх знеслі, а адзін згарэў. Мне было гадоў дванаццаць, калі мы з сябрамі лазілі па гэтым пажарышчы, і там я знайшоў гэтыя ордэн і медаль. Я не ведаю, каму яны належалі, для мяне яны так і засталіся безыменнымі. Гэта было занадта даўно да мяне, каб высветліць, хто там жыў, і бацькі мае, і сваякі таксама не ведаюць. Але гэтыя ўзнагароды не мае, і я не маю права трымаць іх у сябе, хай яны захоўваюцца ў музеі.

Вадзім Кулакоў (медалі «За ўзяцце Берліна» і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»):

— Цапенка Мітрафан Васільевіч — мой прадзед па матчынай лініі, украінец. Ён пайшоў на фронт у 1941 годзе, быў кулямётчыкам, атрымаў раненне — прастрэлілі лёгкае. Потым павінны былі камісаваць, але ён прыняў рашэнне паехаць на Уралвагонзавод, дзе нароўні са звычайнымі слесарамі збіраў танкі Т-34. А потым на гэтых танках і пайшоў ваяваць зноў: быў створаны Уральскі добраахвотніцкі танкавы корпус. Ён дайшоў да Берліна, іх экіпаж браў Рэйхстаг. Я хачу, каб не толькі я глядзеў на гэтыя медалі, але і ўся краіна глядзела на іх і памятала сваіх герояў.

Сяргей Карпаў (кабура):

— Гэта нямецкая кабура 1943 года ад парабелума. Дасталася яна мне ад цесця: ён служыў у заходняй групе войскаў, і, відаць, яна трапіла яму ў рукі ў Германіі. Ён мне яе перадаў, а мне яна без патрэбы. Я вырашыў, што вам больш патрэбна — вы робіце добрую справу, і гэтая кабура яшчэ спатрэбіцца як экспанат у музеі (на шчасце, не па прамым прызначэнні).

Павел Хахракоў (медаль «За перамогу над Японіяй):

— Медаль захоўваўся ў мяне дома. Мне здаецца, з рэчамі такое часта адбываецца: яна ў цябе ёсць, а адкуль, ты ўжо не памятаеш. Абодва мае прадзеды ваявалі ў Другую сусветную, а ў майго сябра захаваліся лісты, якія яго прадзед пісаў дадому. Я хачу перадаць медаль у музей — калі ён там будзе захоўвацца, то гэта будзе не баявая ўзнагарода, але сведчанне памяці. Вядома, хацелася б даведацца яе гісторыю, але гэта ўжо немагчыма...

У кожным горадзе па маршруце аўтапрабегу яго ўдзельнікі прыязджаюць на сустрэчу з распрацоўшчыкамі на асабістым аўто, пераробленым з падручных сродкаў у «танкамабіль». Мінск не стаў выключэннем.

Мерапрыемства было арганізавана ў рамках праграмы «Памятаем усё». Гэта глабальная ініцыятыва кампаніі Wargamіng, якая была пачата ў канцы 2013 года і накіравана на садзейнічанне ваенна-гістарычным музеям па ўсім свеце ў справе захавання і рэстаўрацыі легендарных узораў ваеннай тэхнікі. Кампанія павінна адрадзіць цікавасць да гісторыі, натхніць моладзь на вывучэнне мінулага сваёй краіны і захаваць для будучых пакаленняў унікальныя гістарычныя помнікі.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.