Вы тут

Эфект «Надзеі»


Беларуска-нямецкі праект «Надзея» адзначыў днямі 20-годдзе афіцыйнага адкрыцця дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра, які дапамагае ў лячэнні і аздараўленні дзяцей, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

10-14

За гэты час адпачыць і палепшыць здароўе ў «Надзеі», што месціцца ў Вілейскім раёне, змаглі больш як 67 тысяч дзяцей, а рэабілітацыйны цэнтр павялічыў свае магчымасці ад прыёму 60 чалавек за змену ў 1994 годзе да 310 дзяцей у вучэбны перыяд і 450 на летніх канікулах — у 2014-м. Да таго ж, паводле слоў дырэктара ДРАЦ «Надзея» Вячаслава Макушынскага, акрамя прыёму дзяцей, якія пастаянна пражываюць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, цэнтр пры падтрымцы міжнародных дабрачынных арганізацый і замежных партнёраў з Германіі, Японіі, Італіі рэгулярна праводзіць праекты па аздараўленні дзяцей, якія маюць аднолькавую медыцынскую паталогію (анкалагічныя захворванні, хваробы крыві, сэрца), а таксама сацыяльныя праекты па аздараўленні дзяцей са шматдзетных і няпоўных сем'яў, з дамоў-інтэрнатаў, ладзіць сямейны адпачынак для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і іх бацькоў. «Мы сёння супрацоўнічаем з 13 краінамі свету, дзе людзі неабыякава ставяцца да лёсу беларускіх дзяцей. У гэтым сэнсе наш цэнтр стаў агульным домам для дзяцей, а таксама дарослых, якія разумеюць важнасць партнёрства дзеля будучыні, — падкрэслівае Вячаслаў Рыгоравіч. — Напрыклад, сёння па аналогіі з беларускім цэнтрам «Надзея» ствараецца дзіцячы цэнтр у Японіі для дзяцей, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на АЭС «Фукусіма-1».

Набыўшы вядомасць у сферы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення, «Надзея» развіваецца і ў іншых кірунках. Так, з 2001 года вядзецца вытворчасць экалагічна чыстай сельгаспрадукцыі для харчавання дзяцей, пры гэтым выконваюцца прынцыпы энергаэфектыўнасці і ўстойлівага развіцця.

10-15

А ў юбілейныя дні ў «Надзеі» адбылося вялізнае свята — спартыўныя конкурсы, гульні, канцэрт, выстава творчых работ, уручэнне ўрачыстых грамат заснавальнікам і партнёрам праекта, закладка алеі «Разам у будучыню», сустрэчы сяброў цэнтра з галоўнымі яго гаспадарамі — дзецьмі. Віншаванні і пажаданні даўгалецця праекту гучалі ад 150 прадстаўнікоў з 35 арганізацый 7 краін свету.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.