Вы тут

Неглюбскія ўзоры, або З кроснамі па жыцці


— Гэта не мая асабістая ўзнагарода — гэта дасягненне ўсёй нашай вёскі, кожнага, хто захоўвае і перадае нашчадкам нашы неглюбскія традыцыі, — гаворыць Людміла Кавалёва, якая ў Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва Веткаўскага раёна ўзначальвае аб'яднанне майстрых «Кацелачкі». Яна ўпэўнена, што і бабулькі, якія ёй самой калісьці перадавалі ў спадчыну навыкі работы з кроснамі, і школьнікі, якія прыходзяць займацца сёння ў ткацкія гурткі — усе павінны ганарыцца спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта за значныя дасягненні ў справе адраджэння і развіцця народных рамёстваў.

Першы ручнік

У Неглюбку Людміла Васільеўна прыехала літаральна за мужам. Да гэтага ўраджэнка Брагіншчыны скончыла прафтэхвучылішча і атрымала спецыяльнасць слесара кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. Ужо сядзела на чамаданах, каб адправіцца па размеркаванні ў далёкі Нефцекамск, але ж раптам юных выпускнікоў накіравалі на «Гомсельмаш». Менавіта на гэтым прадпрыемстве Людміла пазнаёмілася з Уладзімірам, які неўзабаве і павёз 20‑гадовую маладую ў сваю родную вёску Неглюбку:

—Мне заўсёды падабалася нешта рукамі рабіць. Са школы ўмела і вязаць, і вышываць. А вось ткацтва ў нас на Брагіншчыне не было распаўсюджана. Таму мяне тады вельмі ўразіла ўбранства ў неглюбскіх хатах, у тым ліку саматканыя ручнікі. У 80‑я гады жанчыны ў вёсцы яшчэ хадзілі басанож, насілі льняныя сукенкі, а на галаве — сук. Так называлі галаўны ўбор — хустку павязвалі асаблівым чынам вакол высокай прычоскі. Жыхаркі Неглюбкі прытрымліваліся гэтай традыцыі. Але потым тут быў адзін кіраўнік гаспадаркі, які забараніў жанчынам хадзіць на працу ў гэтых суках і самаробных кашулях. Маўляў, ці тут цывілізацыі няма? Яно і цяпер так часта здараецца — многія саромеюцца свайго, роднага. Замест таго, каб падтрымліваць такую самабытнасць.

Сёння першым настаўніцам Людмілы ў ткацкай справе — за 90. А 35 гадоў таму яны былі яшчэ зусім маладымі і амаль усе з задавальненнем дзяліліся сакрэтамі майстэрства з юнай прыезджай дзяўчынай. Мне вельмі пашанцавала з настаўніцай Марыяй Іванаўнай Герасіменка, — кажа Людміла. — Практычна кожную пракідку чаўнака яна рабіла разам са мной. З задавальненнем мне дапамагала вырабляць мой першы ручнік.

Цікава, што ў філіяле фабрыкі мастацкіх вырабаў, што на той час існаваў у вёсцы, працавалі ў асноўным прыезджыя. Старыя ж майстрыхі лічылі неабходным пазбавіць сваіх дачок ад навучання ткацтву, успамінае Людміла:

—Іх аберагалі, лічылі ганьбай працягваць матчыну справу. Не раз чула, як казалі: «Мая дачка ткаць будзе? Ды не! Яна вывучыцца і стане бухгалтарам!» І ганарыліся: «А мой сын з пінжакамі ходзіць, а не з кухвайкамі!» Разумееце, якое было паняцце. Вось і сёння, пакуль малыя, школьнікі з задавальненнем асвойваюць ткацкі станок, а як падрастаюць, раптам пачынаюць саромецца сваіх навыкаў. Можа, хто ім што кажа?

Бабуліны памочнікі

Першыя набытыя ўменні Людміла адразу ж ператварыла ў рэчы: прыгожыя посцілкі, навалачкі, ручнічкі… А потым стала разумець, што такой прыгажосцю трэба абавязкова дзяліцца з іншымі.

—Мне такі лёс наканаваны, відаць, быў. А калі муж пайшоў працаваць дырэктарам мясцовага клуба, мы пачалі вывозіць нашы ткацкія вырабы ў Мінск. Бралі ў бабулек ручнікі на выставы — ім тады за амартызацыю грошы плацілі. А калі пайшоў распад Саюза, грошай не стала, бабулькі перасталі даваць свае рарытэтныя вырабы і самі ездзіць на выставы не захацелі. Так вось мы і трапілі ў бязвыхадную сітуацыю. Трэба ж было мужа падтрымліваць у гэтай справе. Вось я і пачала ткаць больш менавіта ручнікоў. У тыя ж часіны праз нерэнтабельнасць тут закрылі невялічкую ткацкую вытворчасць. А потым мяне ўзялі на работу ў аддзел культуры. Дарэчы, сярод беларускіх ручнікоў неглюбскія лічацца самымі багатымі — на іх можна ўбачыць больш за 120 узораў:

—Неглюбская тэхніка выканання ручніка адрозніваецца ад іншых — я адразу свае пазнаю. Гэта такая складаная работа, што вельмі многае залежыць ад настрою. І, калі не атрымліваецца, часам лепш прыпыніцца і адпачыць, — кажа майстрыха.

Але сама адпачываць не збіраецца. У свой час яна падхапіла ледзь не загінулае самабытнае мастацтва, а цяпер лічыць неабходным навучаць іншых ткаць унікальныя вырабы. Сваю дачку Алену яна навучыла ўпэўнена прабіваць бёрды, і тая зараз самастойна займаецца старажытным рамяством. Майстрыхі Алена Дземчыхіна і Таццяна Суглоб разам выкладаюць у гуртках для дзяцей.

Старэйшыя ўнукі Настасся і Канстанцін — першыя бабуліны памочнікі за ткацкім станком. Да таго ж, з міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Санкт-Пецярбургу Насця прывезла дыплом за работу «Неглюбскія ручнікі. Асаблівасці неглюбскага ткацтва». Трохгадовы Кірыл, які расце ля кроснаў, таксама ўжо на практыцы ведае, як праводзіць чаўнок паміж нітоў.

Але ж Уладзімір і Людміла Кавалёвы ганарацца не толькі сваімі нашчадкамі, але і ўсімі вучнямі, хто з задавальненнем працягвае справу захавання ўнікальнай беларускай традыцыі. У аматарскім аб'яднанні цяпер 11 ткачых. Акрамя таго, створаны два дзіцячыя гурткі, у якіх займаюцца мясцовыя школьнікі:

—Усе дзеці ў нашай вёсцы ткацтвам цікавяцца. Дарэчы, хлопчыкаў больш, чым дзяўчынак.

На любы густ, але з захаваннем традыцый

Атрымліваць прэмію Прэзідэнта ў Мінск ездзіў дырэктар Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва і муж Людмілы Уладзімір Кавалёў. Смяецца, быў адзін з сельскай мясцовасці ў сталіцы, астатнія стыпендыяты — гарадскія:

—Прыемна, безумоўна, калі ўзнагароды ўручаюць. Я сам тут, у Неглюбцы, нарадзіўся, і бацькі мае тут жылі. З 1987 года працую дырэктарам. Але ж і да мяне тут быў гурток ткацтва. Хаця мы зараз і маем назву «цэнтр ткацтва», выконваем усе функцыі, уласцівыя звычайнаму дому культуры. Зроблены добры рамонт, ёсць вялікі пакой, прыстасаваны пад музей народнага быту і гісторыі ткацтва «Аповесці жыцця». Сёння ў яго экспазіцыі больш за 150 саматканых ручнікоў, традыцыйная вопратка жыхароў Неглюбкі. Можна пабачыць узоры рэканструяваных неглюбскіх народных строяў. Тут і кашулі, і панёвы (спадніцы), і абрусы, і посцілкі тканыя. Замужняя жанчына ад незамужняй адзеннем прынцыпова адрознівалася. Мы ўсё гэта паказваем.

Між тым, сёння кожны вытканы ручнік мае канкрэтны кошт, пра які можна даведацца ў мясцовай сувенірнай краме. Простыя можна набыць прыкладна за 500 тысяч беларускіх рублёў, а доўгія і складаныя — разы ў чатыры даражэйшыя. Пры гэтым улічыце, што метр ручніка са складаным узорам можа ткацца прыкладна тыдзень. Калі грошай небагата, можна мяшочак для мабільніка набыць — рэч патрэбную і незабыўна прыгожую. Робяць майстры і іншыя сувеніры: арнаменты на саломе, жаночыя сумкі, мяшочкі-траўніцы і іншае.

Эксклюзіўныя вырабы набываюць турысты з усяго свету. На міжнародных выставах у Манрэалі, Токіа, Парыжы, Брусэлі ручнікі адзначаны залатымі медалямі. Ёсць неглюбскі ручнік і ў адной з залаў ААН. Некалькі набыў для асабістай калекцыі музей «Метраполітэн» у Нью-Ёрку. У 2013‑м неглюбскія ручнікі перададзены ў Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітаі.

Неглюбскую якасць ведаюць добра, таму многія гатовыя плаціць за арыгінальнасць і нацыянальны каларыт. Свае эксперыменты з узорам і колерамі майстрыхі праводзяць таксама. Гэта першапачаткова неглюбскі ручнік быў толькі бела-чырвоным. Потым ва ўзор сталі ўплятаць чорны колер. А сучасныя майстрыхі не грэбуюць і зялёным, і блакітным. На любы густ, але з захаваннем неглюбскіх традыцый. І ніткі выкарыстоўваюцца розныя. Гэта раней быў толькі традыцыйны лён. Сёння і воўна, і паўвоўна можа быць. Праўда, гаворыць дырэктар, з набыццём нітак не ўсё проста. Пакуль закупляюць на Веткаўскай бавоўнапрадзільнай фабрыцы, але як далей будзе — не ведаюць.

Дырэктар арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры Веткаўскага раёна Надзея Сахарук адзначае, што пасля перайменавання дома культуры ў цэнтр ткацтва да ўстановы заўважна павялічыўся інтарэс:

—Нас уключылі ў дзяржаўную праграму развіцця рэгіёнаў, што дапамагло набыць неабходнае абсталяванне і ўвесці дадатковыя стаўкі майстрых па ткацтве. Сёння цэнтр — візітоўка Гомельшчыны і Беларусі на міжнародным узроўні.

Так, «тавар тварам» трэба паказваць не толькі ў нашай дзяржаве, але і ў суседніх краінах. Магчыма, і для таго, каб унікальнае рамяство неглюбскіх ткачых перадаць у рукі вытворцаў, агучваю мары аб адраджэнні мясцовай традыцыі на прамысловым узроўні. Неглюбскія ткачыхі змаглі гісторыю зрабіць сучаснасцю. Думаю, ім па сілах і замах на будучыню.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.