У Мінску на праспекце Дзяржынскага не так даўно адкрыўся яшчэ адзін, але першы ў абноўленым дызайне, фірменны магазін «Мілавіца». Развіццё фірменнай розніцы ўнутры краіны і за яе межамі з'яўляецца адным з прыярытэтаў шырокавядомай кампаніі, якая актыўна працуе і над пашырэннем геаграфіі рынкаў збыту.
Дызайнеры зрабілі ўсё, каб новыя магазіны былі адначасова сучаснымі (у тым ліку і фасад) і зручнымі для пакупніка. Калекцыі жаночай бялізны цяпер дзеляцца на некалькі зон — Mіlavіtsa Classіc, Mіlavіtsa Fashіon і Alіsee. Інтэр'ер стаў не проста жаноцкім, але і дамашнім, утульным. Здаецца, што ты заходзіш не ў «гандлёвы аб'ект», а ў адзін з вялікіх пакояў свайго дома — такому адчуванню спрыяе афармленне сцен з фотаздымкамі, падабранымі нібыта з сямейнага архіва. Дарэчы, рэстайлінг (змена стылю) чакае ўсе магазіны «Мілавіца».
Увогуле, летась адкрыта звыш 60 новых магазінаў, у тым ліку ў Ізраілі, Чэхіі, Балгарыі, Латвіі, наладжаны аптовыя пастаўкі ў ЗША, Мексіку, Ірландыю. У 2015 годзе працягнецца развіццё рознічнай сеткі ў Расіі, Украіне, Латвіі, Казахстане, Бахрэйне і іншых краінах. «Мы поўнасцю кантралюем выкананне стандартаў работы партнёраў ва ўсіх краінах прысутнасці брэнда, — кажа спецыяліст аддзела франчайзінгу СП ЗАТ «Мілавіца» Настасся ДУБОВІК. — Ацэньваюцца справаздачы па продажы, маніторыцца афармленне вітрын фірменных магазінаў… Комплексны падыход дазваляе абараніць брэнд ад падробак і кантрафактнай прадукцыі, падтрымаць высокі ўзровень фірменнага стылю і дызайну брэндавых магазінаў».
Дарэчы, беларускі рынак у структуры збыту СП ЗАТ «Мілавіца» займае другое месца — каля чвэрці ад агульнага аб'ёму продажу. Рознічная сетка ўключае 56 магазінаў, у тым ліку фірменныя секцыі ў буйных універмагах.
Святлана БАРЫСЕНКА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.