Вы тут

КВЕТКІ — ВЕТЭРАНАМ


У гэтыя цудоўныя вясновыя дні, залітыя яркім ласкавым сонцам, уся краіна рыхтуецца да вялікага свята — 70-годдзя Перамогі над фашысцкімі захопнікамі. У гарадах і вёсках людзі наводзяць парадак ля помнікаў землякам, якія загінулі на фронце і ў партызанскіх атрадах. Высаджваюць кветкі на брацкіх магілах вайскоўцаў, што вызвалялі іх населеныя пункты. Наведваюць з падарункамі ветэранаў вайны, якіх, на жаль, засталося ўжо зусім нямнога... Гэта яны — галоўныя героі надыходзячага свята, гэта ў іх гонар будуць гучаць песні, маршы, салюты...

А між іншым, на гарадскіх і вясковых могілках па ўсёй Беларусі ёсць сотні і тысячы магіл удзельнікаў мінулай вайны, якія пайшлі з жыцця трыццаць, сорак, пяцьдзясят гадоў таму... І часта ўжо няма каму даглядаць гэтыя магілы, няма каму прынесці сюды хаця б адну кветачку на свята: жонкі і мужы тых, хто пахаваны тут, таксама пайшлі з жыцця, а дзеці і ўнукі раз'ехаліся па белым свеце... Вось і маюць такія магілы з абеліскам пад чырвонай зорачкай непрыбраны, сірочы выгляд...

Пра гэта падумалі члены сямейнага клуба «Вера. Надзея. Любоў» з вёскі Язна Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Шэсць гадоў існуе ён пры мясцовым Доме культуры, шмат цікавых і карысных спраў на яго рахунку. І вось цяпер актывісткі клуба: Саламея Сіняўская, Ева Астроўская, Галіна Пучкоўская, Ася Берберы — прыйшлі на могілкі вёскі Язна і вёскі Каралеўскія і прыбралі магілы сваіх землякоў — удзельнікаў вайны, тых, да каго ўжо даўно не наведваліся родныя. Вырвалі быллё, сабралі галлё і лісце, паправілі і пачысцілі помнікі, пасадзілі на магілах нарцысы і цюльпаны... Акцыю, якой жанчыны далі назву «Кветкі — ветэранам», ахвотна падтрымалі аднавяскоўцы.

А колькі такіх непрыбраных магіл франтавікоў і партызан яшчэ чакаюць нашай увагі! Добра, каб пра іх успомнілі ў кожнай вёсцы, у кожным райцэнтры. Дзе знайсці інфармацыю пра землякоў, удзельнікаў вайны, пра якіх ужо новае пакаленне вяскоўцаў і не ведае? Там, дзе знайшлі яе язненскія жанчыны — у кнізе «Памяць» свайго раёна...

Тамара БУНТА.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.