Вы тут

Як сёння працягваюцца традыцыі Эдварда Вайніловіча?


 

edward woynillowicz 001

 Ёсць такія асобы, якіх смела можна назваць стаўпамі нацыянальнай    гісторыі і культуры. Яны здолелі не проста пражыць жыццё, але  пакінулі яскравы, добры след у мінулым. Да ліку такіх людзей можна  аднесці Эдварда Вайніловіча. Як вялікі патрыёт, ён умела кансалідаваў  вакол сябе ўсю тагачасную эліту. Актыўна падтрымліваў беларускую  мову (не толькі ідэйна, але і фінансава), выступаў за еднасць усіх  хрысціянскіх канфесій і гэтым таксама спрыяў кансалідацыі  грамадства. Менавіта Эдвард Вайніловіч з'яўляецца фундатарам  пабудовы касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску, які лічыцца адной  з візітных картак сталіцы (у народзе яго называюць Чырвоным  касцёлам). І гэта далёка не поўны спіс таго, што паспеў зрабіць за сваё  жыццё гэты таленавіты чалавек.

 Каб узгадаць традыцыі Эдварда Вайніловіча, паглядзець, які працяг  яны маюць у сучаснасці, у «Звяздзе» адбыўся круглы стол,  прысвечаны гэтай унікальнай асобе. У ім прынялі ўдзел дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, загадчык аддзела гістарыяграфіі і метадаў гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянціна ЯНОЎСКАЯ, ксёндз-магістр, пробашч касцёла Св. Сымона і Алены Уладыслаў ЗАВАЛЬНЮК, загадчык аддзела гісторыі беларускай дзяржаўнасці Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй УНУЧАК, дэкан факультэта перападрыхтоўкі спецыялістаў адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Уладзімір ПУЦІК.

Падтрымліваць родную мову

Добра вядома, што Эдвард Вайніловіч лічыў беларускую мову сваёй. У гэтага чалавека было столькі мудрасці і прадбачлівасці, што ён адным з першых са свайго асяроддзя падтрымаў ідэю беларускага нацыянальнага адраджэння. Адметным было тое, што, выступаючы за беларускую ідэю, ён непрыхільна ставіўся да радыкальных сацыялістычных настрояў. Вось што ён пісаў з гэтай нагоды:

«Валодаючы беларускай мовай гэтак жа добра, як і польскай, і стала ўжываючы яе ў стасунках з вясковымі працаўнікамі ў сваёй гаспадарцы, я некалькі дзесяцігоддзяў падтрымліваў сталы кантакт з усімі праявамі беларускага руху перадусім у Менску... Беручы ў беларускіх згуртаваннях сякі-такі матэрыяльны ўдзел, урэшце мусіў з іх штораз выходзіць, бо распачатая ў іх праца, спачатку ў кірунку самапазнання і нацыянальнага адраджэння — «Лучынка», «Саха», «Загляне сонца і ў наша аконца», напрыканцы заўжды прымала сацыялістычныя кірунак і лозунгі, якім, насуперак сваім перакананням, служыць я не мог».

без имени-9165

Андрэй Унучак:

— Вывучаючы дзейнасць газеты «Наша Ніва» ў пачатку XX стагоддзя, я знайшоў дакументы, у якіх згадваецца, што для сябе асабіста Вайніловіч выпісваў адразу 10 асобнікаў газеты. Таксама ён выдзяляў пэўныя сродкі на падтрымку гэтага выдання.

У 1906 годзе ён выступіў з ідэяй аўтаноміі былога Вялікага Княства Літоўскага ў межах Расійскай імперыі. Таксама Вайніловіч быў за тое, каб беларуская мова (менавіта так яе называў) мела правы. Ён пісаў, што ўся наша шляхта, асабліва дробная, дома зазвычай размаўляе па-беларуску (гэта, дарэчы, пацвярджалі Аляксандр Сержпутоўскі і іншыя даследчыкі). Вайніловіч казаў, што ён быў знаёмы фактычна з усімі галоўнымі дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння: братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім, Браніславам Эпімах-Шыпілам. Ён кантактаваў з тымі людзьмі, што выдавалі «Нашу Ніву» і заснавалі выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». Вайніловіч казаў, што падтрымлівае беларускі нацыянальны рух да той мяжы, пакуль ён з'яўляецца нацыянальным і культурным рухам. Як толькі той пераходзіць у палітычнае рэчышча, ён дыстанцыруецца ад яго, бо гэта можа выліцца ў сацыяльную рэвалюцыю. У гэтым сэнсе ён быў паслядоўным.

без имени-9170

Вячаслаў Даніловіч:

— Вельмі важны момант, што Вайніловіч, працуючы на кансалідацыю грамадства, быў супраць пашырэння варожасці. Гэта нагадвае нам, што і сёння трэба падтрымліваць сваю беларускую адметнасць, але ж пазбягаць канфрантацыі.

Андрэй Унучак:

— Вайніловіч добра ведаў гісторыю беларускай мовы. У адной з яго запісак за 1927 год ён падкрэсліваў, што Статут Літоўскі быў напісаны фактычна беларускай мовай і ўсе іншыя законы Вялікага Княства Літоўскага таксама пісаліся па-беларуску — гэта была мова ўрада. Ён адзначаў, што бачыў дакументы, датаваныя пачаткам XVІІІ стагоддзя (пасля забароны весці дзяржаўнае справаводства на старабеларускай мове ў 1696 годзе), напісаныя па-беларуску. Як палітычны мысліцель Вайніловіч разважаў так: «Калі аўстрыйцы, прусакі і рускія «разабралі» Рэч Паспалітую, то аўстрыйцы ў сваёй антырасійскай палітыцы падтрымлівалі ўкраінцаў, дазваляючы ім развіваць сваю мову, культуру. Гэтак дзейнічалі і бальшавікі ў 1920-я гады ў адносінах да беларусаў і Польшчы. У Мінску ўзнік беларускі ўніверсітэт, іншыя ўстановы, беларуская мова фактычна стала дзяржаўнай. У той жа час на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая апынулася ў складзе Польшчы, беларуская мова паступова выціскалася з афіцыйнага ўжытку. Такім чынам, у канцы свайго жыцця Вайніловіч прадказваў паражэнне польскай палітыкі ў адносінах да «беларускага пытання».

29-5

Уладыслаў Завальнюк:

— Калі разважаць пра тое, якім чынам ён падтрымліваў беларускую мову, то, па-першае, як ужо згадвалася, фінансамі — выдаткоўваў сродкі на выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», на газету «Наша ніва». Па-другое, ён быў вядомай асобай — многія звярталіся да яго з просьбай дапамагчы выдаць тую або іншую кніжку, брашуру, і ён пагаджаўся. Аднак Вайніловіч не проста даваў грошы — ён гэтым жыў, жадаў, каб справа мела развіццё. Акрамя таго, ён быў вельмі бацькоўскім, сяброўскім у зносінах — у размовах з Вайніловічам гэта заўсёды адчувалася. Ён быў вельмі адкрытым — для людзей і з людзьмі.

Паважаць усе хрысціянскія канфесіі

Эдвард Вайніловіч фундаваў пабудову касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску, які сёння з'яўляецца адным з архітэктурных упрыгажэнняў сталіцы. Ён вырашыў пабудаваць гэты храм, каб падкрэсліць еднасць усіх хрысціянскіх канфесій, аб'яднаць вернікаў. Вайніловіч пісаў пра гэта так:

29-2

«...І выбраў для гэтага Мінск — горад, у якім я зрабіў найбольшую частку маёй грамадскай працы і ў якім будаўніцтва другой святыні было найбольш патрэбна. Пры тым хацеў, каб Мінск меў святыню, якая б мела пэўную своеасаблівасць... Я не жадаў спыняцца на гатычным стылі, па-першае, таму, што ён стаў вельмі распаўсюджаны на той час пры будаўніцтве каталіцкіх святынь у Расіі, па-другое, таму, што ён вельмі адрозніваўся ад стылю праваслаўных храмаў, якія існавалі ў нашым краі, і гэтым як бы падкрэсліваў падзел па веравызнанні класаў нашага грамадства, бо пераважная частка сялянства была праваслаўная, а землеўласнікі — каталікамі, і я спыніўся на раманскім стылі, росквіт якога прыпадае на час, калі ўсходняя Царква існавала ў еднасці з Рымам».

 

 

 

Валянціна Яноўская:

29-4

— Варта прыгадаць, як будаваўся касцёл. З часу паўстання 1863-1864 гадоў да 1905 года касцёлы ў Беларусі ўвогуле не будавалі на тых месцах, дзе іх раней не было. Для таго каб узвесці новы касцёл, акрамя грошай, блаславення каталіцкага духавенства, выканання ўмоў будаўнічага статута, патрэбна была яшчэ і папярэдняя згода праваслаўнага епіскапа той епархіі, дзе меркавалася пабудаваць каталіцкі храм. Зразумела, што такой згоды амаль ніхто не даваў. Бо, як правіла, сцвярджалася, што насельніцтва вакол праваслаўнае і таму пабудова каталіцкага храма ў праваслаўным асяроддзі немэтазгодная. Размова магла весціся толькі пра тое, каб аднавіць колішні касцёл на старым месцы, але для гэтага трэба было даказаць, што ён там сапраўды быў. У 1904 годзе заканадаўства пачало пераглядацца. У красавіку 1905 года быў падпісаны ўказ аб асновах верацярпімасці. А ў маі таго ж года Вайніловіч ужо атрымаў дазвол на будаўніцтва новага касцёла, верагодна, ён быў адным з першых. Пры гэтым Вайніловіч паставіў умову, што сам будзе выбіраць архітэктурны стыль, майстра і сам фінансаваў будаўніцтва.

 

Вячаслаў Даніловіч:

— Давайце прыгадаем: колькі за савецкім часам было зруйнавана храмаў розных канфесій?.. Але Чырвоны касцёл захаваўся — гэта таксама сведчыць пра тое, што будаваўся, ствараўся ён з душою, з сапраўднай любоўю. Гэта энергія любові захавала яго, данесла да нашага часу. І сёння мы маем велічны храм, які з'яўляецца адной з візітовак сталіцы.

У абранні менавіта раманскага стылю для будаўніцтва касцёла (той стыль, які панаваў у той час, калі хрысціянская царква не была падзеленая) праявілася скіраванасць асобы Эдварда Вайніловіча на кансалідацыю грамадства.

Уладыслаў Завальнюк:

— Вайніловіч з'яўляўся поліканфесійным чалавекам, бо ў іх родзе былі праваслаўныя, каталікі, уніяты. Ён адзначаў, што ў сям'і ніколі не здаралася ніякага непаразумення ў поглядах, у тым ліку з прычыны веравызнання.

Праводзіць палітыку здаровага сэнсу

Дыпламатычныя здольнасці гэтага чалавека ўражваюць — ён здолеў заваяваць прыхільнасць самых розных людзей. Прэм'ер-міністр Расійскай імперыі Пётр Сталыпін нават прапаноўваў Вайніловічу пасаду міністра сельскай гаспадаркі. Аднак наш суайчыннік адмовіўся ад такой прапановы і вырашыў да канца служыць свайму роднаму краю. У сваіх запісах ён неяк адзначыў:

«Буду аднолькава незалежны як ад уплываў з-над Нявы і Масквы, так і ад указанняў з-над Віслы. Ніякіх мандатаў «іmperatіf» не прымаю. Буду, як і дагэтуль, ісці ў кірунку, які падкажа ўласнае сумленне і ўласнае разуменне патрэб свайго краю».

Вячаслаў Даніловіч:

— Не сакрэт, што Беларусь знаходзіцца на геапалітычным перакрыжаванні. Войны і канфлікты, якія здараліся ў Еўропе, так ці іначай закраналі нашу краіну. Тыя падзеі, якія адбываліся ў час жыцця Вайніловіча: нацыянальны беларускі рух, Першая сусветная вайна — прымушалі дзейнічаць у любых абставінах, што складваліся на той момант. Ён імкнуўся і падтрымліваць мясцовае насельніцтва, і супрацоўнічаць з уладнымі структурамі Расійскай імперыі, якія былі ў той час. Яго палітыка кампрамісу, здаровага сэнсу, на маю думку, вельмі слушная. Так, мы маем ўяўленне пра ідэальнае грамадства, у якім мог бы жыць Вайніловіч ці мы самі, але вымушаны дзейнічаць у тых палітычных, грамадскіх, сацыяльных, культурных умовах, што складваюцца ў канкрэтны гістарычны момант. Эдвард Вайніловіч акурат гэта добра разумеў.

без имени-9143

Уладзімір Пуцік:

— Прынцыпова і тое, што ніхто не прызначаў яго на кіруючыя пасады ў грамадскіх і палітычных арганізацыях — гэтага яскравага чалавека заўсёды пераабіралі добраахвотна. Прыхільнікамі Вайніловіча былі землеўласнікі з тэрыторый сучасных Украіны, Беларусі, Польшчы і Літвы. У Дзяржаўным савеце Расійскай імперыі яго выбралі ў аграрную і эканамічную камісію (адну з самых важных). І калі ён браўся за справу, то абавязкова даводзіў яе да пэўнага бліскучага фіналу.

Дапамагаць слабейшым

Эдвард Вайніловіч дбаў не толькі і не столькі пра ўласны дабрабыт. Пры ім у Мінскае сельскагаспадарчае таварыства — адну з найбуйнейшых недзяржаўных арганізацый таго часу — пачалі прымаць і сялян. Буйны памешчык Эдвард Вайніловіч надзвычай спачуваў ім. Да сваёй мары — духоўна адроджанай краіны, матэрыяльнага дастатку яе жыхароў — ён імкнуўся ўсімі сіламі:

«Зерні дабра і праўды, кінутыя нашымі продкамі ў зямлю, узышлі і далі выдатны плён — усеагульны дабрабыт. Зараз здаецца гэта ўсё ясным і простым. Не, панове. Не з лёгкасцю быў дасягнуты такі вынік».

Уладзімір Пуцік:

— Вайніловіч быў суперменеджарам. Ён узначальваў сельскагаспадарчае таварыства, і яно, бясспрэчна, было на высокім узроўні.

У сваіх «Успамінах» Вайніловіч падкрэсліваў, што за 25 гадоў дзейнасці таварыства многае змянілася. З 50—70 членаў у 1876 годзе яно вырасла да 700 чалавек у 1903 годзе. Замест людзей, што ўваходзілі ў таварыства толькі дзеля задавальнення свайго начальства, у арганізацыю прыходзілі тыя, хто прымаў і падзяляў ідэю дзейнасці таварыства і прынцыпы гонару, працы і праўды. У праграмных арыенцірах, згодна са статутам, адзначалася, што яно ствараецца дзеля збліжэння асоб, што займаюцца і цікавяцца сельскай гаспадаркай, дзеля садзеяння поспехам землеўладальніцкай прамысловасці, палёгкі ў збыце прадуктаў сельскай гаспадаркі.

Рабіліся спробы стварыць аддзяленні пры сельскагаспадарчых таварыствах, у якіх маглі прымаць удзел сяляне. Так, у гэты перыяд былі створаны аддзяленні Палескае, Слуцкае, Глускае, Навагрудскае, Бабруйскае, Мазырскае, Барысаўскае і іншыя. Віленскае сельскагаспадарчае таварыства на сваіх пасяджэннях неаднаразова разглядала «пытанні аб арганізацыі ў вёсках сельскагаспадарчых гурткоў, якія павінны быць заняты ў вырашэнні практычных праблем». У 1906 годзе пачалася праца па стварэнні сельскагаспадарчых гурткоў у Віцебскай і Гродзенскай губернях. На думку арганізатараў, яны павінны былі спрыяць уздыму сельскай гаспадаркі праз апеку сялянскіх гаспадарак.

Андрэй Унучак:

— Вайніловіч стварыў таксама таварыства ўзаемнага страхавання. Праз гэту арганізацыю дапамагаў утрымаць зямлю тым, хто мог яе страціць. Таксама з'явілася Клецкая ашчадная каса (або банк). Ён унёс туды шмат сваіх сродкаў. Для таго часу гэта было вельмі незвычайна. Прыязджалі з іншых гарадоў, і нават з Варшавы, каб паглядзець, як працуе Клецкі банк.

Вячаслаў Даніловіч:

— Мэтай Вайніловіча было не атрыманне прыбытку, а развіццё свайго краю, падтрымка іншых гаспадароў.

Уладыслаў Завальнюк:

— З гэтай нагоды варта прыгадаць словы Вайніловіча: «Я хачу, каб наш народ быў дастаткова багаты. Тады ён будзе і шчаслівы».

Вячаслаў Даніловіч:

— Па сутнасці, ён імкнуўся да дзяржавы сацыяльнай справядлівасці, якую мы будуем сёння. Пра гэта кажа і наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. «Спачатку парадак, потым рэформы», — гэта ключавы прынцып.

Ствараць добрую атмасферу

Калі прааналізаваць жыццё і дзейнасць Эдварда Вайніловіча, можна зрабіць выснову, што галоўнае, што ім рухала, — гэта любоў да сваёй краіны і яе людзей. І гэтай любові нам таксама трэба ў яго павучыцца. Вось што ён пісаў пра суседзяў з Варшаўскага генерал-губернатарства, якіх царскі ўрад выселіў у Мінск:

«Яны з уласцівай «караняжам» прэзумпцыяй лічылі сябе прызначанымі кіраваць жыццём нашай старонкі, нягледзячы на тое, што не ведалі яе ўмоў быту і не разумелі пэўных асаблівасцей грамадскага ладу, такога рознага ў Каралеўстве і Міншчыне, дзе вёска звычайна была іншай мовы і іншай веры, чым панскі двор».

Уладыслаў Завальнюк:

— Вайніловіч жыў не сваім часам, а быў чалавекам як бы касмічным. Вельмі важна данесці да людзей дух гэтай унікальнай асобы. Дзеля таго распрацаваны маршрут «Слядамі Вайніловіча». Ён праходзіць праз Савічы, Слуцк, Капыль, Клецк — тыя мясціны, што звязаны з дзейнасцю Вайніловіча. Варта завітаць і ў яго маёнтак у Лапухах, што на Капыльшчыне. Там стаяць старажытныя муры, бачна веліч архітэктуры тых часоў. Усё выглядае досыць імпазантна.

Дарэчы, ёсць намер у Савічах цалкам аднавіць маёнтак Вайніловіча, ад якога на дадзены момант нічога не захавалася, адно старыя ліпы... Адзін прадпрымальнік, родам з Данецка, убачыўшы гэтыя мясціны, пачуўшы іх гісторыю, выказаў жаданне ўсё адрадзіць.

Вячаслаў Даніловіч:

— Той факт, што Эдвард Вайніловіч быў не толькі буйным землеўласнікам, але і чалавекам, які клапаціўся аб развіцці сельскай гаспадаркі на нашых землях, дае падставы арганізаваць, напрыклад, фестываль сельскай гаспадаркі імя Вайніловіча. На ім можна будзе паказваць мясцовыя гаспадаркі — і дзяржаўныя, і фермерскія — іх напрацоўкі на сённяшні дзень. Такая падзея змагла б стаць сапраўдным святам для пэўнага рэгіёна.

Уладыслаў Завальнюк:

— Мы плануем арганізоўваць сустрэчы на радзіме Вайніловіча — Капыльшчыне. Так, у мінулым годзе мясцовыя ўлады, даведаўшыся пра нашу ініцыятыву, адразу падключыліся, спыталі, чым могуць дапамагчы. Мы прапанавалі аднавіць могілкі (бо там ёсць курган Вайніловічаў), сказалі, што хочам, каб побач стаяла два крыжы — праваслаўны і каталіцкі. Неабходныя матэрыялы, сродкі выдзеліў райвыканкам, і ўсё было зроблена акурат так, як планавалася. Здавалася б, дзе той Вайніловіч з яго гісторыяй і дзе сучаснасць?.. Аднак да справы падключылася ўся Капыльшчына — яе жыхары надзвычай адкрытыя, жадаюць працаваць разам з намі. Там таксама зацікаўлены, каб імя Вайніловіча атрымала былое гучанне, каб гэтага чалавека больш ведалі ў Беларусі...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

nina@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.