Вы тут

Няпросты лёс дамы з сабачкам


Неацэнным багаццем для нашай сям'і з'яўляецца фотаздымак, зроблены ў 30-х гадах мінулага стагоддзя ў Вільні. На ім — дама з сабачкам, Марына Ляцягіна (у шлюбе Бялеўская). Мая прапрабабуля нарадзілася ў 1887 годзе ў Санкт-Пецярбургу, у сям'і праваслаўнага святара. У нашай сям'і пануе легенда, што яна з'яўляецца пазашлюбнай дачкой цара Аляксандра ІІ. І той факт, што Марына Якаўлеўна адзіная з усіх сваіх шматлікіх братоў і сясцёр атрымала бліскучую адукацыю, якая аплачвалася з дзяржаўнай казны, не абвяргае наша сямейнае паданне. Яна скончыла Смольны інстытут шляхетных дзяўчат і Вышэйшыя жаночыя курсы ў Пецярбургу. Пасля чаго неўзабаве пазнаёмілася з Леанідам Бялеўскім (мужчына ў цэнтры, мой прапрадзед), за якога і выйшла замуж. Леанід Бялеўскі скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. А паходзіў ён з патомнай дваранскай сям'і. Яго бацька Леў Бялеўскі, тытулярны саветнік, быў Горацкім павятовым маршалкам. У памяць аб ім засталася радавая ікона Ісуса Хрыста, падараваная прапрапрадзеду з надпісам: «Глубокоуважаемому бывшему Господину Председателю Горецкому по крестьянским делам Присутствию Льву Станиславовичу Белевскому от благодарных волостных старшин и писарей Горецкого уезда на добрую память 1889 — 1898 гг.» Леанід Львовіч рана стаў сіратой. У спадчыну ён атрымаў маёнткі Углы і Горкі.

[caption id="attachment_93789" align="alignnone" width="600"]30-6 Ма­ры­на Якаў­леў­на з ма­лень­кі­мі Ге­ор­гі­ем і Але­най.[/caption]

У шлюбе Марыны Якаўлеўны і Леаніда Львовіча было трое дзяцей: дачка Алена (злева ўнізе), сыны Георгій і Леў (уверсе, справа налева). Незадоўга да Першай сусветнай вайны Бялеўскія аселі ў Магілёве (відавочна, наведваючы свае маёнткі), дзе размяшчалася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. І калі царская сям'я прыязджала туды, Георгія запрашалі гуляць з цэсарэвічам Аляксеем. Пасля рэвалюцыі Бялеўскія перабраліся ў Горкі, там жылося спакайней. Яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя там стаяў велізарны драўляны дом незвычайнай канфігурацыі, які вяскоўцы называлі «панскім». Але калі ў 1920 годзе Леанід Львовіч узяўся абараняць на судзе ксяндза, якога абвінавачвалі ў падрыўной дзейнасці супраць савецкай улады, яму выразна далі зразумець, што пойдзе ўслед за ксяндзом, якога, безумоўна, асудзілі. Бялеўскі спешна пераязджае ў Вільню, а жонка з дзецьмі, прыказчыкам і пакаёўкай Поляй — у Мінск. Марына Якаўлеўна была дамай, якая не адставала ад часу і не адмаўляла сваім слабасцям. У Мінску яна прайграла ў карты ўсе свае грошы і каштоўнасці. Прапрадзед у гэты час захварэў на сухоты. І Марына Якаўлеўна нелегальна перабралася да яго.

У Вільні іх чакала бурнае свецкае жыццё. Марына Якаўлеўна стала энергічным членам Праўлення Віленскага рускага таварыства і яго старшынёй, пазней — старшынёй Праваслаўнага дабрачыннага таварыства. З канца 1920-х узначаліла таварыства сяброў рускай гімназіі. Гэта суполка ладзіла літаратурныя вечары, прысвечаныя Цютчаву, Пушкіну, Лермантаву; у сакавіку 1930 года арганізавала вялікі вечар віленскіх паэтаў, які паклаў пачатак Віленскай садружнасці паэтаў. Марына Якаўлеўна супрацоўнічала з газетамі «Виленское утро», «Наше время», «Русское слово», часопісам «Утёс». У 1932 годзе ў свет выходзіць яе кніга «Ставка Верховного Главнокомандующего в Могилёве 1915 — 1918 гг.». У ёй надрукаваны мемуары-ўспаміны, неацэнныя з пункту погляду гісторыі. Не так даўно рэпрынтнае выданне ўспамінаў, куды ўвайшлі яе казкі і апавяданні для дзяцей, атрымала другое жыццё ў прыватным гродзенскім выдавецтве яе праўнука Аляксандра Аляксандравіча Рыжага. З 1934 года Марына Якаўлеўна пачала выдаваць ілюстраваны часопіс «Родное слово». У Вільні ставіліся яе інсцэніроўкі твораў Пушкіна, Жукоўскага. Леанід Львовіч не адставаў ад сваёй жонкі і таксама займаў актыўную грамадскую пазіцыю. Бялеўскі выконваў абавязкі дырэктара семінарыі і дырэктара гімназіі Віленскага рускага таварыства, яе скончылі ўсе яго дзеці. У пачатку 1930-х — лектар рускай мовы ў Інстытуце вывучэння Усходняй Еўропы, затым — старшыня культурна-асветніцкай камісіі Савета Саюза рускіх меншасных арганізацый у Польшчы. Быў старшынёй Пушкінскага камітэта ў Вільні, друкаваўся ў газеце «Наше время» і часопісе «Родное слово». Так добра пачатая асветніцкая дзейнасць павінна была скончыцца з прыходам савецкай улады ў Вільню.

[caption id="attachment_93790" align="alignnone" width="600"]30-7 У той мо­мант, ка­лі ра­біў­ся зды­мак, гэ­тая шчас­лі­вая сям'я на­ват не зда­гад­ва­ла­ся, коль­кі го­ра іх ча­кае на­пе­ра­дзе.[/caption]

 

У інтэрнэце падаюцца звесткі, што Марына Якаўлеўна з Леанідам Львовічам загінулі пры бамбардзіроўцы. Але гэта не так. У 1939 годзе прапрабабуля была арыштавана і адпраўлена на цягніку ў невядомым напрамку. Праязджаючы праз Маладзечна, дзе абаснаваўся яе старэйшы сын Георгій, яна крычала: «Перадайце Бялеўскаму, што маці вывозяць невядома куды». Леанід Львовіч у 1939 годзе быў расстраляны без суда і следства ў Лукішскай турме ў Вільні. Дачка Алена, пазнаёміўшыся з Аляксандрам Васільевічам Рыжым, студэнтам Віленскага ўніверсітэта (уверсе злева), пераехала на радзіму да мужа (хутар Тарасаўка Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці), дзе і пражыла да дня сваёй смерці ў 1995 годзе. Нарадзіла і выхавала сямёра дзяцей (я ўнучка іх дачкі Яўгеніі). Старэйшы сын Георгій стаў адвакатам, як і яго бацька, і абаснаваўся ў Маладзечне. Малодшы Леў быў прызваны ў Польскую Армію і загінуў у час баявых дзеянняў з Чырвонай Арміяй.

[caption id="attachment_93791" align="alignnone" width="600"]30-8 «Мая пра­пра­ба­бу­ля скон­чы­ла ін­сты­тут шля­хет­ных дзяў­чат» (зды­мак 1898 го­да).[/caption]

Шчасліва паглядаюць на мяне мае продкі са старога фотаздымка. Яшчэ не ведаюць яны, колькі гора будзе ў іх наперадзе. Проста сабраліся разам, каб зрабіць фотакартку на памяць. Тут яны назаўсёды застануцца прыгожымі, вясёлымі, некранутымі часам. І якія падзеі ні адбываліся б у будучыні, у гэтае імгненне яны вечныя і заўсёды будуць жыць у маёй памяці.

Я вучуся ў 11 класе. Мару стаць журналісткай, ступаючы па кроках маёй прапрабабулі. Вельмі ганаруся сваімі продкамі і стараюся быць вартай іх добрага імя, каб там, на Небе, яны маглі ганарыцца мной.

Ганна ВАРОНКА

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры) дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск,
вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, або іnfo@zvyazda.mіnsk.by. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны прызам. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.